Белорусские сочинения - Генадзь Пашкоў - Генадзь Пашкоў. Аналіз творчасці

Генадзь Пашкоў. Аналіз творчасці

Генадзь Пятровіч Пашкоў нарадзіўся 23 сакавіка 1948 г. у вёсцы Малыя Ліпавічы Чашніцкага раёна на Віцебшчыне ў сям'і служачыХ. Неўзабаве, на пачатку пяцідзесятых, сям'я пераехала на сталае месцажыхарства на Гродзеншчыну, таму дзяцінства, а пасля, па сутнасці, і ўсё юнацтва адзвінелі на смаргонскай зямлі (на сутыку з Вілейшчынай і Мядзельшчынай), на зялёным, у рабінавым атачэнні хутарку паблізу вёскі Войстам. Якраз педагагічная спецыяльнасць маці і стала прычынай пераезду сям'і на новае месцажыхарства, бо шмат якіх спецыялістаў у той час накіроўвалі ў заходнія раёны дапамагаць хутчэйшаму іх уздыму і цяснейшаму аб'яднанню з рэгіёнамі ўсходнімі. Жылі Пашковы як бы наводшыбе: паміж дзвюх вёсак. Маці працавала не ў той школе, дзе вучыўся сын, а ў васьмігодцы за сем кіламетраў, хадзіла туды і назад пешшу. I хлопчыку часта даводзілася быць аднаму — сам-насам з кнігамі. Г. Пашкоў уваходзіў у свет са сціплай хаткі, вакол якой заўсёды летам шумела, як мора, жыта, раслі ясень і гнуткія рабінкі. Войстам, дзе жыў і вучыўся паэт, мае сівую гісторыю, прычым пра вельмі даўняе яго паходжанне сведчыць гарадзішча сёмага стагоддзя да нашай эры. Бацьку Г. Пашкова, Пятра Трафімавіча, мужыка з моцнага і разумнага роду, скрышыла вайна, ён цяжка хварэў і найчасцей ляжаў па шпіталях. Маці, Марыі Харытонаўне, выпаў цяжкі лёс: за вайну страціла двух малалетніх дзетак, у трыццаць з нечым гадоў стала ўдавой і адна падымала, ставіла на крыло траіх дзяцей. Выхоўвала іх сумленнымі людзьмі, якія чужы боль успрымалі душою.

Дзесьці ў шасцідзесятыя гады, калі амерыканцы палілі напалмам в'етнамскія джунглі, дзевяцікласнік Г. Пашкоў надумаў падацца ў добраахвотнікі, старанна напісаўшы на імя раённага ваенкома заяву-просьбу паслаць на дапамогу сяброўскаму народу. Агледзеўшы яго з ног да галавы і насмешліва чмыхнуўшы, маёр параіў закончыць інстытут. Апошнія словы, як кіпенем, ашпарылі, бо ў будучым «добраахвотнік» бачыў сябе выключна вайскоўцам. Праўда, было ў юнака і захапленне словам: ён друкаваў свае допісы ў раённай газеце «Светлы шлях». Напачатку — празаічныя, пасля — вершаваныя. Вершы пачаў пісаць, як прызнаецца сам творца, ужо добра начытаўшыся. Садзейнічаў жаданню пісаць прыклад здольнага паэта Івана Станкевіча, які вучыўся ў адной школе з ім і паступіў на філалагічны факультэт. У 1966 г. Г. Пашкоў скончыў Войстамскую сярэднюю школу і таксама стаў студэнтам Беларускага дзяржаўнага універсітэта.

Генадзь Пашкоў — паэт-«сямідзесятнік», прадстаўнік пакалення, якое часам незаслужана папракаюць за нязначнасць мастацкіх адкрыццяў, за сузіральна-краявідную апісальнасць, быццам не ў час выкрасанае трапяткое слоўца. А між тым паэзія-берагіня адорвала яго цудатворным уменнем слухаць зямлю, з глыбінных нетраў якой нашэптавалася невытлумачальная ўлюбёнасць да гаючай празрыстай кроплі кляновіка, да гравюр дарог, да медунічных вятроў, да журавінавага вострава, да светлай журбы радзімай зямелькі.

