Белорусские сочинения - Алесь Петрашкевіч - Алесь Петрашкевіч. Аналіз творчасці

Алесь Петрашкевіч. Аналіз творчасці

Алесь Петрашкевіч з'яўляецца адным з самых вядомых беларускіх драматургаў. Ён аўтар п'ес «Трывога», «Соль», «Укралі кодэкс», «Мост упоперак ракі», «Злыдзень», «Напісанае застаецца», «Прарок для Айчыны», «Куды ноч, туды сон», «Змова». Творам драматурга ўласцівы публіцыстычнасць, дынамізм сюжэта, спалучэнне народнага гумару і вострай сатыры.

У драме «Трывога» выкрываецца адна з заган чалавечага жыцця — п'янства. Міхась Дабрынеўскі, 18-гадовы трактарыст, ратуючы хату сваёй нявесты Алены Матулевіч, падстаўляе свой трактар пад «Веларуса», якім кіраваў Сцёпка Юрскі. Сцёпка гіне, Алена ў выніку трагедыі страчвае зрок. Аўтар б'е трывогу, напамінаючы, што гарэлка губіць людзей, калечыць людскія лёсы, разбурае сем'і, прыносіць непапраўныя страты. Непрымірымыя адносіны да п'янства і алкагалізму, жорсткая крытыка бюракратызму, шуміхі і фармалізму ў змаганні за «сухі закон» выяўляюцца ў п'есе-фантасмагорыі «Куды ноч, туды сон».

Адна з п'ес А. Петрашкевіча — «Соль» — прысвечана экалагічнай сітуацыі вакол калійнага камбіната. Аўтар выкрывае дэмагогію, фалыпывыя лозунгі і фразы, прагматычныя інтарэсы генеральнага дырэктара Хазяінава, яго памочніка Шашаля, правяраючага Калуна-Каралевіча. Ён адстойвае чысціню вады, паветра, глебы, жывёльнага і расліннага свету, змагаецца супраць варварскага спосабу здабывання солі, пры якім забруджваецца ўсё наваколле.

П'еса А. Петрашкевіча «Мост упоперак ракі» — пра стан і ахову помнікаў гісторыі культуры на Беларусі. Канфлікт у ёй разгортваецца вакол лёсу драўлянай цэркаўкі, старога замчышча і гарадзішча ў вёсцы Магіліцы, на месцы якіх архітэктары збіраюцца ўзвесці свінакомплекс Бекон-гарадок.

Падзеям Кастрычніцкай рэвалюцыі прысвечана гістарычная хроніка «Змова». У трагедыі «Злавеснае рэха» і драме «У спадчыну — жыццё» драматург звяртаецца да тэмы Вялікай Айчыннай вайны і партызанскага руху.

Значнае месца ў творчасці А. Петрашкевіча займае гістарычная тэматыка. У трагедыі «Русь Кіеўская (Гора і слава)» расказваецца пра смерць старой княгіні Вольгі, барацьбу Святаслава з печанегамі, забойства Яраполка, пра расправу над полацкім князем Рагвалодам і яго дзецьмі, горкае замужжа Рагнеды, хрышчэнне кіяўлян у Дняпры. У складзе дзеючых асоб гістарычных п'ес А. Петрашкевіча «Напісанае застаецца» і «Прарок для Айчыны» — Францішак Скарына, Мікола Гусоўскі, Мікалай Капернік і іншыя выдатныя дзеячы эпохі Адраджэння.