Маральна-этычная праблематыка ў рамане Івана Шамякіна «Сэрца на далоні»
Людзі — гэта самая каштоўнае, астануцца людзі — гісторыя не спыніцца і не пойдзе назад. Будуць жыць людзі — будзе жыць краіна і тая ўлада, якой народ даражыць.
Шамякін
У мастацкім даследаванні сучаснага (а яно віруе ў творчасці I. Шамякіна!) на ўзроўні геданістычнага роўнага яму ў нашай літаратуры няма. Усе яго шматлікія раманы і аповесці (а па прадукцыйнасці і хуткасці рэагавання на ўсе значныя падзеі і змены ў нашым жыцці з ім таксама нікому не параўнацца) надзвычай цікавыя. Чым жа так прывабліваюць, палоняць чытача кнігі I. Шамякіна? Сам пісьменнік так гаворыць пра сваё творчае крэда: «Мой метад: я не магу сесці за стол і «будаваць» з усімі «аддзелкамі» да таго часу, пакуль не маю ў галаве «сюжэтнага каркаса».
Сюжэты яго твораў займальныя, вобразы не толькі пераканаўчыя, але эстэтычныя. Займальнасць, дынамічнасць і вастрыня сюжэтаў дасягаецца тым, што пісьменнік праводзіць сваіх герояў праз усе тыя выпрабаванні, якімі штодзённа выпрабоўваемся ўсе мы: працай, адносінамі да справы, якой служым, бытам, каханнем, сям'ёй, сяброўствам, выбарам —сумленнем.
Герой рамана «Сэрца на далоні» Славік Шыковіч, ашаломлены тымі праблемамі, якія абрынуліся на яго сям'ю, на яго самога ў першую чаргу, пачуццямі і жарсцямі, што закіпелі ў ім і побач з ім, абураецца «боханам» і «старым канём» (ён так «пяшчотна» называе свайго бацьку-пісьменніка): «Усё пераблыталася! Сам чорт нагу зломіць. А «стары конь» скардзіцца, што няма цікавых сюжэтаў. Залез у нейкія архівы і нічога вакол сябе не бачыць. А тут такія трыкутнічкі будуюцца! Пра любоў трэба пісаць, стары, калі хочаш, каб цябе чыталі».
Менавіта «пра любоў» (таму і чытаюць!) піша I. Шамякін: пра любоў да справы, да жанчыны, да дзяцей, да бацькоў, да людзей...
Апісваючы канкрэтны перыяд у жыцці нашага народа («шэсць гадоў пасля XX з'езда партыі», на якім быў асуджаны культ асобы Сталіна), пісьменнік ставіць у рамане найважнейшыя філасофскія праблемы: адказнасці чалавека за сябе і свае ўчынкі; удзячнасці і чалавечнасці; служэння людзям і вернасці сваёй сям'і, сяброўству; праблему бацькоў і дзяцей; праблему выхавання дзяцей і адказнасці за будучыню нацыі —моладзь...
Пісьменніцкае светаўспрыманне, канцэпцыя і пазіцыя рэалізуюцца ў рамане найперш праз станоўчыя вобразы інтэлігентаў доктара Яраша і пісьменніка-журналіста Шыковіча. Трэба зазначыць, што героямі кніг Шамякіна з'яўляюцца людзі самых розных прафесій, але канцэптуальнымі вобразамі з'яўляюцца пераважна вобразы інтэлігентаў: настаўнік Лемяшэвіч («Крыніцы»), настаўніца Міхаліна («Ах, Міхаліна, Міхаліна...»), Пятро Шапятовіч і Сеня Пясоцкі з пенталогіі «Трывожнае шчасце», архітэктар Карнач («Атланты і карыятыды») і інш.
Адзін з лірычных герояў паэзіі М. Танка сцвярджае, што самае складанае для чалавека — «прайсці праз вернасць». Інтэлігент Яраш прайшоў праз вернасць сваёй справе і дасягнуў ў ёй такога прафесіяналізму, што змог нават трымаць на сваіх далонях сэрца чалавека. Гэты мастацкі вобраз, што даў назву твору, — метафарычны. У прамым сэнсе трымаць сэрцы на далонях здольны толькі прафесіяналы ўзроўню Яраша. Аднак сэрца бліжняга можа быць на далонях кожнага чуйнага і чулага до болю, трывог у сэрцы іншых людзей. Трэба толькі зразумець боль другога чалавека і паспець дапамагчы. Пакутуе Яраш, што не паспеў (хоць не яго ў тым віна) выратаваць двух хлопчыкаў, якія падарваліся на міне.