Г. Пашкоў — творца ад зямлі, і зямное прыцяжэнне — бадай, адна з вызначальных катэгорый паэтавага мыслення, паэтавай споведзі. Звабнае спасціжэнне зямнога паўшэпту чуецца яму ля Чашнікаў, дзе нарадзіўся; ля Смаргоні, дзе вырас; чуецца і на Палессі, дзе не адну сотню кіламетраў прайшоў на вёслах па Гарыні і Прыпяці.

Першыя вершы паэта пабачылі свет у калектыўным зборніку маладых універсітэцкіх паэтаў «Узлёт» (1967). Студэнцкія гады былі вясёлыя: з паездкай на цаліну, з цікавай практыкай у газетах, на радыё. Тады ўпершыню сутыкнуўся з бюракратыяй, з яе вечным імкненнем навязаць журналісту, як і пра што трэба пісаць. У 1971 г. скончыў факультэт журналістыкі, ужо стала працуючы ў рэдакцыі літаратурна-драматычных перадач для дзяцей і юнацтва Рэспубліканскага радыё.

Па збегу акалічнасцей у адзін і той жа жнівеньскі дзень 1972 г. атрымаў адразу два запрашэнні на працу — у рэдакцыю часопіса «Полымя» і ў штотыднёвік «Літаратура і мастацтва». Абраўшы «Полымя», працаваў літаратурным супрацоўнікам на два аддзелы — паэзіі, які ўзначальваў Анатоль Вялюгін, і нарыса з публіцыстыкай — на чале з Іванам Чыгрынавым. Выконваючы даручэнне галоўнага рэдактара Кастуся Кірэенкі «падняць» рабочую тэматыку ў часопісе, надрукаваў шэраг нарысаў, якія пасля склалі кнігу «Будзень як свята» (1977). Праўда, дэбютаваў у літаратуры Г. Пашкоў усё ж кнігай паэзіі «Кляновік» (1975). У 1979 г. ён стаў намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», а ў канцы 80-х гадоў быў абраны сакратаром партыйнай арганізацыі Саюза пісьменнікаў, не пакідаючы пасады ў «Полымі». З 1989 г. працаваў кансультантам гуманітарнага аддзела ў апараце ЦК КПБ. Як вядома, гэта быў час крутой раскруткі «перабудовы», і пісьменніцкая арганізацыя настойліва ўцягвалася ў палітычны вір. «Часта мы самі таго не заўважаючы, пілавалі сук, на якім утульна сядзелі. Колькі вылілі слоў, колькі энергіі перакіпела! — успамінае Генадзь Пятровіч. — Ёсць што ўзважыць, ёсць пра што згадаць, і ў гэтым сэнсе я нават удзячны лёсу, што са жніўня 1989 г. па жнівень 1991 апынуўся на караблі, які цярпеў крушэнне. I нават у якасці сціплага кансультанта гуманітарнага аддзела ЦК КПБ я меў магчымасць больш выразна адчуць некаторыя з'явы той пары, убачыць пэўныя сістэмы іх, распазнаць канкрэтных выканаўцаў».

З лютага 1996 г. Г. Пашкоў — галоўны рэдактар выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя», а перад тым быў намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Тэатральная Беларусь», рэдагаваў недзяржаўную «Цэнтральную газету». Падрыхтоўка фундаментальных энцыклапедычных і даведачных выданняў, якія разлічаны на дзесяцігоддзі і не могуць паддавацца хутказменнай кан'юнктуры часу, цалкам ахапіла яго. Па сутнасці, побач з творчасцю гэтая праца стала асноўным сэнсам яго жыцця. Нягледзячы на вялікую адміністрацыйна-службовую занятасць, Генадзь Пашкоў актыўна працуе на творчай ніве. Апроч ужо згаданых паэтычнай кнігі «Кляновік», зборніка нарысаў «Будзень як свята», яго пяру належыць шэраг высокамастацкіх кніг самага рознага жанравага дыяпазону: «Дыстанцыя небяспекі» (1979), «Гравюры дарог» (1981), «Зямлю слухаю» (1983), «Маналог на кастрышчы» (1986), «Крокі» (1988), «Люблю, спадзяюся, жыву...» (1990), «Журавінавы востраў» (1998), «Палескія вандроўнікі» (1998). Выйшлі таксама зборнікі паэзіі для дзяцей «Дзяўчынка з блакітным мячыкам» (1986), «Пціч» (1991), «Зорнае поле» (1999). Ён адзін з аўтараў дакументальнага фільма «Я зямлю люблю так...»

