Белорусские сочинения - Максім Танк - Заходнебеларускі перыяд творчасці і творчасць гадоў Вялікай Айчыннай вайны Максіма Танка

Заходнебеларускі перыяд творчасці і творчасць гадоў Вялікай Айчыннай вайны Максіма Танка

Пачатак літаратурнай дзейнасці Максіма Танка звязан з жыццём і барацьбой народа Заходняй Беларусі ў тыя часы, калі яна яшчэ знаходзілася ў межах панскай Польшчы. Шырокі налыянальна-вызваленчы рух ахапіў тады Заходнюю Беларусь.

Сапраўднае прозвішча.М. Танка — Скурко Яўгені Іванавіч. Нарадзіўся ён 17 верасня 1912 года ў сям'і селяніна вёскі Пількаўшчына Мядзельскага раёна Маладзечанскай вобласці. Сям'я гэта была вялікая, бо дзед, усе яго сыны і ўнукі жылі непадзельна і так-сяк перабіваліся, як гаворыцца, з хлеба на квас. Але вайна 1914 года прынесла ёй амаль поўнае разбурэнне: дзядзькі і бацька Яўгенія былі мабілізаваны ў войска, а сам Яўгені з маці былі вымушаны ехаць у бежанцы.

Толькі ў 1922 годзе сям'я Яўгенія Скурко змагла вярнуцца назад на «сваю» зямлю, на радзіму, занятую белапалякамі, і малы Яўгені апынуўся ў глухой мясцовасці, на дзедавым хутары, зусім спустошаным вайной.

Яшчэ хлопчыкам адчуваў Яўгені ўсёй сваёй істотай сацыяльную несправядлівасць пануючага ладу. У раннія юнацкія гады ён ужо не мог заставацца пасіўным назіральнікам такога жыцця; у яго свядомасці расце пратэст. Яўгенію становіцца душна і цесна нa хутары дзеда, яго кліча горад, і юнак, скончыўшы вясковую школу, просіцца ў бацькоў адпусціць яго вучыцца. Бацькі згаджаюцца, і Я. Скурко едзе ў Вілейку працягваць сваю асвету.

У гэты час панская Польшча асабліва «старанна» праводзіла свой паланізатарскі «план», і школу, куды паступіў вучыцца Яўгені, закрылі. Тады ён падаўся ў Радашковіцкую беларускую гімназію. Але польскія ўлады закрылі і Радашковіцкую беларускую гімназію.

Упарты і настойлівы ў дасягненні мэты, Яўгені едзе ў Вільню, дзе яшчэ існавала Віленская беларуская гімназія, куды ён і паступае, каб атрымаць хоць сярэднюю адукацыю, але здзейсніць гэта яму і тут не прышлося.

Пратэст народа супроць нацыянальнага ўціску ўзрастаў з усё большай і большай сілай, узнікалі падпольныя рэвалюцыйныя арганізацыі, якія ахапілі ўсю тэрыторыю Заходняй Беларусі. Рэвалюцыйная вучнёўская моладзь таксама не адставала, і Віленская беларуская гімназія выразіла свой пратэст забастоўкай. Для «навядзення парадку» прыскочыла паліцыя: вучнёўскую моладзь збілі і шмат каго арыштавалі. Затым былі прыняты далейшыя «меры ўсмірэння»: многіх вучняў выключылі з гімназіі, у тым ліку і Яўгенія Скурко.

Каб скрыцца ад польскай дэфензівы, Яўгені вымушан пакінуць горад і пераехаць да бацькоў, дзе ён некаторы час працуе на гаспадарцы; затым ён вучыцца на меліярацыйных курсах, адкуль яму ўдаецца паступіць зноў у Віленскую гімназію, але ўжо ў рускую, якую ён і скончыў у 1932 годзе. На гэтым Яўгені спыніў сваю асвету і цалкам аддаўся рэвалюцыйнай рабоце. З гэтага часу пачынаецца складаны шлях яго жыцця, поўны змагання, па гэтым шляху ён і ішоў аж да дня вызвалення Заходняй Беларусі.

У гэтыя ж гады Яўгені Скурко выступае ў літаратуры пад псеўданімам М. Танка, горача заклікаючы сваімі вершамі народ да барацьбы. Пры актыўным удзеле М. Танка ў 1932 годзе выдаецца падпольны. часопіс «Пралом», старанна надрукаваны ад рукі і выпушчаны ў свет некалькімі экземллярамі. Паліцыя перахапіла адзін экземпляр. М. Танка арыштавалі. Але родныя ўзялі яго на парукі. Некаторы час паэт працуе дома на гаспадарцы, а затым, перайшоўшы на нелегальнаё становішча, аддаецца падпольнай рабоце з тым жа юнацкім запалам, але ўжо з некаторым вопытам падпольнага работніка. Ён кіруе работай ужо існуючых арганізацый і арганізоўвае новыя.