Яраш прайшоў праз вернасць людзям, якія выратавалі яму жыццё, рызыкуючы сваім, і аддзякаваў усім, чым толькі мог: і ўратаваў ад магчымай блізкай смерці Зосю Савіч, і зрабіў усё, каб забяспечыць ёй годнае жыццё, вярнуўшы тое, што належала ёй па праву. У яе як «ворага» народа і дачкі «ворага» народа забралі ўсё: здароўе, добрае імя, дом. Яраш з Шыковічам вярнулі ёй усё, зрабілі ўсё, што адЧх залежала. Так і павінна быць! Але, на жаль, так не заўсёды і ўсюды бывае.
Рэтраспекцыямі і вобразам Гукана пісьменнік дасягае не толысі рэалізму і глыбокага псіхалагізму ў адлюстраванні рэчаіснасці, але і ўзводзіць свайго галоўнага героя на той высокі эстэтычны п'едэстал, што чытача палоніць духоўнае багацце і высакароднасць доктара Яраша. Кантрастны гэтаму вобразу вобраз Гукана выклікае агіду і абурэнне: ён не толькі не аддзякаваў добрым людзям, як тое абяцаў («Мыяшчэ сустрэнемся», — сказаў ён на развітанне Зосі Савіч), але «аддзячыў» чорнай няўдзячнасцю: ужо пасля вайны, будучы сакратаром райкома партыі, напісаў не проста данос, а ўзвёў паклёп на свайго збавіцеля, тым самым вырашыў лёс Зосі: вярнуўшыся з фашысцкіх канцлагераў, яна зазнала пекла і гулагаўскіх. Дзікунскі, жудасны ўчынак. «Такога не можа быць!» — усклікне чытач, уражаны подласцю Гукана. Але, на жаль, і такое можа быць, і гэта ўжо не прыём гіпербалізаванага паказу зла, а праўда жыцця. Настойлівы і паслядоўны пісьменнік у сцвярджэнні думкі, што кар'ерызм — невымернае зло. Дзеля дасягнення сваіх кар'ерысцкіх намераў гуканы-кідалы (Кідала —герой пенталогіі «Трывожнае шчасце») не спыняюцца ні перад чым. Асабліва небяспечная гэта з'ява ва ўмовах таталітарнага рэжыму, бо сам рэжым спрыяе таму, што свінтусы становяцца грандыёзусамі, небяспечнымі для грамадства і сумленных людзей.
Праз дыялог Гукана з Тарасавым, сакратаром райкома партыі, пісьменнік сцвярджае ісціну, што здольны перагледзець свае ўчынкі, пакаяцца, змяніцца да лепшага толькі людзі. Нелюдзі ж (а такім нелюдзем і з'яўляецца Гукан-Сажань) ніколі не мяняюцца. Яны баяцца толькі аднаго—кары. страты пасады, да якой ішлі, пераступаючы праз усё і ўсіх. Усе намаганні Тарасава абудзіць у Гукане сумленне, прымусіць яго прызнаць сваю віну і пакаяцца—марныя. Гукан здольны толькі на самаапраўданне, а не на пакаянне. Гэты дыялог, выпісаны ў сцэнарным жанры (у дыялогу няма ніводнай аўтарскай рэплікі, бо мова персанажаў вычарпальна іх характарызуе),—знакавы, канцэптуальны для твора, у якім аддюстраваны працэсы рэабілітацыі ахвяр сталінскага і бальшавіцкага генацыду. За самае страшнае ў гісторыі чалавецтва злачынства не пакаяўся да гэтага часу яшчэ ніхто: ні канктрэтныя гістарычныя асобы, што кіравалі жудаснай машынай таталітарызму ці забяспечвалі яе шалёны бег, ні нават шамякінскі літаратурны персанаж. I ў гэтым Шамякін-творца не паграшыў супраць праўды. Так і жывём без пакаяння, множачы ўсё новыя і новыя грахі... Праз вернасць сяброўству, сумленню і прафесійнаму абавязку правёў пісьменнік і другога свайго героя — журналіста Шыковіча. Асабліва выдатна вытрымаў гэты герой выпрабаванне сяброўствам. I зноў трэба зазначыць, што пісьменнік з незвычайнай мастацкай сілай і пераканальнасцю ўмее ўславіць сапраўднае сяброўства паміж людзьмі. Прыгадаем вялікае і кранальнае сяброўства Сені Пясоцкага і Пятра Шапятовіча з пенталогіі «Трывожнае шчасце».