За паэтычныя кнігі «Красный жаворонок» (1977) і «Дыстанцыя небяспекі» (1979) яму прысуджана прэмія Ленінскага камсамола Беларусі (1980). У 1998 г. стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь.

У свой час, прадстаўляючы Г. Пашкова чытачам «Комсомольской правды», народны паэт Беларусі Пімен Панчанка падкрэсліў, што «ён увайшоў у беларускую паэзію молада і ўпэўнена. Усе заўважылі яго звонкі, чысты голас, поўны захаплення цяжкім і складаным, але такім цудоўным жыццём». I сапраўды, молада-акрылена заявіў пра сябе Г. Пашкоў першай паэтычнай кнігай з мілагучнай, салодкай назвай «Кляновік». Маладога аўтара ўжо тады захапляла непаўторная прыгажосць роднай прыроды, у вершах адчувалася пэўная ўсхваляванасць за цішыню, якая дрыжыць павуцінкай, здзіўленне ад васілька, які «над галавой бязвоблачным гайдаўся небам» і «мільярдам сонечных расінак сінее ў жыце».

«Кляновік» акрэсліў вызначальны вобраз паэтавага мыслення — вобраз зямлі. Паэт пачынаў з традыцыйнай манеры пісьма, са знаёмага з дзяцінства багатага рэчыўнага свету: «Задумліва прыціхлі хаты, // трымаючы слупы дамоў», «пявун крылом дрымоту сіпла выцяў»; з пачуццёва-асабістага: парэпінкі на матчыным твары ды запамінальны пах бацькавай салдацкай гімнасцёркі; з дасціпна-назіральнага: «дзе ручаінка // на глыбокім донцы // хавае кветкі сонечны спакой». Але ўсё ж невытлумачальнае зямное прыцяжэнне акрыляла яго думку, умацоўвала пачуццё вернасці і адказнасці. I як трэба было па-сапраўднаму адчуваць жывоероднае, каб так упэўнена, нават напорыста, праграмна сцвердзіць сваю жыццёвую заручонасць з «зямлёй маёй, зялёнаю расінкай», дзе ў слове «маёй» прачытаецца глыбокая адказнасць за роднасць і жыццё. Беражліва збіраючы шматфарбныя колеры і шматгалосыя гукі, паэт, акрылены вясной, чуе — «пчалой гудзе // світальная галінка // і пахне // праталінай лясной». Бо ў ёй — зямлі — існае і крэўнае, плоцевае і ўзвышанае, трывушчае і спадчыннае. Бо не забыць, што «бацька // з прагай зямною // хацеў перад боем жыць» («Пачатак»). Таму Г. Пашкоў напаўшэптам спавядальна, урачыста-свята прызнаецца ва ўлюбёнасці, у непарушнай знітаванасці з зямлёй-маці:



Да кожнай тканачкі

я твой.

Твой боль — мой боль,

сухмень ці лівень.

Прашу цябе, зямля,

дазволь

быць каласком

у роднай ніве.