Падаўляючы рэвалюцыйны рух на «крэсах усходніх», польская жандармерыя сачыла за кожным «падазроным», рассылаючы сваіх «гончых» ва ўсе куткі. Сышчыкі дэфензівы сачылі і за М. Танкам. У 1933 годзе паэта арыштавалі ў той момант, калі ён прыехаў для чарговага інструктажа арганізацый м. Глыбокае. Тут яго схапілі жандармы і, адзеўшы на рукі кайданы, адправілі ў турму. Віленскі суд прыгаварыў М. Танка да шасці год турэмнага зняволення, хаця ні следчым, ні суддзям не ўдалося даведацца ад маладога падпольшчыка аб яго непасрэднай рабоце і рабоце існаваўшых падпольных арганізацый.

Прымаючы пад увагу гэту акалічнасць, М. Танк падаў апеляцыю і дабіўся таго, што тэрмін турэмнага зняволення быў скарочан да двух год, з пазбаўленнем у правах на восем год.

Турэмныя краты не зламілі валявога характару М. Танка, а, наадварот, яшчэ больш загартавалі яго. Паэта не пакідае вера ў плённы вынік барацьбы.
У вершы «Спатканне» ён пісаў:

Мы вернемся вясной
I выйдзем ў поле грамадой,
Яшчэ убачым свет зары.
Вясною новаю з-за крат
З сяўнёю поўнаю зярнят
Нас выйдзе шмат, як цёмны бор...

Натхнёны прагай барацьбы, М. Танк піша вершы вялікай рэвалюцыйнай сілы, запальваючы агнём сэрцы звяволеных.
He паспеўшы выйсці на волю, паэт зноў стаяў перад панскім судом, які прыцягнуў яго на лаву падсудных за рэвалюцыйныя вершы, напісаныя і распаўсюджаныя ў турме. Але М. Танку ўдалося адвесці ад сябе гэта абвінавачанне і, адбыўшы тэрмін першага зняволення, ён вырваўся на волю. З імпэтам і мэтаімкнёнасцю ўзяўся зноў за справу малады паднольшчык, не закідаючы і літаратурную творчасць.

У 1936 годзе падпольная арганізацыя выдае першы зборнік вершаў М. Танка пад назвай «На этапах», у які былі сабраны ўсе лепшыя творы паэта, малюючыя цярністы шлях смелых змагароў за волю.

Гразнуць змораныя ногі
У каляінах...
— Што, этап яшчэ далёка? —
Раны востра забалелі.

………………………….
Мы ідзем у час найгоршы
Смерці, волі на спатканне?
Гэта ўжо этап апошні, —
Заўтра ўстанем!

Змест вершаў зборніка «На этапах» устрывожыў паліцыю. Амаль усе экземпляры зборніка былі канфіскаваны, удалося захаваць толькі 200 кніжак.

Пераканаўшыся ў рэвалюцыйнай значымасці сваіх твораў, М. Танк прадаўжае пісаць, старанна апрацоўваючы кожны радок верша так, каб ён палаў агнём барацьбы, быў прасякнуты бязмежнай любоўю да народа і яраснай нянавісцю да ворагаў. У 1937 годзе падпольная арганізацыя выдае паэму М. Танка «Нарач» і зборнік вершаў «Журавінавы цвет», а ў 1938 годзе — зборнік «Пад мачтай».

Вядомасць таленавіты паэт набывае яшчэ ў 1930 — 1932 годзе. Рукапісы яго вершаў з жарам чытаюцца перадавой моладдзю, захапляючы яе грамадска-палітычным зместам і рэвалюцыйнай бадзёрасцю, глыбінёй думкі і паэтычным майстэрствам. Сіла ўплыву вершаў М. Танка на рэвалюцыйную моладзь была настолькі моцнай, што іх старанна і ахвотна перапісвалі для распаўсюджвання сярод шырокіх народных мас.

На развіццё талента М. Танка вялікі ўплыў мела класічная руская і беларуская літаратура. К таму часу, як М. Танк пачаў пісаць, ён прытрымліваўся прынцыпаў рэалізма і рэвалюцыйнага рамантызма М. Горкага, В. Маякоўскага, Янкі Купалы і Якуба Коласа. Яго паззія становіцца вострай зброяй у барацьбе народа за сваё вызваленне.

Тэматыка твораў М. Танка даволі разнастайная. Яна адпавядае часу і асноўным матывам паэзіі, поўнасцю раскрываючы ідэйную накіраванасць творчасці.

