Белорусские сочинения - Максім Танк - Вобраз маці, жанчыны, каханай у паэзіі Максіма Танка

Вобраз маці, жанчыны, каханай у паэзіі Максіма Танка

Ты пойдзеш у бой, а я плуг пакірую,
     каня накармлю, напаю,—
     і так абаронім, засеем, збудуем
     з табою краіну сваю.
     Ларыса Геніюш
     
     Максім Танк — пясняр вечных тэмаў. Вечная тэма — тэмамаці, жанчыны, каханай. Жанчына можавыступаць у розных абліччах. Але адно аблічча яе неўміручае — каханне, любоў. Калі здольная яна на гэта — яна жанчына. Маці. Любая. Дарадчыца. Ратавальніца. Жанчына, па Танку, — заложніца (у добрым значэнні гэтага слова) наканаванага ёй абавязку — любіць, кахаць. Паводле кахання нараджаюцца яе дзеці. I працягваюць яе добрыя справы, стараюцца быць на яе падобнымі. Каханне і звязаная з ім прыгажосць забяспечваюць ёй духоўную бессмяротнасць. Я не абмовілася — менавіта духоўную, а не фізічную. Так падумалася, калі перачытвала каторым разам славуты Танкаў верш «Готыка «Святой Анны». Велічны храм. Выява святой Анны. Нібыта грэшніца, але святая. Пакараная смерцю ў адпаведнасці з цемрашальскай мараллю, але вышэйшая сілай духу. Гэтай сілай духу, асляпляльнай знешняй прыгажосцю яна так зачаравала ката, што той тройчы ўзнімаў сякеру, і тая тры разы грукалася аб зямлю. Спаленая на агні, яна перамагла тых, хто паставіў сябе вышэй кахання, вышэй прыгажосці. Я паставіла побач каханне і прыгажосць, таму што іначай быць не можа. Калі парушаецца гармонія кахання і чорныя сілы накладваюць на яго сваю змрочную пячатку, разбураецца яно, і разбураецца адпаведная яму прыгажосць. Нічога не можа быць вышэйшага за каханне і прыгажосць — вось адзін філасофскі вывад Максіма Танка. Паводле кахання і прыгажосці нараджаецца жыццё. Усё тут узаемазвязана. Ідэя гэта асабліва яскрава выяўляецца ў вершы Танка «Ave Maria». Гэты верш выдатна прааналізаваў у сваёй цікавай кніжцы «Сустрэчы з днём сённяшнім», напісанай яшчэ ў канцы 60-х гадоў арыгінальны беларускі паэт, даследчык беларускай літаратуры, аўтар цудоўных кніг пра Купалу (раман-эсэ «Як агонь, як вада...»), Скарыну («Францыск Скарына, або Сонца Маладзіковае»), падручнікаў па слоўным мастацтве. Даследчык акцэнтуе ўвагу на тым, што паэт праводзіць у вершы ідэю загубленага мацярынства, схаванай у скляпеннях прыгажосці. Яно так і ёсць: за кратамі, у ізаляцыі ад свету, апынаецца прыгажуня-манашка, цудоўная кветка прыроды, патэнцыяльная каханка («О, як кахалі б вусны такія!»), маці («О, як кармілі б грудзі такія!»), працаўніца («О, як бы жалі рукі такія!»). Воклічы мастака, рэфрэн «Ave Maria», што паўтараецца ў кожнай страфе, сведчаць пра непрыняцце ім такой сітуацыі, калі каханне, мацярынства, прыгажо.