Зборнік «Кляновік» стаў вызначальным у будучай творчай эвалюцыі. Схільнасць да лірычна-маляўнічага жывапісу, ахутаная асаблівай сыноўняй, грамадзянска-гаспадарскай заклапочанасцю за лёс зямлі, «зялёнай расінкі», — апазнавальнае ў мастацкім почырку Г. Пашкова. Ён «спрабуе слова і на «смак» гучання, і на яго зрокавы эфект», — пісаў К. Камейша. Услед за сваім калегам па пяры паэтэса Т. Бондар заўважыла: «Калі ў паэзіі Яўгеніі Янішчыц мяккі лірызм узяты ад фальклору, ад народнай песні, і вечную прагу паўнаты жыцця спалучае вострая, часам проста колкая ў сваёй незаспакоенасці думка, то Раісу Баравікову вылучае абвостранае пачуццё непаўторнасці кожнага імгнення жыцця, трывожны пошук.сваёй дарогі, трывога за сваё прызначэнне на зямлі. Уладзімір Някляеў заўсёды ўражвае напорыстасцю, энергіяй слова, пастаўленага на службу сэрца і розуму. Калі кожны раз па-іншаму здзіўляе своеасаблівая, часам нязвыклая асацыятыўнасць паэтычнага мыслення Валянціны Коўтун, то, сочачы за падборкамі вершаў, якія друкуе Генадзь Пашкоў, не перастаеш любавацца сакавітымі, вельмі маляўнічымі краявідамі роднай зямлі, што нібыта ўпершыню адкрывае для цябе паэт».

Генадзю Пашкову ўласціва неўтаймаваная прага пазнання маладой нястрымнай плыні жыцця, яго ўнутранай рухомасці. Таму вершы пра замілаванне прыроднымі звабамі набываюць суровыя фарбы прадчування нейкай небяспекі, якую вяшчуе «чырвоны жаваранак маладой трывогі».

Відаць, не выпадкова другая кніга Г. Пашкова з неардынарнай і досыць характарыстычнай назвай «Дыстанцыя небяспекі» гучна заявіла пра згубнае скарачэнне дыстанцыі ад прадчування паэтам небяспекі, што пагражае зямлі. Зямлі, якую так чуйна «выслухоўваў» паэт яшчэ ў 70-я гады. Неспакой за кожную травіну і за жаўрукову песню, за азёрную, мурожную цішыню і за гучны самотны рык сахатага ў дрымотным пушчанскім свеце прапускаецца праз «маладое жаўруковае» сэрца і набліжаецца да максімы паэта: «Змаганне за само жыццё за ўсё лічу канкрэтней». Згаданая думка вынікае з усіх чатырох паэм кнігі («Трывога», «Дыстанцыя небяспекі», «Журавіны ў шэрані», «На ласіных картах»).

Паэзія для Г. Пашкова — адзін са спосабаў самавызначэння. З пяшчотнай любоўю і асцярогай вывяраючы кожнае слова, радок, думку, ён разам з тым — грамадзянін з пэўнай жыццёвай пазіцыяй, для якога боль народа, Радзімы — уласны боль

Святое разуменне Радзімы для паэта — гэта найперш невычэрпная любоў да роднай Беларусі, глыбокі філасофскі роздум пра яе лёс:

Радзіма!

Дзе пачатак? Дзе выток,

адкуль цякуць любві зямной крыніцы?

Навек удзячны я за той глыток.

За той агонь,

што дорыш па іскрынцы.



Радзіма для паэта — гэта і вечна юная Прыпяць, якая лашчыцца ў салаўінай песні і чыстым блакіце, і рэчка Княгінька ля Заслаўя, якая ўся ў каменьчыках пырскае зорнай вадой, апавядаючы з-пад сівых туманоў думу вешчых курганоў, і густая мова беларусаў, багатая на дабрыню, і, урэшце, боязнь «старцам стаць душою». Як сказаў адзін наш цудоўны паэт, без чалавечнасці няма і вечнасці. I калі першая кніга паэта «Кляновік» была саткана з уражлівай непасрэднасці і вабнай маляўнічасці, а ў дзвюх наступных пераважаў роздум пра жыццё, будучыню, атам, Сусвет, то, пачынаючы з кнігі «Зямлю слухаю», на першы план выходзіць праблема духоўнасці. Больш засяроджанай стала развага паэта пра зямельку, якую «прагна // атамны шашаль // свідруе», пра чыноўных бамбізаў, нахлебнікаў; урэшце — «чаму ў зубрыным стане столькі жалю?» Згодна з уласнымі эстэтычнымі сімпатыямі, творца асэнсоўвае, «адкуль жа драпежнасць // духоўная ў нас?!». Паэт імкнецца дайсці да пэўных высноў аналітычным шляхам. Яго муза жывіцца ў бальшыні сваёй з прывязанасці да існага зямнога цяпла, да гаючага загадкавага краю, да жывога-роднаснага, да заўтрашняга дня... Яшчэ ў «Кляновіку» паэт падкрэсліваў сваю знітаванасць з вечным, не баючыся здацца ні старамодным («Мой век! // Мяне не перайнач. // Я — родзіч // аржанога хлеба»), ні архісучасным — пазней («не знікні, // свет мой навакольны. // Не пагубі маю душу»). I хоць ў паэзіі Г. Пашкоў хутчэй лірык, чым прамоўца, але нярэдка ён з абурэннем выступае супраць здрайцаў, прайдох, прыстасаванцаў. Так, публіцыстычная паэзія патрабуе сталасці светапогляду і выразнасці ідэй. Жаданне не толькі, а можа і не столькі вынесці прысуд, але і заглыбіцца ў псіхалогію асобы — задача літаратуры ўвогуле. Не выключэнне і публіцыстычная паэзія, якая вымушае найбольш востра ўсвядоміць сённяшнюю сучаснасць:



Я дыплому ўрэшце

справіў трызну,

як адчуў,

што ў гэтым свеце я

знаўца

ў папяровым рэалізме

і прафан

у рэалізме дня.



Разважаючы пра стасункі нашай сучаснай паэзіі з грамадскімі зрухамі, даследчык У. Гніламёдаў даводзіць: «Сучасная публіцыстычная паэзія грунтуецца на фактах, у якіх і заключаецца яе ідэйная і эмацыянальная сіла». Публіцыстычны радок Г. Пашкова не набыў ні ваяўнічай наступальнасці, ні празмернай дыпламатычнасці. Паэт адчувае нерв часу, і для яго непрымальны разбуральны пачатак і ў прыродным, і ў людскім свеце. Таму няслушнай падаецца думка даследчыцы паэзіі Л. Гарэлік адносна лірычнага героя Г. Пашкова, які «цалкам задаволены сваім месцам пад сонцам, ...не канфліктуе з паўсядзённай рэальнасцю, прымае яе такой, як ёсць». Так ці іначай, публіцыстычная лірыка, паводле трапнага назірання аўтарытэтнага літаратуразнаўца В. Бечыка, — «лірыка прамога выказвання».

Для лірычнага героя Г. Пашкова чужародны той разлік, які мяжуе са звычайнай мяшчанскай заспакоенасцю. Грамадзянскую напоўненасць набываюць наступныя паэтычныя радкі:

Спекулянты,

шарлатаны,

злодзеі,

вы цяпер жыцця гаспадары?

I палітык —

тэатрал юродзівы, —

акурат для гэткае пары!

Сапраўды, проста сузіральнае замілаванне ўсім, што ёсць на зямлі, не ўласціва мысленню лірычнага героя паэта. Гэта замілаванне, памножанае на адкрытую несупакоенасць. «Пародненасць» лірычных герояў А. Міцкевіча, У. Някляева, Г. Пашкова паўстае ў нейкім шчымлівым, амаль паскалеўскім бачанні свету, якое стала ддя еўрапейскай культуры сімвалам спрадвечнай і інтэлектуальнай несупакоенасці, няўрымслівасці, сумленнасці і душэўнай чысціні Паэты як бы выкрываюць сваіх герояў з мэтай большага разуменння і анталагічнага апраўдання ў складаных жыццёвых варунках... Глыбіннае аўтарскае, нібы паскалеўскае, пранікненне А. Міцкевіча, Г. Пашкова, У. Някляева ў свет лірычных герояў узнікае не з паўсядзённай пошасці ці свецкай цікаўнасці, але са шчырага спачування, якое ад таго яшчэ больш праніклівае, чым нават погляд самага спакушанага мараліста. Відаць, таму мы без абурэння пазнаём сябе ў люстэрку, якое яны нам працягваюць, — бы сродак міласэрнага лекавання душы, сапраўднай адкрытасці да болю бліжняга, яны падзяляюць трапчны лес усяго чалавецтва, схіляючыся над яго ранамі, пры гэтым яны не саромеюцца адкрываць і свае шрамы (падкрэслена намі. — А. А.), перш чым гаварыць пра заганы іншых, яны імкнуцца выправіць свае», — слушна даводзіць даследчыца А. Яскевіч.

