Аналіз творчасці Ефрасінні Полацкай. Нябесная заступніца Беларусі
Сілай духоўнай узвысіла Полацк высока,
Тым, хто імкнуўся да кнігі,
свяціла, як зорка...
Мове, адзінай дзяржаве
шчэ толькі злучацца -
свет нас прымаў як народ
па адной палачанцы.
Д. Бічэль-Загнетава
З цемры мінулых стагоддзяў дайшлі да нас імёны выдатных дзеячаў беларускай культуры. Сярод іх асобае месца займае імя Ефрасінні Полацкай. 3 ёй асацыіруецца не толькі духоўнае жыццё на ўсходнеславянскіх землях у Xіі ст., але і ўся шматвяковая гісторыя Беларусі. Аб унучцы славутага князя ўсяслава Чарадзея, князёўне, ігуменні, настаўніцы, выдатнай асветніцы, расказваецца ў "Жыціі Еўфрасінні Полацкай". Гэты найкаштоўнейшы помнік старажытнабеларускай літаратуры, створаны ў канцы Xіі ст. невядомым аўтарам, дайшоў да нас у шасці рэдакцыях, больш чым ста спісах. Са старонак Жыція паўстае велічная постаць Ефрасінні Полацкай. Нарадзілася яна ў стольным горадзе Полацкага княства ў 1110 г., вучылася ў школе пры Сафійскім саборы. Калі дзяўчыне споўнілася дванаццаць гадоў, бацькі вырашылі аддаць яе замуж. Аднак князёўна выбірае іншы шлях: адмовіўшы сватам, яна пастрыгаецца ў манастыр і праз пэўны час займаецца перакладчыцкай дзейнасцю, перапісваннем кніг Святога Пісання ("нача кнігы пісаті своімі рукамі"). Ефрасіння Полацкая сама пісала арыгінальныя творы (малітвы, казанні) і, на думку некаторых даследчыкаў, удзельнічала ў стварэнні Полацкага летапісу. Паблізу Полацка Ефрасіння заснавала мужчынскі і жаночы манастыры, дзе былі арганізаваны школы і скрыпторыі - майстэрні па перапісванні кніг. Асветніца з роду ўсяслава выступала супраць княжацкіх усобіц, братазабойчых войнаў. Багатыя славілі яе за мудрасць, бедныя - за спагаду і дабрыню. Як сведчыць аўтар Жыція, Ефрасіння была "памочніца пакрыўджаным, зажураным суцяшэнне, распранутым адзенне, хворым наведванне ці, проста кажучы, - для ўсіх была ўсім... Еўфрасіння- няўвядальная кветка райскага саду. Еўфрасіння - арол, што, лунаючы ў небе, праляцеў ад захаду да ўсходу, як прамень сонечны, прасвятліўшы зямлю Полацкую". Ефрасіння Полацкая нястомна збірала вакол сябе таленавітых людзей, з'яўлялася адной з першых нашых мецэнатак. Па яе заказе дойлід іван пабудаваў сусветна вядомы Спасаўскі сабор, распісаны ўнікальнымі фрэскамі. Фрэскавыя замалёўкі Xіі ст. амаль цалкам захаваліся. і сёння яны ўражваюць сваёй дасканаласцю, хвалююць багаццем палітры, адухоўленасцю. З імем асветніцы звязана і стварэнне ў 1161 г. майстрам-ювелірам Лазарам Богшам славутага крыжа - шэдэўра старажытнабеларускага ювелірнага мастацтва. Крыж быў упрыгожаны 21 залатой пласцінкай, каштоўнымі камянямі, арнаментальнымі кампазіцыямі і 12 эмалевымі абразкамі з выявамі святых. У сярэдзіне крыжа ў пяці квадратных гнёздах былі змешчаны рэліквіі: кавалачак крыжа Гасподняга з кроплямі ісусавай крыві, драбок каменя ад дамавіны Багародзіцы, часткі мошчаў святых Стэфана і Панцеляймона, а таксама кроў святога Дзмітрыя. На крыжы быў выбіты тэкст, у якім паведамлялася імя яго стваральніка, кошт дарагіх металаў і камянёў, што пайшлі на яго аздабленне, а таксама змяшчаўся праклён тым, хто ўкрадзе ці прадасць святыню. і ўсё ж праклён не падзейнічаў на сучаснікаў і нашчадкаў Ефрасінні Полацкай. Пасля смерці князёўны-ігуменні крыж быў вывезены ў Смаленск, пазней - у Маскву. Полацкая святыня была вернута на ранейшае месца ў 1563 г. У пачатку 20-х гг. нашага стагоддзя крыж стаў экспанатам царкоўна-археалагічнага музея ў Мінску, адкуль быў перавезены ў Магілёў. У гады Вялікай Айчыннай вайны шэдэўр ювелірнага мастацтва таямнічым чынам знік. Ёсць меркаванні, што ён нібыта знаходзіцца ў Амерыцы ў прыватнай калекцыі. На схіле жыцця Ефрасіння Полацкая перадала ігуменства малодшай сястры Еўдакіі і здзейсніла паломніцтва ў Святую Зямлю. Захварэўшы ў дарозе, яна памерла (у 1173 г.) і была пахавана ў іерусалімскім манастыры святога Феадосія. Яе мошчы былі перазахаваны ў Кіева-Пячэрскай лаўры, а ў 1910 г. перавезены ў заснаваны ёю Спасаўскі манастыр у Полацку, дзе захоўваюцца і сёння. Ефрасіння Полацкая пражыла вялікае жыццё, асветленае высакароднай ідэяй служэння народу. Яна стала адной з першых кананізаваных (прылічаных да святых) жанчын на ўсходніх землях, нябеснаю заступніцай (апякункаю) не толькі Полацка, але і ўсёй беларускай зямлі. Незвычайны лёс Ефрасінні Полацкай натхніў на творчасць многіх гісторыкаў, літаратараў, мастакоў. Вобраз асветніцы паўстае са старонак раманаў Таісы Бондар ("Спакуса"), Алеся Асіпенкі ("Святыя грэшнікі"), гістарычнай аповесці Вольгі іпатавай "Прадслава", кніг Уладзіміра Арлова "Асветніца з роду ўсяслава" і "Еўфрасіння Полацкая". Ёй прысвяцілі свае вершы Ларыса Геніюш, Наталля Арсеннева, Рыгор Барадулін, Алесь Разанаў, Генадзь Бураўкін, Сяржук Сокалаў-Воюш і інш. Самаахвярнае жыццё беларускай патронкі ўваскрашаюць палотны жывапісцаў Аляксея Марачкіна і Нінэлі Шчаснай, графічныя аркушы Арлена Кашкурэвіча, габелены Сымона Свістуновіча, фільм рэжысёра Вольгі Моракавай.