Наша захашіенне сяброўствам Яраша і Шыковіча нельга лепш выказаць, як праз усведамленне Зосі: «Заўсёды хораша ад іх вось такой дружбы». Так думае Зося, назіраючы цёплыя, шчырыя адносіны паміж сябрамі, знешне такімі рознымі. Назіраючы, пагаджаемся з думкаю пісьменніка і мы: сапраўды, шчырае сяброўства можа быць паміж тоўстым і тонкім, высокім і нізкарослым, імпульсіўным і стрыманым, але галоўнае паміж імі павінна быць агульным — сумленнасць. Не толькі прафесійны «сверб» і жаданне аднавіць парушаную справядлівасць, але і жаданне дапамагчы свайму сябру Ярашу было матывам нястомнага пошуку і «корпання» Шыковіча ў архіўных дакументах. Дорага заплацілі Яраш і Шыковіч за свае чалавечныя памкненні і парыванні. Абодва пазбавіліся дачаў; Шыковіча «выкачалі» ў брудзе, знайшоўшы ў ім ахілесаву пяту (мярзотнікі заўсёды пацэльваюць у самае балючае); а ў Яраша ледзь не развалілася сям'я.
Усімі сваімі творамі, а раманам «Сэрца на далоні» з асаблівай мастацкай сілай, I. Шамякін даводзіць, што сям'я — найвялікшы скарб чалавека і аданачасова падмурак людской супольнасці. Рушыцца сям'я — рушыцца ўсё ў грамадстве. Добрая сям'я — надзейны тыл і прыстанак чалавека, выток усяго людскага ў ім. Аднак пісьменнік мудра папярэджвае ўсіх нас, што сям'я, каханне — адначасова і надзвычай далікатны, тонкі, дарагі крышталь. Трэба быць вельмі мудрым, асцярожным і дбайным, каб піць з таго крышталю ўсё жыццё. Назначэнне жаночых вобразаў у рамане вельмі вялікае. Вобразамі Галіны Адамаўны і Валянціны Андрэеўны пісьменнік славіць жаноцкасць, пяшчоту, любоў, клопат пра дзяцей, сцвярджае, што ахоўніцай сямейнага ачага з'яўляецца жанчына. Лад, згода ці, наадварот, бязладдзе ў сям'і ў многім залежыць ад жанчыны, яе мудрасці.
Пісьменніцкае захапленне і ўсведамленне, якой павінна быць дзяўчына, увасоблена ў вобразе «залатой» Машы. Эпітэт «залаты» ў дачыненні да яе валасоў, нават павек з'яўляецца той дэталлю, што вызначае сутнасць вобраза. Пісьменніцкая выснова, што хараство чалавека, асабліва дзяўчыны, вызначаецца ўнутранай, духоўнай «падсветкай», не новая ў нашай літаратуры. Прыгадаем, што тыя ж урокі дае нам Лабановіч сваім бачаннем прыгажосці Ядвісі. Аднак нельга не захапляцца і майстэрствам Шамякіна, з якім ён дае ўрокі, асабліва моладзі, што духоўная прыгажосць дзяўчыны, яе паводзіны, яе мудрасць у многім вызначаюць паводзіны мужчыны, здольны паўплываць на яго душу, садзейнічаць яго сталенню. Як мужчына вызначаецца адносінамі да жанчыны, так жанчына вызначаецца сваімі паводзінамі, сцвярджае ўсім сваім творам пісьменнік. 3 яго мудрасцю нельга не пагадзіцца. Жаночая прыгажосць здольна ўплываць на свет і ўдасканальваць яго.