Духоўная адказнасць за згубленае і набытае, запаветная адданасць жыццю, людзям, трывога страціць аднойчы «жывую повязь сэрца і часоў» выкрасае выбаленыя радкі:

Мой лёс — мой чарнавік,

дзе ўсё відно,

дзе ўсё баліць,

шчыміць

і дакарае...

Колькі б ні адпушчана было пражыць паэту, ён не стамляецца слухаць і любіць сваю Жанчыну. З нейкай унутранай, прыхаванай трывогай і разам з тым непадробным лірызмам напісаны радкі, дзе паэтава душа далікатна датыкаецца да сакральна прыгожага пачуцця. Даверліва выдыхнутыя словы «Юная... Юная! // Ветрам спавітая. // Смага тужлівай спакусы балесная» ўскалыхваюць сярод віру жыцця, дзе так шмат сцюдзёнасці і хараства, наіўна-мройлівай асалоды і трызнення. Яго духоўны свет тчэцца то з апаленых, трапяткіх у палоне вуснаў, то з вясновага палу вачэй, то са слядоў каханай, якія шукае між розных траў:



Імгненная юнацтва прыгажосць.

Як яблынька у маі, ты шчаслівая.

Сукеначка зраселая...

I ёсць

штось у табе цнатліва-сарамлівае.



Прызнанні шчырай, адкрытай душы выпраменьваюцца праз прызму адчайных і балючых, шчырых і даверлівых зрухаў. Ва ўсёабдымным сваім пачуцці, з налётам таямнічасці і загадкавасці паэт стварыў вобраз Яе, поўны мройнай п'янай асалоды незабыўнага, поўны жаданай прагнай споведзі.

Да максімальнай душэўнай аддачы, узрушанасці заахвочваюць падлеткаў такія творы, як балада «Дыстанцыя небяспекі» і паэма «Дзяўчынка з блакітным мячыкам». Багатую пазнавальную афарбоўку нясуць вершы хораша ілюстраваных дзіцячых кніг «Пціч» (1992) і «Зорнае поле» (1999). Са зрокава-выразнай трапнасцю ўзнаўляецца нацыянальны каларыт. Уменне сказаць пра важкае займальна — зайздросная рыса кожнага мастакоўскага таленту. Лірычная гераіня Наташка запрашае ў падарожжа па вабнай палескай зямлі, дзе гасцюе ў бабулі і дзядулі. Дзіцяці неабходна пастаяннае самасцвярджэнне ў свеце. Казачная прыгажосць прыроды ўражвае трапяткую душу маленькага чытача, сцвярджае ў няўрымслівай дзіцячай свядомасці багаты пазнавальны свет. Неабсяжная фантазія аўтара ўзнаўляе эмацыянальна-гарэзлівыя, мажорна-дынамічныя малюнкі звонкагалосага і шматфарбнага свету: моршчыць круглы твар жартаўлівы месяц, з чароту на пракос налятаюць верталёты стракоз, ад паху маліны ачмурэлы чмель нешта бумкае ўгары. Метафарычнае аздабленне, адухаўленне з'яў прыроды спрыяюць эстэтычнаму ўспрыманню яе як эталона прыгажосці і дабра.

Паэтычную прастору твораў Г. Пашкова досыць густа напаўняюць трапныя выразы, метафары. У адной са сваіх ранніх кніг «Дыстанцыя небяспекі» ён прызнаваўся: «Я чую пругкасць самых родных слоў, // расістых слоў, зялёных, быццам лісце». I пачынаў творца са светлых, наўздзіў простых і ясных радкоў: калядуюць завеі, бінтуе раны завіруха, ружавеюць марозна снягі, кашляе дзедам старым на пагорку млын, пратупаў дождж на тонкіх ножках і г. д. Сама нерушавая прырода як адухоўленая псіхалагічная з'ява стала крыніцай жывапіснай метафорыкі паэтавага мыслення. Напрыклад, у вершы «Снег юнацтва»:

Вясна ў бярэзніку цадзіла

у вёдры

месячны блакіт.

