Вобраз палясоўшчыка Тараса ў паэме "Тарас на Парнасе"
Паэма "Тарас на Парнасе" напiсана ў сярэдзiне XIX ст. Аўтарства яе прыпiсвалася В. Равiнскаму, Т. Манькоўскаму, В. Дунiну-Марцiнкевiчу, А. Вярыгу-Дарэўскаму, студэнтам Горы-Горацкага сельскагаспадарчага iнстытута. Г. Кiсялёў лiчыць, што паэму напiсаў Канстанцiн Веранiцын, якi нарадзiўся на Вiцебшчыне. Гэтай думкi сёння прытрымлiваецца большасць даследчыкаў. Галоўны герой паэмы — палясоўшчык Тарас. Гэта чалавек дасцiпны, кемлiвы, сумленны ў адносiнах да сваёй працы. Ён па-свойму, крыху смешна, успрымае жыццё i тлумачыць яго на свой сялянска-практычны лад. Аднойчы, стомлены нялёгкай працай, Тарас прысеў адпачыць i заснуў. У сне з iм здараюцца неверагодныя прыгоды: уцякаючы ад мядзведзя, Тарас трапiў у яму i аказаўся на тым свеце, пры дарозе, што вяла на гару Парнас. Падымаючыся на гару, ён сустракаецца з вядомымi пiсьменнiкамi Пушкiным, Лермантавым, Жукоўскiм, Гогалем, якiя выступалi за дэмакратызацыю лiтаратуры, яе народнасць i гуманiзм. Тут жа, ля падножжа гары, Тарас бачыць пiсьменнiкаў-рэакцыянераў Грэча i Булгарына, да якiх адносiцца з iронiяй, сарказмам. Так, партрэтная замалёўка Булгарына носiць з'едлiвы, выкрывальны характар:
Гляджу сабе - аж гэта сiвы,
Кароткi, тоўсты, як чурбан,
Плюгавы, дужа некрасiвы,
Крычыць, як ашалелы, пан.
Аўтар твора, як бачым, добра ведаў лiтаратурна-грамадскую барацьбу таго часу, выступаў супраць афiцыйных iдэй класiцызму, супраць iдэалiзаванага паказу жыцця беларускага сялянства, псеўданароднасцi. На Парнасе Тарас трапляе ў палац, дзе жывуць багi. Гэта звычайны сялянскi двор, на якiм "свiннi ходзяць, сабакi, козы, бараны". Багi, адкрывае для сябе Тарас, жывуць як звычайныя сяляне, падобныя да iх. Яны вядуць гаспадарку, носяць звычайнае адзенне, ядуць традыцыйныя сялянскiя стравы (кулеш, капусту, крупнiк), танцуюць народныя танцы, мыюць у начоўках кашулi i порткi. Венера, напрыклад, нагадвае герою паэмы сялянскую дзяўчыну. Яна "чырвона, тоўста, круглалiца", што адпавядае сялянскаму iдэалу жаночай прыгажосцi. Праўда, не зусiм падабаецца яна Тарасу, бо ўвесь час круцiцца перад люстэркам, дбаючы толькi пра сваю прыгажосць. Не даспадобы палясоўшчыку разбэшчаныя, схiльныя да п'янства, уладалюбiвыя багi (Зеўс, Бахус, Амур). I толькi да Гебы, якая вядзе ўсю гаспадарку, Тарас ставiцца з сiмпатыяй i спачуваннем. З багамi Тарас трымае сябе ўпэўнена, з пачуццём уласнай годнасцi. Яму ўласцiвы народны гумар, уменне адчуваць прыгожае i захапляцца iм. Сваiм танцам герой паэмы зачараваў, здзiвiў багоў: Як стаў прыстукiваць атопкам, Аж рот разявiлi багi:
То ён прысвiсне, то прытопне,
То шпарка пойдзе у кругi.
Калi ўжо багi захапiлiся танцам селянiна, то, мусiць, неабходна звярнуць увагу на народнае мастацтва, на таленавiтасць простага чалавека. Гэтая прагрэсiўная думка i выказваецца ў паэме. Просты беларус, лiчыць аўтар, мае поўнае права заняць месца сярод багоў, мiфiчных герояў i людзей самага высокага рангу. На Парнас (i ў лiтаратуру) прыйшоў кемлiвы, разважлiвы, дасцiпны, разумны чалавек. Паэма "Тарас на Парнасе" спалучае ў сабе два моманты: рэальны i казачны. Рэальнымi з'яўляюцца паляванне i служба Тараса, адносiны да яго пана i войта, апiсанне заняткаў простых людзей (як яны "хазяйства водзяць", як лапцi падплятаюць, робяць рыбалоўныя сецi, як апранаюцца, што ядуць, як праводзяць вольны час). Казачнай (умоўнай) з'яўляецца сцэна пад гарой i на гары Парнас, дзе Тарас сустракаецца з вядомымi i невядомымi пiсьменнiкамi, лiтаратурнымi персанажамi, антычнымi багамi (дзеянне адбываецца ў сне). Такая кампазiцыя твора, дзе пераплятаецца рэальнае i казачнае, дазволiла аўтару смела выявiць свае адносiны да пiсьменнiкаў i лiтаратурнага працэсу, да жыцця багатых i бедных людзей. Сам жа твор нагадвае вясёлую казку: ёсць у ёй падземнае царства, незвычайныя прыгоды, здарэннi i шчаслiвы канец. I гэтай казцы з слаўным палясоўшчыкам Тарасам суджана доўгае жыццё i нязменны поспех у чытачоў. Паэма з'явiлася крынiцай натхнення для сучасных беларускiх пiсьменнiкаў. У канцы 80-х гг. была апублiкавана паэма Ф. Ведзьмака-Лысагорскага "Сказ пра Лысую гару", у якой таксама ў форме дасцiпнага жарту паказана жыццё сучасных пiсьменнiкаў.