Белорусские сочинения - Пімен Панчанка - Аналіз верша Пімена Панчанкі "Краіна мая"

Аналіз верша Пімена Панчанкі "Краіна мая"

Верш «Краіна мая» — адзін з лепшых твораў ваеннай пары пра вайну ў савецкай літаратуры. Напісаны ён быў паміж баямі ў 1942 годзе, калі страчвалася вартасць агульнапубліцыстычнай, абстрактна-заклікавай, плакатнай паэзіі.

Прытаміліся салдаты на вайне. Засумавалі па сваёй роднай старонцы, сям'і, пасаджаным каля хаты клёне, па маці і іншых блізкіх і родных. Верш «Краіна мая» — плач па пакінутым родным краі. Падобны на плач Яраслаўны з «Слова аб паходзе Ігаравым». Падобны на многія іншыя творы такога жанру сусветнай літаратуры. У свядомасці ваяра край гэты сатканы з многіх рысак — абрысаў ніў і гаёў, птушак і клёнаў, жытоў і агнёў зарніц, калючага іржышча і камянёў, сонца, матчынага хлеба і, нарэшце, гаючай «вады з прыдарожнага ручая», якая была «саладзей за мёд нам». Цэнтральныя з гэтых усіх рысачак-вобразаў — вобразы нівы, матчынага хлеба і сонца. Параўнаем з Танкавымі з кнігі «Збор калосся»: там таксама цэнтральныя вобразы сонца, хлеба і нівы, як і ў творчасці гэтага паэта ў цэлым. Сімвалічнае супадзенне! Можа, выпадковае? Не, не выпадковае. Па-першае, уся беларуская паэзія прасякнута культам нівы, хлеба, працы. Гэта паэзія сейбітаў і аратых, а не ваяроў. У вайну чаканне сяўбы нашымі салдатамі стала невыносным. Усе паэты на розныя лады перадавалі працэс чакання перамогі над ворагамі салдатаў і вяртання да мірнай працы, да сяўбы. П. Броўка («Будзем сеяць, беларусы, На ўсход сонца чыстым зернем»), Я. Купала («Засеем край наш, адбудуем»). Літаратура ваеннай пары, таксама і ў асобе Панчанкі, адчула, што страціла чалавечнасць, калі захапілася гераізацыяй велічнага подзвігу народа, забылася на тое, што воін беларускі — сейбіт у душы, што яму чужы сілавы спосаб вырашэння канфліктаў.

Пімен Панчанка зразумеў глабальную задачу літаратуры ваеннай пары. Але гэтага было мала. Трэба было ўдыхнуць душу ў традыцыйныя выявы і абрысы роднага краю, ачалавечыць іх. I ён гэта зрабіў. Зрабіў ужо першым удалым ходам, калі назваў Радзіму не Маці, не Каханай, а вельмі светла і празрыста, сардэчна. Так, як ніхто да яго не называў, — «радасць мая, песня мая маладая». Адкідае сцёрты вобраз-штамп і заменьвае новым, да гэтага нікім не чапаным. Мастацкае адкрыццё адбываецца на нашых вачах! Але гэта яшчэ не ўсё. Чаму ж паэт называе сваю радзіму песняй маладой? Загадка? Не, ніякай загадкі няма. Аўтар палічыў гады даваеннага існавання і краіны, і сваё — равесніка 1917 года: дваццаць пяць, пара маладосці. I хай там усяго было, але не пабольшыш гады. Іх столькі. I вось страшэнны вораг хоча заваяваць такую маладую, толькі-толькі народжаную радзіму. Скарыць разам з ёй і яго, летуценніка, рамантыка.

У наступных строфах раскрываецца цяжкасць стратаў, паказваецца, як жывую істоту пазбаўляюць чужынцы свабоды. Выдатны лірычны вобраз у гэтай трагедыйнай частцы — вобраз «агня зарніц», які «на дне азёр дагарае». Не меншай сілай валодае і вобраз прыдарожнага ручая, з якога шлі спадарожнікі самую салодкую ў свеце ваду. У промнях гэтых светлых вобразаў паўстае і вобраз лірычнага героя верша, у сэрца якога запалі найдрабнейшыя рысы партрэта Радзімы.

У канцы верша інтанацыя мяняецца. Мы чуем ужо гняўлівы голас аўтара, які абураецца тым, што здарылася, клянецца ў вернасці краю: «Ні славы, ні скарбаў я не хачу, Мне б толькі прыйсці непрыкметна, Зямлю сваю пад нагамі адчуць, Надыхацца родным паветрам».