сць у адным цэлым апынаюцца ў цемрадзі, схаванымі ад вачэй людзей. Паэт услаўляе Жанчыну, якая выпраменьвае і на яго, і на ўвесь свет прамяні радасці, нечага святочнага, натхняе, акрыляе, узнімае над будзёншчынай, прымушае забыцца на ўсё пачварнае і нізкае. Паэт рады сустрэчы з цудам прыроды і засмучоны, што яно раптоўна знікае пад каменнымі скляпеннямі храма. Нехта з маіх знаёмых назваў верш Максіма Танка антырэлігійным па змесце. Я не пагадзілася з ім: на першым месцы ў творы прыгажосць, Жанчына, а рэлігія мае да гэтага толькі ўскоснае дачыненне. Рэлігія, храм не вінаватыя ў тым, што гераіня абрала такі шлях, паклала на боскі алтар сваю незвычайную прыгажосць. Максім Танк — паэт філасофскага мыслення не мог паставіць перад сабой меркантыльную мэту — выкрыць рэлігійны дурман, які нібыта перашкаджае натуральнаму руху рэчаў, пазбаўляе Жанчыну права стаць Каханай, Маці, Працаўніцай наполі. Калі нешта падобнае ў вершы і ёсць, то, паўтараю, яно далёка не на першым плане. Я вызначыла б ідэйны пафас гэтага твора як гуманістычны, як заклік да шанавання жаноцкасці, кахання, прыгажосці.
     Многа чытаю твораў беларускіх і рускіх паэтаў. Многа думаю пра асобныя вершы, радкі, паэзію асобных аўтараў у цэлым. Назіраю, што некаторыя аўтары (пераважна мужчыны) просталінейна падыходзяць да раскрыцця праблемы кахання, мацярынства. Аблегчана неяк выказваюцца яны пра свае пачуцці. Любуюцца і захапляюцца больш сабой, сваёй знешнасцю (тыпу — а нішто сабе, яшчэ падабаюся жанчынам). Няма святога рыцарскага абагаўлення жанчыны, мадонны ў іх творах. Такога, якое было ў Багдановічавых шэдэўрах («Мадонны», «Вераніка»). У Максіма Танка ўлірыцы пра каханне, каханую, маці, жанчыну-працаўніцу я чую, бачу, перажываю падобныя рыцарскія адносіны да даравальніцы жыцця на зямлі. Можа, мне думаецца так таму, што я сама дзяўчына? Магчыма, гэта мне проста так здаецца? Але хіба не пераконвае нас у правільнасці майго назірання верш, прааналізаваны вышэй? Хіба не пераконвае ў гэтым твор «Мыццё бабкі Улляны». Ён сюжэтны (дарэмна пішуць, не зусім правільна падаюць у літаратуразнаўчых слоўніках, што лірыка бессюжэтная). Сюжэт нават часткова падзейны, эпізадычны: памерла вечная працаўніца бабка Улляна, якая не вылазіла з агарода, не адыходзіла ад печы — вечна палола, капала, сеяла, цягала чыгункі з варывам. Людзі сабраліся, каб абмыць яе перад дарогай у вечнасць. I не могуць дамыцца працоўных, скурчаных, мазольных рук — так у іх уеліся пясчынкі, сажа, сок зёлкаў. I вось такія ж, як яна, людзі бядуюць пра тое, як жа яна будзе такімі рукамі «ў дзверы раю стукаць». Выдатны твор. Усё такое празрыстае і зразумелае ў ім. Бабка Улляна — сімвал нашай неўміручасці, святасці, працалюбства, вернасці зямлі і спрадвечнай хлебаробскай справе. Такая ж ідэя закладзена і ў вершы «Рукі маці» — ідэя сонечнасці, светласці і святасці таго, што робіць на зямлі Жанчына, Маці. Маці заходзіць у хату, кладзе на стол свае святыя, спрацаваныя рукі, якія цалавалі вятры, і святлее ад іх у доме, як ад сонца. Жанчына — Каханая — Маці — Праца — Жыццё — вось цэнтральныя вобразы-сімвалы паэзіі Максіма Танка. Гуманістычнай, адкрытай. I ніхто і ніколі не пераканае мяне ў тым, што ў савецкі час стваралася слабая паэзія, што Танк пісаў вершы, прысвечаныя партыі, камуністам, а таму яны не маюць ніякай эстэтычнай каштоўнасці. Вершы песняра пра вечнае, агульначалавечае — для ўсіх, на вякі.