Паэту даспадобы нястомны пошук моўных скарбаў і ў барадулінскай маляўнічасці і гарэзлівасці і, канешне ж, у вялюгінскай непасрэднасці, пластычнасці. У свой час сябры-калегі называлі маладога Пашкова «рубаістам» за найбольш удалыя вершыкарацелькі, якія чамусьці ў пазнейшай творчасці не знайшлі чаканага выяўлення. Яго нязмушанае абыходжанне са словам часам зводзіцца да відавочнай самамэты, асабліва калі паэт няшчадна эксплуатуе так званыя «росныя» словы: зямля зараселая і сукеначка зараселая; песні расяныя, і спеў расяны, і запавет расяны; слова зрасее і цішыня зарасее і г.д. Або дужа вабным для аўтара выглядае канструяванне слоў і выразаў тыпу «Вятрыста зялёнаю веяй...»: «вятрыста зялёнаю веяй // калышацца жыта ў міжбор'і», «ветравейнаю парой // нам бы тут яшчэ ўтрымацца», «цепліць маленькі агонь // у залюцелую вею». Відавочна, залішняя мудрагелістасць не садзейнічае яснасці паэтычнага малюнка — ствараецца адчуванне рознамалёвачнасці; верш траціць ідэйназместавую стройнасць, набывае апісальнасць..

Любоў да роднай зямлі, жаданне глыбей спазнаць свой край, яе таемную прыроду — першааснова для Г. Пашкова. Г. Пашкоў старанна занатаваў усё пабачанае падчас трох памятных падарожжаў па «самай лепшай» зямлі, што знайшло выяўленне ў трох раздзелах кнігі — адпаведна «Прыпяцкая неруш», «Вяртанне», «Святло Прыгарыння». Гэта своеасаблівы аповед пра непаўторную маляўнічую палескую прыроду, пра людзей багатага лёсу, адкуль чэрпае паэт сілу і веру. Веру ў тое, што для іх — хлебадараў — будуць блаславёнымі тыя чатыры стыхіі, якія нараджаюць хлеб — сонца, вада, зямля і агонь. У «Палескіх вандроўніках» «галоўнае дзіва» — гэта людзі, або, як скажа сам паэт, «Тут сам народ // легенды варты, — // як несмяротны корань наш!» Гэта найперш звычайныя вяскоўцы-сяляне, рыбакі, паромшчыкі, якія апавядалі пра гісторыю, паходжанне назваў тамтэйшых мясцін, а таксама пра сябе, свае нягоды і не такое ўжо і зайздроснае месца пад сонцам. То людзі-дыяменты палескай зямлі (галасістая Марыя Лешчанка з вёскі Перароў, спакутаваная цётка Рома, Рома Юльянаўна Лігорская са Славінска, майстравітая брынёўская Паўліна Мікалаеўна Жураўлевіч і інш.). Гэта і дзеці «ворагаў народа», перыпетыі іх пакручастага лёсу, па якім так несправядліва прайшлася гісторыя. Перад чытачом вымалёўваецца абагульнены вобраз беларускай жанчыны-маці, самай паказальнай адзнакай якой служаць яе спрацаваныя рукі і захаваная чыстая цнатлівая душа. Як пачуваюцца гэтыя малапрыкметныя ў жыцці людзі, якія прайшлі праз віхуру імклівых гадоў, пасля беспакаранага разрабавання ў мінулым, сярод бязладнага сённяшняга дня — балючы роздум Пашкова-дакументаліста.

Элегічна-спавядальныя матывы не здаюцца чужароднымі ў творчасці Г. Пашкова. Яго мастацкая палітра заўсёды вызначалася вялікай разнастайнасцю. I ўсё ж яму бліжэй душэўны аптымізм, жыццесцвярджальны пафас, часам — палемічная задзірыстасць. Яго паэзія — ад роднай зямлі. I гэтым многае тлумачыцца.