Пачатак вайны (паводле аповесці Івана Шамякіна «Гандлярка і паэт»)
Мала хто да Івана Шамякіна так смела і праўдзіва паказваў пачатак Вялікай Айчыннай вайны, як гэта ён зрабіў у аповесці «Гандлярка і паэт». Іван Чыгрынаў у рамане «Плач перапёлкі» перадаў стан разгубленасці савецкага грамадства, яго кіраўнікоў. А яшчэ хто? Цяжка адказаць на гэтае пытанне.
Іван Шамякін у сваім творы закранае праблему паводзін людзей у экстрэмальнай сітуацыі пачатку вайны... Мінск нібыта асірацеў. Прадстаўнікі ўлады эвакуіраваліся на Усход у спецэшалоне, ва ўласных машынах. Людзі засталіся сам-насам з ворагам. I. П. Шамякін паказаў сітуацыю бязладдзя ў першыя дні вайны, яе трагедыйнасць, апісаў паводзіны людзей, заклапочаных будучыняй, якія сталі на шлях рабаўніцтва народнага (а значыцца — усіхняга!) дабра. Старонкі «вольніцы» — каларытныя, яскравыя. Пісьменнік не выносіць прысуд людзям, як бы апраўдвае іх паводзіны: не ворагу ж усё дабро пакідаць! На шлях рабаўніцтва становіцца абсалютная большасць камароўцаў.
I кожны з іх, відаць, думаў і разважаў так, як Вольга Ляновіч: «У дурнях яна застанецца, калі ў той час, як другія нажываюцца, яна з-за нейкай сваёй сумленнасці будзе варон лавіць». Людзей, як і Вольгу, ахоплівала злосць, калі яны назіралі, як у легкавушках пакідаюць горад кіраўнікі. Народу хацелася «ламаць і крышыць, разбіваць, паліць усе, што называлася народнай уласнасцю». Камароўцы, якія засталіся без улады, падобна Вользе, адчулі, відаць, тое ж, што і яна: «гаспадыня тут яна, і ўсё дабро належыць цяпер ёй, такім, як яна».
Пісьменнік паказвае змены, што адбываюцца ў псіхалогіі народа, сумленнага ад прыроды, прывучанага шанаваць сваё і чужое дабро, стаўшага рабаўніком толькі ў абставінах бязладдзя. Два выпадкі паказаны пісьменнікам у сувязі з гэтым. Першы — рабаўніцтва гастранома. Мужчыны «вырвалі краты і выставілі акно з двара». Да прыходу Вольгі зрабавалі гастраном, праўда, нясмела яшчэ». Жанчын не падпускалі да крамы ўвогуле. Гэта пазней, як Вольга разбіла вітрыну, да прылаўкаў кінуліся ўсе, хто быў побач. «Была б улада, разбою не было б» — на такую думку наводзіць яшчэ адна сцэна... На хлебазаводзе чацвёра мужчын (сярод якіх два чырвонаармейцы) раздаюць людзям па мяху мукі. Усе ідзе ладна, рытмічна. Мала каго даводзіцца ўшчуваць за сквапнасць.
Так аўтар у пачатку аповесці намеціў канфлікт «народ — улада, паказаў хто вінаваты ў тым, што людзі азвярэлі, ператварыліся ледзь не ў драпежнікаў. Але ці толькі па сваёй віне? Не толькі. Прычын тут многа. I адна з іх — адцуранне ўлады ад народа... У аповесці ёсць сцэна, як два міліцыянеры хочуць спыніць рабаўніцтва гастранома са зброяй у руках. Ды хіба адзіночкі могуць супрацьстаяць стыхіі? Тэма вайны, як мы бачым, пастаўлена ў прамую залежнасць ад тэмы узаемаадносін кіраўнікоў і народа. Пісьменнік заклікае сваёй аповесцю быць сумленнымі ў паводзінах абодва бакі.
Аўтар усім ходам апавядання даводзіць думку пра драматызм вайны, няскоранасць народа, які вылучае са свайго асяроддзя барацьбітоў з фашызмам. У аповесці паказана не толькі трагедыя вайны, але і супрацьстаянне ворагам народа, ухваляецца подзвіг і адкрываюцца чытачу шляхі яго здзяйснення. Аповесць поўніцца праўдай пра Вялікую Айчынную вайну, удакладняе асобныя падзеі, што адбываліся ў тыле ворага.