Усе мастацкія вобразы ў рамане, праз якія, як і праз «сюжэтны каркас», пісьменнік выяўляе сваё светаўспрыманне, вельмі пераканаўчыя. Але найболыпым пісьменніцкім майстэрствам, сапраўднай мастацкасцю вылучаецца вобраз Славіка Шыковіча. Гэта самы нестатычны вобраз. У ім увасоблена пісьменніцкая думка пра тое, як нялёгка быць маладым, нават калі твае бацькі сапраўды прыстойныя і сумленныя людзі, як цяжка расці чалавеку, як на рост ці на яго запаволенне можа паўплываць выключна ўсё, нават нейкая, здавалася б, дробязь. Самае цяжкае ў гэтым свеце — расці, змяняцца да лепшага, быць здольным перагледзець і свае ўчынкі, і свае каштоўнасці.
Менавіта праз гэты вобраз вырашаецца адна з галоўных праблем рамана — праблема бацькоў і дзяцей. Сям'я Шыковічаў у роспачы, пакутліва шукае адказу на пытанне, чаму так атрымалася, што іх сын расце пустадомкам, цынікам і хуліганам. Бацька — інжынер чалавечых душ, а на душу сына амаль ніякага ўплыву не аказвае. Маці — сейбіт разумнага, добрага, вечнага. Якога яшчэ лепшага выхавання, акрамя прыкладу сумленнага жыцця і сумленнай працы бацькоў, патрэбна, каб чалавек рос не так пакутліва і без такіх, як са Славікам, праблем? Пра тое палка і з абурэннем даводзіць і Шыковіч на бюро райкома, дзе за кепскае выхаванне сына яму аб'явілі вымову. Сапраўды, у нашых продкаў, што карысталіся галоўным прынцыпам народнай педагогікі — прыклад і праца, такіх праблем і ў такой ступені не было. Тады і адвечны мацярынскі клопат, як дасціпна яго вызначаў Славік, «каб лішняе з'елі і лішняга не выпілі», таксама быў толькі на карысць дзіцяці. Але час мяняецца. Сёння аднаго прыкладу і аднаго такога мацярынскага клопату мала. Неабходна і такая ўвага, і такое дбанне менавіта пра духоўнасць дзяцей, а не толькі «каб лішняе з'елі і лішняга не выпілі», як у сям'і Яраша, Уражвае эпізод, калі Яраш забараняе жонцы гаварыць пры дзецях пра «гнілыя зубы» пацыентаў, што так раздражняюць стаматолага Галіну Адамаўну. «Каб мне дзеці былі у слуху, каб я бацькам для іх век дажыў» — гэта пра Яраша. Тады і дзеці здольны будуць паўплываць на бацькоў, калі ў сям'і ўзнікнуць (а ў якой сям'і іх не бывае?) нейкія непаразуменні. «Я дапамагу ім. Я паміру іх», — цвёрда ўпэўнены Тарас, калі прыёмныя яго бацькі моцна пасварыліся. Вядома ж, праца, годнае акружэнне (з кім павядзешся, ад таго і набярэшся) таксама паўплывалі на Славіка. Гэта пераконвае ў рамане. Але наўрад ці «партыйны дакумент захапіў юнака», наўрад ці ў Славіка, як сцвярджае пісьменнік, магло наогул з'явіцца «захапленне велічнасцю праграмы» пабудовы камунізму. Славік быў уражаны, як зноў падкрэслівае пісьменнік, што «усе гаварылі з такой палымянасцю пра маральны кодэкс». Але ж у Славіка заўсёды ў душы быў справядлівы пратэст супраць неадпаведнасці паміж тым, што чуў і што бачыў. Ці не гэта і стала прычынай злому ў яго душы, а юначы максімалізм і цынізм — ахоўнай рэакцыяй і формай пратэсту? I наўрадці словы, што пачуў ён на камсамольскім сходзе, «прымушалі яго працаваць пановаму».
I ўсё ж публіцыстычнае, сацыяльна заказанае, пафаснае, якога нямала ў рамане, не здольна зацьміць яго галоўных мастацкіх вартасцей. Галоўная вартасць кніг I. Шамякіна —займальнасць сюжэтаў, эстэтычнасць вобразаў, праз якія пісьменік ставіць і вырашае тыя праблемы, што з'яўляюцца вечнымі і хвалююць нас сёння. Менавіта гэта ў творчасці пісьменніка вытрымала выпрабаванне часам, а час — галоўны ўсяму судцзя.