Белорусские сочинения - Максім Танк - Водгук на верш Ігнаціо Буціта (у перакладзе Максіма Танка) "Народ"

Водгук на верш Ігнаціо Буціта (у перакладзе Максіма Танка) "Народ"

Народ пранясе цябе, родная
     мова, святлом незгасальным
     у сэрцы сваім.
     Максім Танк
     
     Які незайздросны лёс напаткаў нашу мову... Якія актуальныя словы Янкі Купалы: «Беларусь павінна быць незалежнай дзяржавай. На Беларусі дзяржаўнай павінна быць беларуская мова...» Чаму англічане размаўляюць па-англійску, французы — па-французску, украінцы — па-ўкраінску, а беларусы — па-руску? Крыўдна гаварыць пра такое. Сэрца абліваецца крывёю, калі ўспамінаю, як нас вучылі і вучаць, «какой богатый и могучий русский язык».
     Верш Ігнаціо Буціта «Народ» (у перакладзе Максіма Танка) гучыць надзвычай злабадзённа. Ён адносіцца да грамадзянскай лірыкі. Верш масштабна паказвае праблемы нашага жыцця, а больш правільна сказаць — існавання. Аўтар сцвярджае тую думку, што народ багаты, гаспадар у сваёй краіне толькі тады, калі ў яго ёсць спадчына дзядоў і бацькоў — родная мова, калі яна квітнее і развіваецца. Для таго, каб пераканаць нас у гэтым, паэт ужывае наступныя мастацкія тропы.
     Ключом да верша з'яўляецца метафара «словы не нараджаюць». Адразу я ўявіла сабе вобраз нечага жывога, канкрэтнага, таму што нараджаць здольны толькі жывыя істоты. Народжанае дзіця — сімвал жыцця, змены аднаго пакалення другім. У вершы «Народ» народжанае слова таксама з'яўляецца сімвалам жыцця, але гэта жыццё народа. Нельга не захапляцца майстэрствам аўтара: ужыванне асабовага займенніка «мы» і яго формаў «нам» і «нас» далучае ўсіх чытачоў да праблемы. Мы не пасіўныя назіральнікі, а ўспрымаем усё так глыбока, як і сам паэт. У той жа час паўтор назоўніка «народ» аб'ядноўвае нас у адно цэлае, тым самым падкрэсліваецца, што толькі разам, у поўнай згодзе можна вырашыць нацыянальныя пытанні. Дзеясловы «абкрасці», «абрабаваць», «адабраць», «замкнуць» гавораць нам, якім пакутам і ахвярам можа быць падвергнуты народ. Аб гэтым сведчаць наступныя радкі:
     
     Можна адабраць у нас працу.
     Пашпарты. I стол, на якім ядзім...

     
     Аўтар хоча звярнуць увагу на словы праца, пашпарты, стол. Сапраўды, як можна жыць без яды, сну, пасведчання аб сваёй асобе? Хто такі чалавек без усяго гэтага?
     Паэт дае на гэта пытанне свой адказ, з якога зразумела, што і без рэчаў, што неабходны для жыцця, чалавек багаты, калі ён ведае родную мову. Нельга не звярнуць увагу на тое, што мы вінаватыя ў сваёй бядзе. I выкарыстаем мы свой шанс стаць на правільны шлях ці не выкарыстаем, гэта залежыць толькі ад нас.
     Гэты верш навёў мяне на роздум аб гісторыі нашай мовы: мы зведалі і паланізацыю, і русіфікацыю. I зараз не лепш. Калі пачынаеш размаўляць па-беларуску, то на цябе коса глядзяць. Няўжо ў новым тысячагоддзі не будзе ўсё па-новаму? Мне так хочацца, каб мы былі хоць крышачку падобныя да літоўцаў і латышоў, якія дасканала ведаюць сваю мову і гісторыю, маюць пачуццё самасвядомасці.
     Скажыце мне, навошта мы вывучаем рускую мову і літаратуру? Таму што рускія нашы браты? Дык чаму ж у Расіі не вывучаюць беларускую мову?
     Я ведаю, што гэтыя пытанні так і застануцца без адказу. Я ведаю, што ў нас нешта накшталт сацыяльнай катастрофы. Карціна нашага жыцця нагадвае «Герніку» Пабла Пікасо. Але я веру ў тое, што ўсё павінна змяніцца. Беларусы яшчэ ўбачаць усход сонца, і яшчэ будзе не адзін «залаты» век у нашай з вамі гісторыі.