Белорусские сочинения - Міхась Зарэцкі - Вобраз Сымона Карызны ў рамане Міхася Зарэцкага "Вязьмо"

Вобраз Сымона Карызны ў рамане Міхася Зарэцкага "Вязьмо"

Даваенная беларуская літаратура, асабліва ў 30-я гады, развівалася ва ўмовах таталітарнага ўціску. Мала хто з беларускіх пісьменнікаў пачуваў сябе спакойна і незалежна. Многія жылі прадчуваннем арышту, рэпрэсій. Лес не мілаваў нікога. Многія пісьменнікі былі высланы ў Сібір або расстраляны. У ліку расстраляных быў і Міхась Зарэцкі. Аднак ён пакінуў ним у спадчыну выдатны раман — «Вязьмо».
     Ужо самой назвай рамана Міхась Зарэцкі акрэслівае свае адносіны да сталінскай калектывізацыі. Ён паказвае яе дысгарманізм, вострую канфліктнасць, жорсткасць, якія прывялі да цеснай пераплеценасці дабра і зла, радасці і бяды, парушылі звыклыя людскія ўзаемаадносіны, выклікалі ў многіх недавер да высокіх лозунгаў і падарвалі веру людзей у гуманны характар таго, што адбывалася.
     Галоўным героем рамана з'яўляецца Сымон Карызна — сакратар партыйнай ячэйкі. Незвычайны рамантычны пад'ём выклікаў у яго пачатак калектывізацыі. Пачатковы этап работы па стварэнні калгаса засведчыў шчырае жаданне Карызны весці настойлівую прапагандысцкую работу сярод сялян, імкненне абапірацца на дапамогу моладзі. Сваю работу ён узгадняе з упаўнаважаным райкома партыі Зеленюком. Але адзін нечаканы выпадак у вёсцы прымусіу сакратара партыйнай ячэйкі задумацца над вынікамі прымусовай калектывізацыі. Ён аднойчы ўбачыў, як селянін развітваўся са сваім канем. Як жа шкада гаспадару аддаваць свайго коніка! Аднак Карызна вырашае, што трэба быць жорсткім, ламаць сябе, пераадольваць дробнабуржуазную псіхалогію. У гэты крытычны момант Карызну прыпомніліся яго бацькі, для выратавання якіх ад высылкі ён так нічога і не зрабіў.
     Не, не можа Сымон у жыцці паслядоўна кіравацца прынцыпамі чалавечнасці. Для яго важней кар'ера, захаванне гонару мундзіра кіраўніка, чыноўніка, які стаіць не побач, не разам з народам, а вышэй яго. Такім чынам, у свядомасці Карызны ўзялі верх не інтарэсы дзяржавы і не клопаты аб працоўным сялянстве, а чыста эгаістычныя матывы.
     Трус, палахлівец у грамадскім жыцці, Сымон Карызна — не меншы палахлівец і ў жыцці асабістым. Прыгадваецца, як няўклюдна, несумленна развітаецца ён з жонкай Марынай Паўлаўнай, з якой пражыў не адзін год, разам выхаваў дачушку Стасю. Як злодзей, што нешта ўкраў, ён заходзіць у кватэру да адзінокага цяпер чалавека, нервуецца, што тая яшчэ дома, не збегла, а затым «забываецца» дапамагчы перанесці рэчы, выбрацца на кватэру. У сямейным жыцці для яго ўсё здаецца «суцэльным непаразуменнем». I вінаваты ў гэтым ён сам.
     Сымон Карызна адносіцца да тыпу тых людзей, якія не ўмеюць узпяцца над абставінамі, пастаяць за сябе, ісці да канца, змагаючыся з несправядлівасцю. Ён не можа даць рашучы бой, як той жа Пацяроб, як хітры Зелянюк, як уладная і напорыстая Тацяна Шыбянок. Звычайна тэта людзі з надламанай душой, двайной псіхалогіяй.
     Але нельга закрэсліваць і станоўчае ў характары героя рамана: яго «ўнутраную», «падспудную» сумленнасць, здольнасць аналізаваць свае ўчынкі, хоць у душы, самнасам адпакутаваць за нядобрыя справы, за здраду прынцыцам гуманізму.
     Раман М. Зарэцкага «Вязьмо» вельмі цікавы. Ён мне спадабаўся. У ім аўтар востра ўзняў пытанне пра антыгуманныя паводзіны калектывізатараў тыпу Пацяроба і Сымона Карызны. Не магу чытаць без болю старонкі твора, дзе расказваецца, як старшыня сельсавета Пацяроб замілавана прыслухоўвацца да рыпу новенькай партупеі з пісталетам на баку і адначасова агітуе сяльчан за новае жыццё, як мерае ўзадуперад вуліцу ў Сіўцах, стараецца заспець у дамах гаспадароў, каб не паўцякалі, «добраахвотна» запісаліся ў калгасы. Нельга абыякава чытаць і пра тое, як сакратар партыйнай арганізацыі Сымон 'Карызна пакідае без дапамогі незаслужана раскулачаных бацькоў, якіх сам угаварыў купіць кавалак зямлі і весці аднаасобніцкую гаспадарку.