Ідэйны змест паэмы Максіма Танка «Люцыян Таполя». Праблема мастака і мастацтва ў паэме. Увасабленне свабодалюбства, таленавітасці народа ў вобразе Люцыяна Таполі.
...Тут зямля такая! М. Танк
У М. Танка ёсць цудоўны верш з фальклорнай рэмінісцэнцыяй на ўзроўні сюжэта.
...Хадзілі мужыкі па свеце ў пошуках шчасця і прыйшлі ў чароўны край азёр і лясоў. Стаміліся, прылеглі адпачыць і прачнуліся ад нейкай дзівоснай музыкі, што лілася немаведама адкуль. Кінуцца ў адзін бок — нідзе нікога, у другі — таксама ні душы.
Адзін кажа: «Можа, гэпга здань?» Другі кажа: «Мо трава спявае?» Толькі трэці, прылажыўшы вуха, Кажа: «Браткі! Тут зямля татя!»
Беларуская зямля — краіна талентаў. Гістарычна так склалася, што беларусу даводзілі, быццам ён ні да чаго высокага не здатны і можа толькі быць «панам сахі і касы». Сцвярджэнню таленавітасці беларускага народа прысвячаецца многа самых дасканалых мастацкіх твораў: паэма Я. Купалы «Курган», Я. Коласа «Сымон-музыка», аповесць 3. Бядулі «Салавей». У шэрагу лепшых твораў пра ролю і прызначэнне мастака і мастацтва — і паэма М. Танка «Люцыян Таполя».
Заслуга М. Танка ў вырашэнні праблемы мастака ў грамадстве заключаецца найперш у наватарстве. Спалучыўшы ў творы рамантычнае і рэалістычнае, паэт выражае асноўны канфлікт паміж таленавітым разьбяром Люцыянам Таполем з біскупам Сямашкам, носьбітам зла, на ўзроўні поўнай перамогі творцы над тым, хто пасягнуў на яго творчасць. Біскуп Сямашка ў фігурах і вобразах аформленай Люцыянам Таполем па яго заказе капліцы сярод хімер і гадаў пекла ўбачыў сатану ва ўласным абліччы. Не вытрымаўшы гэтага, Сямашка памірае. Моцная, выключная асоба, надзеленая такім незвычайным дарам, што пад яго рукамі «ажывала нават нежывое, немагчымае рабілася магчымым: гнуўся камень, а з звычайнай цэглы, быццам з бронзы, паўставалі здані», уступае ў канфлікт з абставінамі і не гіне, як гэтага патрабуюць законы жанру паэмы, а выйграе бітву са злом.
Такое наватарскае вырашэнне канфлікту выяўляе філасофскую думку пра бяссмерце народа, пра сілу мастацтва ў барацьбе за разняволенне.
Сутнасць канфлікту заключаецца ў розных поглядах і стаўленні герояў-антыподаў да мастацтва.
Мастацтва Таполі, «па мянушцы, проста Багароб», было вельмі зямным. Яго ідэалам былі людзі працы, з якімі ён звязаны агульным горам і нядоляй. Каханая Тэкля, да якой калісьці сватаўся, мядзельскія плытагоны Сцяпан і Харытон — вось героі яго навагодняй батлейкі, у якой царкоўныя сюжэты паступова выцясняліся сцэнамі з народнага жыцця. Выразаныя Таполем з дрэва апосталы, прарокі і анёлы абуджалі не паслушэнства і пакору, а радасць жыцця, імкненне да волі, пачуццё гордасці за чалавека працы. Гэта быў сапраўдны гімн чалавеку працы, яго духоўнай велічы і хараству і адначасова дзёрзкі выклік царкве.
Сюжэт у паэме дасягае сваёй кульмінацыі, калі апісваецца, як разгневаны такім «святатацтвам» Таполі біскуп Ся машка прыдумаў кару для разьбяра: «пад страхам пекла і пракляцця цэлых дзесяць год адбыць пакуты і не брацца за сваё майстэрства». Вобразна і асацыятыўна М. Танк паказвае пакуты мастака, пазбаўленага магчымасці несці «агонь душы і сэрца жар» людзям, рэалізаваць свой талент:
Дзесяць год!
За гэты тэрмін дрэва
Дзесяць раз убор зялёны зменіць,
Дзесяць пакаленняў салаўіных
Выкалыша на сваіх галінах,
Дзесяць залатых кругоў адложыць,
Як пярсцёнкаў, каля сарцавіны.
Што тады казаць пра чалаеека!
Анафара «дзесяць», клічныя сказы, паралелізмы і асацыятыўныя сувязі са з'явамі ў прыродзе — усё садзейнічае выяўленню сапраўднай драмы чалавека, у якога адабралі галоўнае, чым ён жыў. Але моцная, незвычайная асоба, якой быў Люцыян Таполя, вытрымала і гэта выпрабаванне. Зведаўшы шмат зямель, пабачыўшы бяды і гора, ён праз дзесяць год вяртаецца ў родныя мясціны. Біскуп Сямашка, не пазнаўшы ў сівым «старцу» праклятага ім дзесяць год таму грэшніка, даручае яму будаваць і аформіць капліцу. Не выклік Богу, змагацца з якім — кідаць камяні ў неба, не прага помсты біскупу Сямашку, а выклік яго цемрашальству, якое пасягала на сілу і талент народа, надавала сілу творцу. Праз матыў творчасці таленавітага разьбяра выяўляецца пісьменніцкае ўсведамленне матываў творчасці мастака наогул: «пакінуць пакаленням след жыцця свайго, сваіх пакут, сказ пра мары, пра свае імкненні». На гэты раз Таполя ўжо паказаў у сюжэце і вобразах пекла тыя сілы, што пасягаюць на мары і імкненні народа, «душаць сілы маладыя». Таполя змагаецца з сіламі зла і перамагае.
Легендарным сюжэтам паэмы пра далёкае мінулае, калі царква мела неабмежаваную ўладу над чалавекам, а ад творцы патрабавала выканання сацыяльнага заказу, вобразам Люцыяна Таполі паэт сцвярджае думку пра бяссмерце таленту народа, даводзіць, што народнае мастацтва — сіла, якой можна не толькі змагацца з крыўдзіцелямі, але і перамагаць іх.
Паслядоўны і настойлівы М. Танк у сваім усведамленні і перакананні таленавітасці народа. «Казка пра Музыку», гісторыя палескага музыкі Куліка з паэмы «Янук Сяліба», вобраз Дубягі з «Балады пра партызана Дубягу» таксама славяць беларускі народ і сцвярджаюць, што беларуская зямля — «край паэтаў», музыкаў, зямля талентаў.