Беларускі Златавуст, або Хто мог быць аўтарам «Слова аб паходзе Ігаравым»
Аўтар «Слова аб паходзе Ігаравым», як прызнана многімі даследчыкамі, невядомы. Некаторыя заходнія вучоныя нават лічаць, што гэты твор - падробка пад старажытнасць, якая можа надлежаць збіральніку рукапісаў Мусіну-Пушкіну ці пісьменніку і гісторыку Карамзіну. Гэтую версію трэба адразу ж адкінуць па многіх прычынах, сярод якіх адна ўяўляецца галоўнай: хіба маглі людзі, што жылі ў канцы XVIII і ў пачатку XIX стагоддзяў так тонка і выдатна выкарыстаць старажытную сімволіку, старажытныя словы і словазлучэнні, зашыфраваць іх настолькі, што і да нашага часу навукоўцы разгадваюць сэнс «белых плям» у тэксце. Больш верагоднай уяўляецца версія, паводле якой песняром, што адважыўся апісаць няўдалы паход, мог быць дружыннік (а дружыннікі былі, за рэдкім выключэннем, пісьменныя людзі) князя Ігара ці Буй-Тура Усевалада. Чалавек, які не браў чынны ўдзел у паходзе, не мог так дакладна і па-мастацку вобразна апісаць усе яго дэталі. Напрыклад, тое, як сядаў на каня князь Ігар (цытуем па Купалавым перакладзе): «Тады князь Ігар уступіў у залатыя страмёны і паехдў па чыстаму полю». Ці тое, якія рэчы захапілі русічы разам з палавецкім абозам і як ганарыліся сваёй першай перамогай:;«Спазаранку ў пятніцу, патаптаўшы паганае войска палавецкае і рассыпаўшыся стрэламі па полі, паімчалі прыгожых дзяўчат палавецкіх, а з імі золата і папоны, і аксаміты дарагія; плашчамі, апоньчамі і. кажухамі ды ўсялякімі палавецкімі тканінамі ўзорнымі пачалі масты масціць па балотах і гразкіх мясцінах». Не менш уражнае веданне аўтарам дэталяў, вопраткі і паводзін русічаў і іх праціўнікаў: «Сцяг чырвоны, харугвя белая, чырвоны бунчук, сярэбраная дзіда - Святаслаўлічу Храбраму»; «Дзеці нячысцікавы клікам поле перагарадзілі, а русіны храбрыя загарадзілі яго шчытамі чырвонымі». Падрабязна паказаны і трывожны сон кіеўскага князя Святаслава, і ўцёкі Ігара з палону, і многае-многае іншае. Чалавек, які не ўдзельнічаў у паходзе, мог фантазіяй стварыць маналог вялікага кіеўскага князя, старонкі гераічнага трагічнага мінулага (міжусобіцы і іх вынікі, бітва на рацэ Нямізе), але паказаць ход бою — ні ў якім разе. Тым больш у такіх падрабязнасцях. Як і ўцекі
з палону князя Ігара. У гэтым я ўпэўнена.
Значыцца, аўтар, « Слова » - Ігараў дружыннік, які падзяляў ягоны лёс з пачатку да канца? Але адразу паўстае пытанне: «Ці мог нават самы таленавіты дружыннік (а можа, і сам князь Ігар) узцяцца да такой вышыні мастацкасці?» Ён павінен быў валодаць бясспрэчным талентам вялікага ( падкрэслім — вялікага!) майстра. I вось тут разважанні можна скіраваць у напрамак, абраны некаторымі беларускімі вучонымі. Яны пішуць, што ў Ігаравым гераічным, але бясслаўным паходзе мог удзельнічаць Кірыла Тураўскі, празваны рускім Златавустам за бліскучыя «Словы» на сняты, найцудоўнейшыя малітвы і іншыя творы. Не палянуемся, адкрыем «хрэстаматыю» па старажытнай літаратуры і ўчытаемся вось у гэтыя слаўныя радкі са «Слова па пасце»: «Ныне солнце, красуяся, к высоте вьсходить и, ра-дуюся, землю огреваеть, — взиде от гроба праведное солнце Христос и вся верующая ему спасаеть... Ныня зима греховная покаяниемь престала есть и лед неверия богоразумиемь растаяся...» Нават калі Кірыла Тураўскі і не ўдзельнічаў у паходзе сам, але як сучаснік князёў-ваяроў з полаўцамі, як знаўца пераказу ўдзельнікаў і сведкаў героіка-трагедыйных падзей і як надзвычай таленавіты пісьменнік ён мог пераўвасобіцца ў герояў «Слова», адчуць іх перажыванні, зразумець іх настрой. Яго рукой магло рухаць адчуванне бяды, што хмарай павісла над Радзімай. Ну а таленту не трэба было ні ў кога пазычаць.
На верагоднасць дадзенай версіі паказвае і тое, што ў знакамітым помніку не адзін раз, у сувязі з асуджэннем падзелу вялікай дзяржавы - Русі — на дробныя княствы і паслабленнем яе ад гэтага, а так-сама з ухвалой былой велічы краіны, згадваюцца будучыя беларускія землі, слаўны полацкі князь Усяслаў, празваны Чарадзеем, па віне якога і іншых князёў старарускіх пачаліся нягоды, якія заканчваліся крывавымі бойкамі: «На Нямізе снапы сцелюць галовамі, малоцяць цапамі сталёвымі, жыццё кладуць на таку, душу веюць ад цела». Маляўніча, з вялікай душэўнай трывогай і болем за трагічныя старонкі старадаўняй гісторыі ўсходняга славянства апісана сцэна бітвы на Нямізе - вынік разладу і спрэчак паміж князямі, што ўзраслі з аднаго кораня. Мала хто з іншых знакамітых людзей канца ХІІ стагоддзя так грунтоўна ведаў гісторыю. Яшчэ менш умелі яе прадставіць у вобразах. Лепш за ўсіх людзей з гэтай кагорты абраных мог выканаць місію песняра трагічнага паходу як урока нашчадкам наш славуты зямляк Кірыла Тураўскі.
Я галасую за дзве вёрсіі аднолькава: за тое, што аўтарства «Слова аб гіаходзе Ігаравым» належыць блізкаму да князёў дружынніку, і за тое, што мастацкі шэдэўр мог папісань святар, пісьменнік Кірыла Тураўскі.