Свет родны і блізкі: лірыка Генадзя Пашкова
Генадзь Пашкоў уваходзіў у літаратуру пасля пакалення шасцідзясятнікаў. Нягледзячы на неспрыяльныя грамадска-сацыяльныя ўмовы, і пакаленне сямідзясятнікаў верыла ў гармонію, у сілу праўды, спадзявалася на іх перамогу. Вера ў цуд перамен суправаджала яго прадстаўнікоў з матчынай калыскі, вяла з матчынай хаты, «ад родных ніў» на шырокія «прасторы жыцця». Таму вызначальнай і становіцца для іх чуццё малой радзімы, з якой пачынаецца вялікая, вобраз якой для іх неаддзельны ад вобраза роднай матулі. Пра гэта адзін з першых вершаў паэта, які адкрывае зборнік «Журавінавы востраў» ( 1998 ), — «Зямля мая...». Ён увесь трымаецца на глыбокім, светлым пачуцці любові да малой-вялікай Радзімы і годна завяршаецца параўнаннем яе рук (сама сабой яскравая метафара!) з матчынымі рукамі. А ў пачатку родны край уяўляецца мастаку слова ў абліччы «зялёнай расінкі», «агучваецца» вобразам «світальнай галінкі», якая «пчалой гудзе». Да таго ж перадаецца і «пахавае адчуванне» — «пахне дзень праталінай лясной». Настрой паэта рамантычна-ўзнёслы. Прырода жывая, абуджаная ад сну, рухомая.
Пазней кола тэм у творчасці Г. Пашкова пашырыцца: з’явяцца вершы і паэмы пра замежжа («Партрэт Скарыны ў Падуі», «Дарога ў Татры», «Яблыкі Шолахава», «У Міхайлаўскім дождж» і інш.), роздумы пралёс Зямлі і зямлян, які можа скласціся так, як склаўся лёс Пампеі (паэма «Дзяўчынка з блакітным мячыкам»), вершы памяці пра мінулую і магчымыя новыя войны («Брат і сястра», «Па праву жывога», паэма «Трывога»), пра адмоўны ўплыў навукова-тэхнічнай рэвалюцыі на лёс зямлі і людскія лёсы (трыпціх «Званы юнацтва», вершы «Мерайцеся, людзі, на лясы...», паэма «На ласіных картах»), пра Чарнобыль. Горкая, балючая апошняя тэма літаральна «скрозь слёзы» гучыць у вершы «На мазырскіх узвышшах», які «распадаецца» на светлую (так было і так будзе — спадзяецца паэт) і змрочную частку, калі апісанне велічнай прыгажосці і вечнага жыцця, крыху падсвечанае «смуткам светлым у сэрцы», пера-пыняецца — гэта ў гарманічны малюнак урываецца трывожны подых чарнобыльскай трагедыі. Голас аўтара сцінаецца ад болю, бо атрутная эпоха скавала жыццё, змярцвіла яго дыханне, нібы прыпыніла яго рух: «У прастору дыхнуў // век нязнанай атрутай».
У канцоўцы твора бачым апазіцыю святла і змроку, сумнай песні і чыстага блакіту. Гэта апазіцыя-супрацьпастаўленне сыходзіцца нават на адным прадмеце, адным вобразе-рэаліі. Заўважым, паэт просіць Прыпяць загайдаць яго чаратамі і «лёгкім голлем трывожных ракіт». Боль, смутак і вера, надзея, здзіўленне, радасць стаяць побач, аднак, па ўсім відаць, надзея і вера ў гармонію і святло перамагаюць і канцэнтруюцца ў вобразе «чысты блакіт». Не проста блакіт, а менавіта чысты блакіт паўстаў над сумнай песняй.
Рамантычны настрой асабліва выразна выяўляецца ў вершах пра родны край, малую радзіму, з якой (лічыць паэт) пачынаецца ўсё. Гэтае тэматычнае «ядро» з’яўляецца непарушным ва ўсім працягу яго мастацкай творчасці.