Падуладная Польшчы беларуская вёска, яе шэры непрыглядны быт, нясцерпна-цяжкае жыццё сялян, барацьба за незалежнасць, за чалавечую годнасць, за шчаслівае будучае — тэмы твораў паэта з 1932 па 1939 год.

Цэнтральны герой паэзіі М. Танка — нястомны змагар і верны сын народа. Ён смелы і мужны, стойкі і непахісны; ніякая жыццёвая бура нe зломіць яго; нішто і ніхто не прымусіць яго скарыцца.

У вершы «Вянок» мы чытаем:

Так цяжка ў далонях мазольных нясці
Штандары, схіліўшы над вамі, байцы.
I класці апошні вянок...

…………………………………
Устануць другія бунтарскія дні.
Яшчэ мы на вашы магілы прыдзём
I разам з парывамі новай вясны
Акрытыя славай штандары ў агні
— Клянёмся — мы вам прынясём.

З чаго гэты вянок і кім ён быў ускладзены на магілы кракаўскіх і львоўскіх рабочых, расстраляных паліцыяй за ўдзел у дэманстрацыі 1936 года?

I песні змагання, і сны змагароў,
Расцвіўшыя ранняй вясною ў зару, —
З-пад Нарачы сіняй, з Віллі берагоў,
Ўсe лепшыя краскі з батрацкіх шнуроў
Сабрала ў вянок Беларусь...

і ўсклала на магілы байцоў Заходняй Украіны. «Усе лепшыя краскі з батрацкіх шнуроў» сабрала Беларусь для вянка.
На працягу ўсяго складанага шляху барацьбы, які знайшоў поўнае адлюстраванне ў творчасці М. Танка, змагар-герой застаецца да канца аптымістычным; ён сугуба лірычны і зліваецца з асобай самога паэта, які сам змагаўся, смела кідаючыся ў бой, заклікаючы і ведучы за сабой другіх.

Побач з героем, маладым смелым барацьбітом, паўстаюць і другія, яікія спачуваюць яму, разумеюць яго і дапамагаюць, чым толькі могуць. Гэта вобраз дзеда, маці, бацькі, жонкі, каханай дзяўчыны.

Вось перад намі стары дзед. Ён цікавіцца справай маладых і пытае свайго ўнука, ці многа ў астрозе сядзіць людзей, як яны сябе адчуваюць, аб чым думаюць, да чаго імкнуцца? Ён запрашае падарожнага пераначаваць і садзіцца разам есці бульбу. Завёўшы гутарку з падарожным, спачатку ён, ціхі і спакойны, жаліцца госцю на сваю беднасць, галечу і на тое, што прымушаюць маўчаць, а інакш — караюць: «Вось і зараз маладых нямала, скуўшы, павялі»; далей ён ужо ставіць пытанне:

— Ну, скажы, ці доўга гэтак будзе так?
Сеяць усё сеем —
З рана да паўночы,
Каб на нашых нівах красаваўся мак.
А ў нас цёмна, змрочна...
Ды сядзім ўпоўголад над галодным квасам,
Нашы сцежкі ў полі замятае снег.

І калі падарожны загаварыў аб «шырэйшых нівах, аб вясне» і сказаў, што «хутка выпрастаем плечы», дзед ажывае, вочы яго загараюцца надзеяй і гатоўнасцю ісці на дапамогу маладым змагарам.

Вось і я, здаецца, вылез-бы з-за печы
Хай пакліча толькі моладзь і мяне.

«Песня кулікоў».

І ўжо вера ў будучае свайго народа не пакідае дзеда. У паэме «Кастусь Каліноўскі» ён сам расказвае пра смелага і самаахвярнага народнага героя, запэўняючы сваіх слухачоў, што Каліноўскі аддаў жыццё за народ нездарма.

Прыдуць дні, аб якіх вякі варажылі,
Дні, якіх мы не жалі яшчэ, не касілі;
Дзе задумаў — свабодна прайшоў, —
Hi равоў, ні гранічных слупоў.

«К. Каліноўскі».

Гэтыя дні маглі надыйсці для Заходняй Беларусі пасля Кастрычніцкай рэволюцыі, але нямецкая, a пасля белапольская акупацыя затрымалі іх прыход. Але і акупанты не маглі спыніць узброенай барацьбы народа. Вось што піша Максім Танк пра свайго дзеда, успамінаючы нядаўняе мінулае ў вершы «Восень тлее»:

I калі паліцыя ў сяло прыхадзіла —
Выкрадаўся першым,
I хаваў жвіроўку, і ў дупло
Радзіў мне хаваць і мае вершы.

