Андрэй Рымша. Аналіз творчасці
Нарадзіўся ў в. Пяньчын (зараз Баранавіцкі раён Брэсцкай вобласці). Вучыўся ў Астрожскай школе на Валыні, служыў у гетмана Вялікага княства Літоўскага Крыштофа Радзівіла. Удзельнічаў у аблозе Пскова войскам Стэфана Баторыя, вайне 1572—1582 гг. паміж Рэччу Паспалітай і расіяй. А. Рымша пісаў на беларускай і польскай мовах, з'яўляецца заснавальнікам жанру панегірычнай паэзіі.
Першы верш А. Рымшы «Храналогія» быў выдадзены ў друкарні князя Кірыла Астрожскага ў 1581 г. У 12 парах зарыфмаваных двухрадкоўяў верша выкладаюцца пэўныя біблейскія падзеі, што адбыліся ў розныя месяцы года. Назвы месяцаў у вершы падаюцца на тагачаснай літаратурнай мове, старажытнаяўрэйскай і простанароднай («месяца февраля, по гебрейску себат, просто лютый»). У 1585 г. А. Рымша напісаў на польскай мове паэму «Дзесяцігадовая аповесць пра ваенныя справы Крыштофара Радзівіла». У ёй падрабязна апісваюцца падзеі дзесяці ваенных гадоў з жыцця К. Радзівіла, праслаўленне якога складае аснову аўтарскай задумкі.
А. Рымша лічыцца заснавальнікам панегірычнай (узнёсла-хвалебнай) паэзіі. Ён з'яўляецца аўтарам трох вершаў-панегірыкаў, прысвечаных выдатным дзеячам Вялікага княства Літоўскага — канцлеру Я. Валовічу, укладальніку трэцяй рэдакцыі «Статута» Л. Сапегу і навагрудскаму ваяводзе Ф. Тышкевічу.
А. Рымша ведаў антычную і еўрапейскую культуру, валодаў некалькімі мовамі, займаўся мастацкім перакладам. Апошнім надрукаваным яго творам з'яўляецца пераклад з лацінскай на польскую мову паэмы А. Поляка «Хараграфія, або Тапаграфія Святой зямлі...» (1595).