Давераснёўская лірыка Максіма Танка
Максім Танк лічыцца заснавальнікам рэвалюцыйнай літаратуры ў былой Заходняй Беларусі. Ужо на старонках першай кнігі "На этапах", якая была канфіскавана паліцыяй, паэт-падпольшчык паказвае лёс і духоўны свет заходнебеларускіх працоўных.
Героем многіх давераснёўскіх твораў М. Танка з'яўляецца прафесійны рэвалюцыянер. Мастацкай пераканаўчасцю вылучаецца верш "Спатканне", у аснову якога леглі рэальныя факты з жыцця палітычных зняволеных. Стары селянін прыходзіць да сына (палітычнага вязня) на спатканне. Замест сына-пакутніка бацька ўбачыў мужнага байца, чалавека, моцнага духам, якога не палохае асабістая няволя.
Верш "Паслухайце, вясна ідзе" прадаўжае тэму, вызначаную ў "Спатканні". Палітвязень, устаўшы вясновай раніцай, не пазнаў куста бэзу: ён "расцвіў, агнём гарыць, такім пахучым, мяккім, сінім". Бэз — вястун новай, заўтрашняй вясны. Цвіценне бэзу — надзея нявольніка на хуткае вызваленне, вяртанне на свабоду, а свабода — гэта найвялікшае хараство. І як нельга спыніць цвіцення бэзу, так нельга ніякімі мурамі зламаць волю барацьбіта. І таму вельмі зразумелае жаданне героя верша вырвацца з-за кратаў на свабоду:
Я ціха разбудзіў другіх,
Ад слёз сінелі вочы бэзам.
І недзе хруснула ў худых
Руках іржавае жалеза.
Імкненне народа да ажыццяўлення вызваленчых нацыянальных задач знайшло сваё адлюстраванне ў журботна-лірычным вершы "Песня кулікоў". Пад завыванне завірухі селянін, які зведаў усе цяжкасці паднявольнага жыцця, гутарыць з госцем (падпольшчыкам):
Бачыш: у нас голад, жыць нялёгка, браце,
Хлеб на стол кладзецца толькі для гасцей.
Добра, калі хопіць бульбы ў нашай хаце
Да вясны, да першых з выраю гусей...
У словах селяніна адчуваецца нянавісць да прыгнятальнікаў, хваляванне за будучыню народа, заклапочанасць не толькі сваім матэрыяльным становішчам, адсутнасцю ў хаце маладога гаспадара (сына яго пасадзілі на 10 гадоў у астрог), але і нацыянальнымі праблемамі ("Каб далі вучыцца нам на мове роднай"). Рэвалюцыянер-падпольшчык умацоўвае веру старога селяніна ў хуткае вызваленне і шчаслівую будучыню:
Кажаш, — ужо хутка выпрастаем плечы,
Кажаш аб шырэйшых нівах, аб вясне.
Вось і я, здаецца, вылез бы з-за печы,
Хай пакліча толькі моладзь і мяне.
Верш прасякнуты сімволікай. Вельмі мнагазначным з'яўляецца матыў песні кулікоў, якія звычайна спяваюць вясной. Маладая жанчына, жонка асуджанага, напявае малому калыханку, і ёй самой здаецца, што гэта не мяцеліца галосіць у полі, а ў імгле плачуць кулікі:
Спі, засні, маленькі... або лепш паслухай,
Як, зблудзіўшы недзе, плачуць кулікі.
Песня кулікоў зімой — гэта добры знак, прадвяшчэнне лепшай долі. І хоць мяцеліца, сімвал прыгнечанасці, яшчэ вые ў полі, але яе змяняе спеў кулікоў. Сустрэча юнака-падпольшчыка і старога селяніна сведчыць аб еднасці пакаленняў, у якіх адзіная мэта, адзінае жаданне.
У давераснёўскай лірыцы М. Танк з напружанай шчымлівасцю расказвае пра шматпакутную гісторыю народа, хараство родных палёў, лясоў, пра беларускую мову, скарбы народнага мастацтва. Ён узнімае голас пратэсту супраць жорсткай раз'яднанасці людзей ва ўласніцкім свеце. У гэты перыяд ён піша паэмы "Нарач", "Журавінавы цвет", "Каліноўскі". Падзеям верасня 1939 г. М. Танк прысвяціў верш "Здарова, таварышы!", у якім выказаў пачуцці вызваленых працоўных Заходняй Беларусі, паказаў іх нялёгкую барацьбу з прыгнятальнікамі.
Давераснёўскую творчасць сам Максім Танк назваў "паэзіяй народнага гора і барацьбы". У творах гэтага перыяду знайшлі праўдзівае адлюстраванне цяжкае жыццё народа, яго імкненне да вызваленчай барацьбы, пратэст супраць штучнай раз'яднанасці людзей, вера ў непазбежнасць надыходу лепшых дзён.