Асноўныя матывы паэзіі Пімена Панчанкі
Паэзія Пімена Панчанкі часцей за ўсё пахмурная, нярадасная. Асабліва такой была яна ў гады вайны, калі паэт назіраў, як закрывалі «дашчанымі пальцамі» вокны хаты, каб не бачыць сваіх сыноў, якія адкочваюцца на Усход пад націскам ворага, як расстрэльвалі чужынцы на нейтральнай паласе коней — саму прыгажосць, радасць і вернасць («Коні»), як вымушаны быў чуць голас пакінутай роднай зямлі воін, калі пакідаў яе і не ведаў, ці вернецца назад («Кожны з нас прыпасае Радзімы куток...»). Балючай была яна і ў 1943 годзе, калі пісаўся верш «Дзеці вайны» — пра тых, хто «вырас пад гарматнымі стваламі» і, прачнуўшыся аднойчы пасля вайны ў цішыне, не адразу зразумее, што ёсць на зямлі іншае, не жахлівае, не страшэннае, мірнае жыццё («Ім здасца самалётам першы бусел»).
Са свайго балючага настрою не выйдзе на прастор гучнай радасці Пімен Панчанка і пазней. Ён востра адчуе, падобна маленькай лясной птушцы сойцы, што парушаецца раўнавага паміж чалавекам і прыродай, пачне папярэджваць людзей, што набліжаецца пагроза самазнішчэння (зборнік «Крык сойкі»), што можа так здарыцца, што адбудзецца «спусташэнне лесу і вады». Яно, на жаль, адбылося. I, магчыма, здарыцца прарочае Танкава: людзі некалі будуць слухаць птушыныя галасы, запісаныя на магнітафонную плёнку. Ужо слухаюць! Збылося і такое самае панчанкаўскае прароцтва: даўно ўжо прыгарадныя, асабліва калямінскія, лясы стаяць, «як бежанцы у пагарэлым дыме». Гытыя радкі паэта пра адказнасць тых, хто жыве сёння, перад нашчадкамі. Людзі сёння захапляюцца, як і раней, дасягненнямі навукова-тэхнічнай рэвалюцыі, вычэрпваюць дзеля часовага матэрыяльнага ўзбагачэння прыродныя рэсурсы, няўважліва і раўнадушна ставяцца да прыроды. Падобныя дзеянні могуць прывесці да трагічных вынікаў:
Падумайце, падзякай ці праклёнам
Адкажуць нам наступныя гады
За рафінадны бляск мікрараёнаў,
За спуташэнне лесу і вады.
I гэтыя прарочыя словы паэта здзяйсняюцца. Чалавеку, тэхнічна ўзброенаму, дапамагае давяршыць пачатую справу парушэння раўнавагі на зямлі Чарнобыль — сімвал канчатковага спусташэння і прыроды, і людскіх душ.
Няма спакою Панчанку і пазней: ён убачыў, што на змену спусташэнню прыроды прыходзіць выкліканы ім працэс спусташэння чалавечых душ. А гэта — не меншае зло, гэта — канец усяму. Спустошаны духоўна чалавек не спыніцца ні перад якімі злачынствамі. Яму не забаліць сэрца за тое, што згасае васілёк у жыце. Ды і само жыта яго не зацікавіць: кінутае ў зямлю не яго, а машыннай рукой, машынай і выберацца, вымалаціцца. Спустошанаму чалавеку абыякавы лёс «зерня і дзіцяці». Ён не пачуе, як крычыць-лемантуе чалавек у бядзе і не паспрабуе да таго «хутчэй за гора, Хоць на дзве хвіліны, зазірнуць». У зборніках паэзіі «Маўклівая малітва», «I вера. I вернасць. I вечнасць», «Горкі жолуд», «Высокі бераг» мастак паглыбляе трагедыйныя высновы сваёй творчасці, абараняе больш актыўна чалавечае ў чалавеку.
Верш «На схіле веку» — пра нас з вамі. Пра схіл трывожнага 20-га стагоддзя. Пра сітуацыю, калі не разбярэшся, «Дзе там па-старому б’юць людзей, Дзе катуюць на ўзроўні века». Пра тое (горкі вывад!), што «ўсё радзей Радасць ахінае чалавека».
