Пра раман I. Шамякіна «Сэрца на далоні»: праблематыка, вобразы
Пра раман I. Шамякіна «Сэрца на далоні»: праблематыка, вобразы
Раман «Сэрца на далоні» пісаўся адначасова з пенталогіяй «Трывожнае шчасце», апошняя частка якой «Мост» датуецца 1965 годам. Гэта быў час «перавароту ў мазгах», па словах журналіста Шыковіча - аднаго з галоўных герояў твора. Героі твораў іншых аўтараў выказваліся пра свежы вецер, «скразняк», які дзьмуў па краіне
Менавіта другая палова 1950-х — першая палова 1960-х гадоў сталі гадамі выкрыцця культу асобы Сталіна, аднаўлення ленінскіх (на тыя гады — дэмакратычных, гуманістычных) нормаў жыцця. Адбывалася своеасаблівае «ўзвышэнне чалавека», зварот да паказу простых людзей, іх клопатаў. Паэты і празаікі пачалі пісаць пра тое, што не можа быць «простых», звычайных і вялікіх, незвычайных людзей. Многія марылі пра хуткую пабудову самага справядлівага грамадства на зямлі — камуністычнага. Ствараліся брыгады камуністычнай працы. Абмяркоўваўся і ўкараняўся ў жыццё маральны кодэкс будаўнікоў новага жыцця.
У рамане Шамякіна і адлюстравана цікавая старонка жыцця краіны, калі пераважная большасць членаў грамадства паверыла ў праграмныя лозунгі партыі, сэрцам прыняла прапанаваныя рэформы. Найперш паверыў у гэта журналіст Кірыла Шыковіч, які некалі разам са старшынёй гарвыканкама Гуканам выдаў кнігу пра падпольшчыкаў і партызанаў, а цяпер пераглядае ранейшыя яе палажэнні, стараецца рэабілітаваць добрае імя доктара Савіча, запісанага ў здраднікі, а на самай справе - удзельніка супраціўлення гітлераўцам. Змест твора найперш прысвечаны гэтай праблеме. Для героя рамана яна галоўная. Змагаючыся за аднаўленне справядлівасці, ён змагаецца і за сваё добрае імя, і супроць Гукана, які ў вайну хаваўся ў доме Савіча, а пазней, у мірны час, заняў высокую пасаду і не толькі не расказаў праўду пра ўчынак падпольшчыка, якога немцы абвясцілі забітым партызанамі і пахавалі з гонарам, але і данёс на яго дачку Зосю, якую пратрымалі затым доўгі час у сталінскіх ГУЛАГах. Вось як Шыковіч усведамляе свае задачы, калі бярэцца за справу аднаўлення справядлівасці: «Прайшло шмат год, вырасла новае пакаленне, якому няма ніякай справы да нейкага доктара Савіча, лёс яго нікога не цікавіць. Дык навошта выцягваць яго з небыцця? Так, напэўна, разважае Яраш. Але ён, Кірыла, трымаецца іншай думкі. Нарэшце, гэта справа яго гонару: завяршыць пачатую працу!»
Побач з сучаснасцю, такім чынам, у рамане паўстае мінулаё, страшэнная вайна. Пра яе апавядае Яраш свайму сябру-журналісту. Паўстае жудасная вайна і ў споведзі Зосі Савіч, якая, маладзенькае дзяўчо, уратавала Яраша, што забіў начальніка паліцыі Лучынскага, помсцячы за павешаных падпольшчыкаў і хаваўся ў доме Савіча да адпраўкі ў лес. Зося Савіч таксама расказвае Шыковічу, як яна хавала ў сябе на гарышчы спачатку Віктара (падпольная мянушка, прыдуманая Ярашам), а затым другога чалавека. Расказвае пра падполле і Клаўдзія Сухадол — былая сястра інфекцыйнай бальйніцы, дзе працаваў Яраш, а цяпер вясковая жыхарка, якая лечыць травамі людзей, нават пенсіі не атрымлівае (была ж звязана з «ворагам народа» Сцяпанам Савічам!). I гэта грамадска-сацыяльны фон рамана, звязаны з вялікай тэмай цеснага перапляцення старога і новага, перабудовы грамадства па прынцыпе справядлівасці і праўды.