Так раскрывае М. Танк перад чытачом аднаго з сваіх герояў у плане паступовага росту яго свядомасці.

Пачэснае месца займае ў паэзіі М. Танка вобраз маці. Гэты вобраз асабліва сагрэт сардэчнай цеплынёй і выклікае асаблівае замілаванне. Яна, верная жонка і адданая маці, падзяляе цяжкі лёс свайго мужа, а потым — сына.

Яна, спяваючы над калыскай маленькага сына, расказвае пра бацьку, што сядзіць у астрозе, хоць маленькі сын яшчэ нічога не разумее:

Ёсць далёка у горадзе дом,
Ходзіць стража, пільнуе кругом.
У астрозе на нарах не раз,
Пэўна, думае нехта пра нас...

………………………………..
Спі... Мы заўтра напішам яму...
«Над калыскай».

Прайшоў час. Сын вырас і пайшоў, як бацька, па дарозe змагання. Маці, жывучы ў страшэннай беднасці, прадае апошняе, каб купіць сыну хлеба і перадаць у астрог, куды яго кінулі паны.

Сына ў няволю забралі...
Доўгі астрожныя дні,
Трэба паслаць яму хлеба, —
I прадаю васмярні.

………………………….
Сына я вырву з астрога!
«Ткала я, ткала палотны».

Яна верыць, што прыдуць другія часы, аб якіх ёй расказваў сын:

Гнуцца, матуля, не будзем
Больш у паноў за сярпом,
Ясную долю здабудзем,
Лепшым жыццём зажывём...

«Ткала я, ткала палотны».

Аб гэтым лепшым жыцці марыў сам паэт, за яго сам змагаўся і заклікаў верыць у яго і змагацца за яго сваіх чытачоў. I гэтая вера спраўдзілася: паэт дачакаўся дня – 17 верасня 1939 года.

Пасля вызвалення Заходняй Беларусі М. Танк пераязджае ў Мінск. Тут яго прымаюць у члены Саюза Савецкіх пісьменнікаў БССР.

У 1941 годзе на нашу краіну вераломна напалі нямецка-фашысцкія захопнікі. Матывамі гераічнай ваяўнічасці прасякнуты творы паэта перыяда Вялікай Айчыннай вайны. Велічныя падзеі гэтага часу знаходзяць сваё пэўнае адлюстраванне ў творчасці М. Танка.

Яго вершы «He шкадуйце, хлопцы, пораху», «Падымайся, Беларусь», «Ты будзеш жыць, радзіма!», «Мы ў свой горад прышлі», «Да зброі, Беларусь» і іншыя — гэта сімфонія народнага гневу і гімн перамогі. Вось перад намі ўрыўкі верша «Мы ў свой горад прышлі»:

Бо хто толькі прайшоў
Па зямлі беларускай і відзеў
Трысцянец і галоў
Дагараючыя піраміды...

…………………………….
Той не хутка ізноў
Знойдзе сон пад радзімы страхою,
Пакуль попел з палёў
Ён пе змые варожай крывёю
I не пройдзе па ўсёй па зямлі,
Ад агню пачарнеўшай,
Мсціўцам грозным, суддзёй,
Што асудзіць жывых і памершых...

Вялікую глыбіню і сілу набывае мастацкае слова паэта ў развіцці тэмы Айчыннай вайны.

Непахісны і моцны народ, велічны гіганцкай сілай у барацьбе з ворагам, адважны і смелы ў зніштажэнні ўсіх, хто адважыўся пасягнуць на наша вольнае, шчаслівае жыццё, — асноўны вобраз паэзіі М. Танка часоў Айчыннай вайны.
Пазнаёміўшыся коратка з творчасцю гэтага перыяду М. Танка, няцяжка зрабіць вывад, што грамадска-палітычны верш — асноўны жанр творчасці М. Танка, але і іншыя паэтычныя жанры ўласцівы яму. Для разгортвання шырокіх палотнаў жыцця або барацьбы народа М. Танк піша паэмы «Нарач», «Журавінавы цвет», «Кастусь Каліноўскі», «Янук Сяліба». Зрываючы маску з ворагаў народа, здраднікаў, паэт выражае горкую і едкую іронію сатырычнымі вершамі: «Пачатак оды», «На смерць ката» і інш. Даволі значнае месца ў паэзіі М. Танка займае пейзажная лірыка. Сустракаюцца ў М. Танка і вершы інтымнай лірыкі, але і гэтым вершам паэт надае грамадска-палітычны сэнс.

За выдатныя заслугі Максім Танк узнагароджан ордэнам Чырвонага Сцяга, медалямі «Партызану Айчыннай вайны 1-й ступені», «За абарону Масквы», «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.».