Паэт-трыбун, грамадзянін, публіцыст у апошнія тры дзесяцігоддзі (ён не адмаўляе, што яму імпануе перш за ўсё адкрытая грамадзянская лірыка), Пімен Панчанка патрывожыў «прайдзісветаў і тарбахватаў», што карыстаюцца чалавечай дабратой. Яму не да спадобы кабінетныя чыноўнікі, адарваныя ад народа, здольныя толькі мяняць біркі на крэслах ды перастаўляць сталы («Кабінеты»). Ён не змог, на жаль, убачыць нашага агульнага ворага — таталітарызм, але ўказаў на асобныя праявы зла, выкрыў, як мог, недахопы дэфармаванага грамадства. Асабліва яскрава гэта паказваецца ў паэме «Ратуйце нашы душы» і вершы «Развітанне».
У паэме «Ратуйце нашы душы» паэт выкрывае сябе і сваё пакаленне за ману, якой жыў ён сам і яно, за фальшывасць лозунгаў, якім служылі старэйшыя. Яму хочацца папярэдзіць маладое пакаленне ад яшчэ большага маральнага падзення. У гэтым творы паэт пакаяўся ў зробленым зле, выкрыў сваё і чужое двудушша. Гэта подзвіг, на які не многія здольныя.
Верш «Развітанне» — рэквіем па роднай мове, якая аджывае. А калі яна аджыве — нішто ўжо нам не дапаможа выжыць як народу. Хіба гэта няпраўда? I хіба тыя, хто папракаў Панчанку ў песімізме і ў іншых грахах, не бачаць, не адчуваюць праўду паэта сягоння? Мова наша знікае.
Панчанка заклапочаны маральным здароўем беларусаў. Таму ён — адзін з самых трагедыйных паэтаў сучаснасці. Са сваім «адкрытым», публіцыстычным стылем. Са сваім дольнікам — прамежкавай вершаванай сістэмай паміж сілабатонікай і тонікай, што дае яму магчымасць «прагаворваць» свае вершы, а не спяваць іх аднатонна, аднастайна. Са сваім уменнем лозунг, заклік зрабіць мастацкім вобразам («Я са свайго народа не выходзіў I буду жыць да скону у народзе»; «Мне сорамна народ агітаваць, Каб людзі больш і больш штодня рабілі»). Але у душы ён добры і шчыры. Толькі знешне ды ў публіцыстычных творах ён нейкі суровы.
Бескампрамісны і непадступны. А так... Ды мяркуйце самі. Узбекістан ці іншая сярэднеазіяцкая савецкая рэспубліка. Урачыстасць, на якую запрошаны пісьменнікі з усяго Саюза. Традыцыйны велічна-паказальны цырыманіял (час застойны!). Усё ідзе па запланаваным раней сцэнарыі. Адладжана. Звыкла. Даўно падрыхтаваныя аратары, выступоўцы выказваюць удзячнасць кіраўніцтву. Пісьменнікаў многа, таму кожны чытае адзін-два, не болей вершы. Піянерыя ў чырвоных гальштуках. Ну і што, скажаце вы? Звычайная сцэна, якія і сёння частыя ў культурным жыцці краіны. Але суровы Панчанка ў канцы верша робіць паварот у бок канцэнтрацыі гуманістычнага зместу, заўважае тое, чаго не заўважылі яго калегі, усе ўдзельнікі ўрачыстай сустрэчы. У баку ад святочнага натоўпу стаіць адна-аднюсенькая, тоненькая, празрыстая ў сваім вялікім горы дзяўчынка. Стаіць і плача. Да яе скіраваў крокі паэт. Даведаўся, што арганізатары ўрачыстасці не дазволілі ёй прысутнічаць па нейкай правіннасці. Ён супакойвае малечу. Перадае сувенір. I тая, незвычайна расчуленая, перадае яму свой запэцканы чарнілам гальштук. Прыкладна так разгортваюцца падзеі ў творы паэта, які па праву можна лічыць паэмай педагагічнай, вартай многіх кніжак пра выхаванне. Выхаванне дабратой, чалавечнасцю абвяшчае мастак і тым самым абвяргае акадэмічную педагогіку, што выпрацавала дыдактыку, яе асноўныя прынцыпы, ды забылася на тое, што ў асново любой дыдактыкі ляжаць ідэі гуманізму, чалавечнасці. Верш заканчваецца радкамі, якія нельга забыць:
З той пары трывожна паглядаю
На дзяцей, адціснутых убок.
Пімен Панчанка — выдатны паэт, які верыць сам у тое, што вечным з'яўляецца толькі чалавечнае. I нас пераконвае ў гэтым радкамі сваіх выдатных твораў.