Змест рамана выходзіць далёка за межы сацыяльнасці. Яго героі вядуць складанае бытавое жыццё. У сям’і Шыковічаў — журналіста і настаўніцы — расце сын-«стыляга», шалапут, шукальнік праўды на свой лад — шляхам пратэсту. Славік — поўпая супрацьлегласць ціхмянай старэйшай дачцэ Ірыне. Сям’я Яраша таксама часта скаланаецца ад стрэсаў: жонка прыгажуна-хірурга Яраша Галіна Адамаўна без канца раўнуе яго то да ўрачыхі Гаецкай, то да медсястры Машы, а ў апошні момант - да Зосі Савіч, сэрца якой аперыраваў яе муж для якой разам з сябрам сваім Шыковічам «выбіў» кватэру ў горадзе і якая ў фінале рамана пакідае горад, каб выратаваць сям’ю чалавека, у якога закахалася: «Дзякуй Вам за ўсё, за ўсё — вось словы, што выходзяць з глыбіні майго сэрца, якое Вы трымалі на далоні. Дзякуй Вам, дарагі Антон Кузьміч! Нядаўна я даведалася, што з-за мяне ў Вас непрыемнасці ў сям’і. Божа мой! Каб з-за мяне Вы перажывалі, трацілі спакой і цвёрдасць рукі, якая ратуе людзей... Бывайце, добры чалавек. Дазвольце ў думках абняць і пацалаваць Вас». Такія цёплыя словы адрасуе Зося чалавеку, які ўратаваў яе ад смерці. А цяпер яна па-свойму аддзячвае яму за яго высакародны ўчынак. Кахаюцца і раўнуюць маладыя людзі Тарас — прыёмны сын Ярашаў, сапраўдны сын павешанага фашыстамі аднаго з кіраўнікоў падполля, цяпер брыгадзір заводскай брыгады камуністычнай працы, і Славік Шыковіч, якога брыгада Тараса ўзяла на перавыхаванне, у якіх адна і тая ж сімпатыя — медсястра Маша. Як могуць, дапамагаюць старэйшыя знайсці ім сваю сцежку ў жыцці.
Жыццё сямейна-бытавое, грамадскае, палітычнае, яго глыбінны сэнс і цэласная плынь становяцца зместам рамана Шамякіна пра перабудову, пра новае, пра маральнае ўдасканаленне людзей, пра вечна прыгожую, прасвечаную сонцам, расквечаную фарбамі прыроду. Вось, напрыклад, толькі адна пейзажная замалёўка — апісанне прырэчнага лугу з яго разнатраўем: «Каля лазнякоў... над негустым разнатраўем ужо ўзвышаліся мяцёлкі цімафееўкі і лісахвосту, кастрыцы і шчаўя. I толькі зязюліны слёзы ды смолка яшчэ рассыпалі свае дробныя яркія кветкі. А там, ніжэй, усё яшчэ цвіло, кожная травінка; жоўтыя чырвоныя, ліловыя, васількова-сінія, блакітныя кветкі, зліваючыся ў дзівосны вясёлкавы колер, закрывалі яркую зелень травы». Падобных замалёвак, як і бытавых сцэж, у рамане шмат. Адной з іх — Яраш і яго сын Віктар ганяюць галубоў на дачы — адкрываецца, а другой — Яраш прымірыўся з жонкай, яны вячэраюць, і добрай сямейнай згодзе рада дачка Наташа «Я люблю вас! Я ўсіх люблю! Усіх добрых людзей!» - закрываецца раман.
Галоўны - сацыяльны - канфлікт у рамане ўскладняецца маралНа- этычнымі і бытавымі: Ярашу і Шыковічу (першаму асабліва) даводіцца апраўдвацца ў сем’ях, чаму яны столькі ўвагі ўдзяляюць прааперыраванай Зосі Савіч: і кватэру з іх дапамогай яна атрымала, з абстаноўкой, і не вылазяць яны ад яе. Шыковіч і яго жонка Валянціна Андрэеўна, настаўніца, ніяк не могуць справіцца з сынам Славікам. У фінале рамана яны перажываюць драму: той выкраў бацькаў аўтамабіль, уцякаў ад міліцыі і цудам уратаваўся ад смерці. I да гэтага ён прынёс ім шмат клопатаў, калі п'яны начаў пагражаць англійскім турыстам у рэстаране атамнай бомбай і быў арыштаваны, а пасля пабіўся з Тарасам з-за Машы. Такім чынам, канфлікт у рамане мае шмат адгалінаванняў, сведчыць пра ўменне аўтара спалучаць бытавое, інтымнае і агульназначнае. Хуткае развіццё канфлікту і абумоўлівае займальнасць і паскоранае развіццё сюжэта, а таму мы з неаслабнай увагай сочым за разгортваннем падзей і чакаем кожную хвіліну, што ж будзе далей. Канфлікт адбываецца, на вялікім рахунку, паміж Дабром і Злом.