У вершы «Жураўліная пара» гэта і назва твора, і, можа, ці не адзінкавая назва рэха белагрудым у нашай нацыянальнай літаратуры. Неяк добра, гарманічна ўпісваецца ў сэнсавы кантэкст выраз «на зломе саспелага лета», а ў ім эпітэт, характэрны позняму, пераходнаму ад лета да восені перыяду. У кантэксце з метафарамі эпітэты ў гэтым вершы ствараюць шматколерны, шматгалосы, цэласны малюнак лета: «белагрудае рэха звініць у апалай расе»; «3 журавінамі звонкімі ў ранішняй іх мураве», «жураўліная песня... спее на купах», «і калінавай гронкай // спее дзень у мяне на плячы».
I ў пазнейшых творах, датаваных 80 - 90-мі гадамі XX стагоддзя, паэт будзе захапляцца малой радзімай, яе рознымі куткамі, блізкімі яго сэрцу краявідамі, дзе «коцікі спяць на вярбе, // поўныя сонца і ласкі» і «звонкім вяшчункам жыцця //сочыцца светла жывіца» («Гэтаму будзе працяг», 1990 ). Паэт і іншыя рэаліі жыцця (хоць бы тую ж «дзядамі збудаваную хату») упісвае ў гарманічны свет прыроды: яна стаіць «пад навіссю бухматых арабін, // у траўным і шыпшынавым падворку» («Хата», 1988 ). Нязменнай застанецца шчырая любоў да Радзімы, нязгасным — пачуццё адказнасці за яе лёс. Па-ранейшаму пісьмо будзе яркім, экзатычным, незвычайным, узнёслым.
Грамадзянскі і інтымна-лірычны пачаткі паядноўваюцца ў вершах паэта-рамантыка пра лёс пакалення і асабісты, пра сэнс жыцця, ва ўспамінах пра мінулае і спробах прадбачыць будучыню. Такіх (на вечную тэматыку) твораў пабольшала ў кнігах паэта «Журавінавы востраў» ( 1998 ) і «Тваім святлом благаславёны» (2006). У зборніку «Тваім святлом благаславёны» першы раздзел — «Поле любові» — складаецца з дзевяноста вершаў пра каханне — светлае, чыстае, незахмаранае, як у пушкінскім шэдэўры «Я помню дзіўнае імгненне...». Каханая паўстае ў творах паэта багіняй, нагадвае Купалаву ўвенчаную каронай, падобную да сонца, жняю («Багіня»), надзеяй і «радасцю найпершай» («Найпершая»), прыгажуняй рабінай («Пасля начнога снегападу...»), «сінічкай і жураўкай» у пяшчотнай руцэ паэта («3 табою першы снегапад...»), «светлай, як сонейка», «дыяментам палескае зямлі» («Дыямент палескае зямлі»). Але найвыразней сваё светлае пачуццё паэт выказаў каханай вершам «Назвала халодным і ціхім...», у якім (як ніхто з паэтаў) шаснаццаццю параўнаннямі яе ахарактарызаваў. Кожнае з гэтых параўнанняў — арыгінальнае, непаўторнае, сведчыць пра чысціню і дабрыню паэтавых адносін да жанчыны. Амаль кожнае «падмацавана» арыгінальнымі аўтарскімі эпітэтамі, сярод якіх вылучаюцца рамантычнай узнёсласцю, экспрэсіўнасцю чатыры: ветравой сасонкаю, крамянай журавінкаю, праменнаю расінкаю, мёдагалосай пчолкай. Два апошнія можна лічыць наватворамі. Верш напісаны на ад ным дыханні, складаецца з двух сказаў. Прыёмам паўтораў дасягаецца высокі эмацыянальны напал твора.
Генадзь Пашкоў — паэт-рамантык, творчасць якога выхоўвае ў нас лепшыя чалавечыя пачуцці, дорыць нам радасць судакранання з сапраўднай прыгажосцю.