Белорусские сочинения - Міхась Зарэцкі - "I нічога, апроч праўды..." (Міхась Зарэцкі і яго час)

"I нічога, апроч праўды..." (Міхась Зарэцкі і яго час)

Даваенная беларуская літаратура, асабліва ў 30-я гады, развівалася ва ўмовах таталітарнага ўціску. Мала хто з беларускіх пісьменнікаў пачуваў сябе спакойна і незалежна. Многія жылі прадчуваннем арышту, рэпрэсій. Лёс не мілаваў нікога: нават класікі нашай нацыянальнай літаратуры — Купала і Колас — выпадкова пазбеглі чорнага лёсу. У сваёй кнізе «Сняцца сны аб Беларусі» вядомы пісьменнік, цяпер нябожчык, Барыс Сачанка прыводзіць страшэнную лічбу: калі ў сярэдзіне 20-х гадоў у адным толькі «Маладняку» — самай масавай арганізацыі на Беларусі — налічвалася каля пяцісот чалавек, дык перад вайной іх засталося менш пяцідзесяці. З гэтых пяцідзесяці толькі палавіна пісалі па-беларуску. Астатнія ці надоўга замаўчалі, ці прыстасаваліся да суровых абставінаў, пісалі творы пра пераможнае шэсце сацыялізму па краіне, ці (такіх была абсалютная болынасць) былі высланы ў Сібір, Казахстан, на Поўнач, кінуты за калючы дрот сталінскіх гулагаў. Многіх расстралялі. У ліку расстраляных быў і Міхась Зарэцкі (Міхаіл Яфімавіч Касянкоў). Трагедыя адбылася 29 кастрычніка 1937 года.
     За што ж пакаралі смерцю « светлы талент чалавечы» ? За тое, што служыў у Чырвонай Арміі, змагаўся з ворагамі савецкай улады? За рэвалюцыйныя зместам, глыбока гуманістычныя творы — апавяданні «Камсамолка», «Двое Жвіроўскіх», аповесць «Голы звер», раман «Сцежкі-дарожкі», у якім камісар атрада чэкістаў Васіль Лясніцкі выконвае свой абавязак перад новай уладай, караючы смерцю нават свайго сябра анархіста Халіму, які некалі выратаваў яго ад такога ж лёсу? А можа, за тое, што ў рамане «Вязьмо» ён паспрабаваў крытычна разабрацца ў тым, як трэба праводзіць калектывізацыю, — пры дапамозе адміністрацыйных мер, націску ці перакананнямі, угаворамі? Цяжка адказаць на ўсе пастаўленыя пытанні. Адказ і не можа быць адназначным, бо ў драматычны перадваенны час многае цесна пераплялося і атрымлівалася так, як пра гэта напісаў пазней Пімен Панчанка: «Дзе жывая праўда, дзе хлусня, справядлівасць дзе — ледзь разбярэшся». Сын свайго няўрымслівага часу, Міхась Зарэцкі стаў ахвярай нелюдзей, якія знішчалі цвет нацыі, ставілі сябе над народам, дабіваліся ўсеагульнага паслухмянства, а ў пісьменнікаў, мастакоў, творчай інтэлігенцыі яшчэ і ўгодніцтва, слугавання, здрады высокім гуманістычным прынцыпам, праўдзе.
     Ведаю, што Міхась Мушынскі — вядомы беларускі літаратуразнавец і крытык — назваў сваю кнігу пра Зарэцкага проста і трапна — «Нескароны талент». У працы ён расказвае, што можна і сёння захапляцца «сілай яго духу і ўнутраным высакародствам», падкрэслівае, што нават у самыя чорныя гады жыцця пісьменнік «не скараўся перад злом і няпраўдай і працягваў актыўную творчую дзейнасць». I гэта рабілася тады, калі яго выключылі з партыі за няправільнае адлюстраванне калектывізацыі ў нарысе «Падарожжа на новую зямлю», дакументальных запісках «Лісты ад знаёмага». Няправільнасць заключалася ў тым, што мастак паказаў з несумненнай сімпатыяй і аднаасобнае гаспадаранне, падтрымаў ідэю стварэння ўзорных гаспадарак на асушаных любанскіх балотах, прывёў факты трагедыйныя, якія перажывалі вымушаныя саступаць месца калектыўным гаспадаркам «нехацімцы», бацькі, дзеці каторых запісваліся ў камуны без іх згоды, нават адмаўляліся ад іх. Зарэцкі мужна выказаў і пра радаснае, светлае, і пра трагедыйнае, змрочнае ў жыцці. За гэта і неўзлюбілі пісьменніка партыйныя і дзяржаўныя чыноўнікі.
     Асабліва востра ўзняў пытанне пра антыгуманныя паводзіны калектывізатараў тыпу Пацяроба і Сымона Карызны пісьменнік у рамане «Вязьмо» (1932). Не магу чытаць без болю старонкі твора, дзе расказваецца, як старшыня сельсавета Пацяроб замілавана прыслухоўваецца да рыпу новенькай партупеі з пісталетам на баку і адначасова агітуе сяльчан за новае жыццё, як мерае ўзад-уперад вуліцу ў Сіўцах, стараецца заспець у дамах гаспадароў, каб не паўцякалі, «добраахвотна» запісаліся ў калгасы. Нельга без болю чытаць і пра тое, як сакратар партыйнай арганізацыі Сымон Карызна пакідае без дапамогі незаслужана раскулачаных бацькоў, якіх сам угаварыў купіць кавалак зямлі і весці аднаасобніцкую гаспадарку.
     Падобнай праўды, вядома, не маглі дараваць тыя, хто змагаўся за чысціню рэвалюцыйных ідэалаў, каму не падабалася праўда, суровая, страшная.
     Я думаю, што пісьменніка маглі пакінуць у спакоі, калі б ён не напісаў свой славуты раман «Крывічы», першая частка якога друкавалася ў часопісе «Полымя», а другая была забароненая і так і не ўбачыла свет. У гэтым рамане апавядалася пра лёс Беларусі, рабілася спроба мастацкага асэнсавання нацыянальнага пытання, паказваліся свядомыя беларусы, адраджэнцы Беразоўскі і яго вучні. Пазней Зарэцкі спрабаваў перапрацаваць раман, выносіў у новым варыянце прысуд «нацыяналістам», аднак гэта яго не ўратавала: перамаглі нянавісць да паслядоўнага ў змаганні за справядлівасць і чалавечнасць мастака, зайздрасць і яшчэ шмат што іншае, што расчалавечвала людзей у перадваенную пару.
     Я многа думаю над лёсам людзей — ахвяраў сталіншчыны. Хто яны былі ў цэлым? Ці гэта былі ўсе сумленныя і шчырыя людзі? Відаць, не зусім так, бо, па сутнасці, Сталін знішчыў і сваіх памагатых Берыю, Цанаву, Яжова і іншых. Чым яны нашкодзілі, чым не дагадзілі правячаму рэжыму? Думаецца, сакрэту тут ніякага няма, і на пастаўленае пытанне можна адказаць вельмі проста: людзі, падобныя да Зарэцкага (а іх была абсалютная большасць) служылі сумленнаму народу — аратаму, касцу, токару, настаўніку, а не эліце, самастойна, а не па ўказцы зверху ацэньвалі падзеі. Таму і сталі ахвярамі бязлітаснага часу. Ды памяць пра іх — вечная.