Сучасныя праблемы у творчасці Пімена Панчанкі
Пімен Панчанка не баіцца звяртацца да самых вострых праблем сучаснасці. Пры гэтым ён не проста выкрывае недахопы, а імкнецца дабрацца да іх вытокаў, каранёў. У вершы «Ратуйце нашы душы!» паэт б'е ў званы, бо «амаль што гіне пакаленне, а сэрцы раўнадушныя маўчаць.»
Панчанка выкрывае бессэнсоўнасць існавання моладзі, адсутнасць ідэалаў, схільнасць да нізкапробнай культуры і шкодных звычак. Але паэт не толькі некага абвінавачвае, ён адчувае і сваю асабістую адказнасць за гэтае пакаленне:
Вы — юныя, разгубленыя ў свеце,
Загубленыя сферой і маной,
Вы Богам недагледжаныя дзеці
I вашымі бацькамі ды і мной.
Паэт ведае, што толькі агульныя намаганні, цяжкая паўсядзённая праца могуць дапамагчы маладому пакаленню трывала стаць на ногі:
Ад заклікаў паветра зноў трасецца...
Але, каб выбраць лепшую з дарог,
Патрэбна мудрасць працы
Нашых сэрцаў;
Патрэбны маці, бацька, педагог.
Паэт ніколі не пісаў вершаў дзеля таго, каб толькі паказаць свае паэтычнае майстэрства. Ён пільна ўглядаўся ў жыццё і пісаў пра тое, што сапраўды яго хвалявала. Таму паэзія Пімена Панчанкі заўсёды была актуальнай, сугучнай часу. «Любоў да жыцця — ва ўсіх яго праявах — вось што ў вышэйшай ступені ўласціва П. Панчанку і яго востраадчувальнаму радку», — пісаў крытык У. Гніламёдаў.