Белорусские сочинения - Міхась Зарэцкі - Міхась Зарэцкі вачыма сачаснага чытача.

Міхась Зарэцкі вачыма сачаснага чытача.

Ліквідую сваю літаратурную безграматнасць. Курс школьнай беларускай літаратуры савецкіх часоў (навучалася ў школе ў канцы 80- х- пачатку 90-х ХХ ст.) мяне не задавальняе. Прачытала Міхася Зарэцкага зборнік апавяданнеў «Кветка пажоўклая». Ва укладанні Наталлі Семашкевіч (Зарэцкі, М. «Кветка пажоўклая»: апавяданні, аповесць / М. Зарэцкі; уклад. Н. Семашкевіч. - Мн.: Мастацкая літаратура, 2010. - 478 с. )

Ёсць усёж-такі ў беларускай літаратуры таленавітыя аўтары. Былі і ёсць... Пасля прачытання гэтага зборніка М. Зарэцкага хочацца плюнуць у вочы тым русафілам, якія кажуць, што у беларусаў няма сваёй літаратуры. Тьфу, на вас, «господа!» Цікава, але я чамусці, калі бяру кнігу не знаёмага мне аўтара, заўсёды (інстынктыўна, ці што?) гляджу гады жыцця і асабліва гады смерці. 1937, 1938 гг. - ага, значыць, расстралялі. Дык вось і Зарэцкі (сапраўднае імя Касянкоў Міхаіл Яўхімавіч), такое ж «ага»! Мала пажыў чалавечак, але быў таленавітым. Усяго з 1901 па 1937 гады. І яшчэ: цікава, але ні у воднай яго кнізе я не знайшла нармальнай прадмовы. Здаецца, што усе ворагі народа, якія зусім былі не ворагі, а можна нават сказаць, палымяныя яго сябры, рэабілітаваны і надрукаваны, а літаратуразнаўцы і крытыкі нешта асцярожна маўчаць. Пэўна, няма «заказу». У рэзюмэ напісана: «вядомы беларускі пісьменнік Міхась Зарэцкі - зачынальнік рамантычнага кірунку ў беларускай літаратуры 20-х гадоў, пісьменнік наватар, аўтар многіх апавяданняў і раманаў «сцежкі-дарожкі» і «Вязьмо». Апавяданні М. Зарэцкага - адна з найбольш цікавых і змястоўных старонак беларускага прыгожага пісьменства». Мне, чалавеку, які не вучыў у школе растраляных аўтараў, цяжка, напрыклад, арыентавацца. Было б не дрэнна мець хоць якую дасведчаную думку аб ім. А ў нашай грамадскіх бібліятэках 100-тысячнага горада такой думкі не вычытаць днём з агнём. Прапаную сваю. Хоць і не вельмі дасведчаную. Кінулася у вочы асаблівае: слоўцы аўтара, такія як «нутро» - калі расказвае аб унутраных перажываннях, піша не «на сэрцы», а «у нутры». Увогуле, рамантык рэвалюцыі канешне... І адсюль - яго захапленне тэмай рэвалюцыі, смерці, любові, унутранай ломкі людзей.

Зборнік складзены з апавяданняў: «У Саўках», «У віры жыцця», «Спакуса», «Мар’я», «Як гэта часам трапляецца», «Ноччу», «З нашых дзён», «Ворагі», «Бацькаў сын», «Гануля», «Адна партыя ў шашкі», «Бель», «На маладое», «Дзіўная», «пра майго прыяцеля», «42 дакументы», «Пела вясна», «Двое Жвіроўскіх», «Кветка пажоўклая», «Радасць», «Смерць», «Паэма пра чорныя вочы», «Ой, ляцелі гусі», «Пачатак шчасця», «Навела пра каханне» і аповесці «Голы звер».

Адразу скажу, што аповесць «Голы звер» мне не спадабалася. У параўнанні ў апавяданнямі яна нейкая схематычная. Апавядае пра часы НЭПа, аб махінатары (Яроцкім), які абкрадвае дзяржаву, губіць дзяўчыну, гуляе, распутнічае і верыць у сваю безнаказанасць. Але тут яго выкрываюць і арштоўваюць. Асобна цікавая алегарычная казка, змешчаная ў канцы. У казцы галоўная гераіня Лідачка прадстаўлена як бярозка, якую згубіў зля лесавік. І бярозка зачахла, засталася расці на балоце, але: «Толькі вецце яе - калісь такое зялёнае, свежае - цяпер засвіцілася пруццем счарнелым, бо палі ўсе, сцякалі бясконцымі слязьмі на брудны дол апошнія яе лісточкі. А камель пакрывіўся, згорбіўся, параслі па ім валдыры страшэнныя, дзікія. І дупло гнілой пустэчай зачарнелася... вось і ўся казка... Гэта пра Лідачку...». Калі чытаеш апавядання, цябе не пакідае думка аб «гніенні» НЭПа і неабходнасці нешта мяняць. Зразумела, што калі для сучаснага чытача гэтая думка такая яскравая, то для чытача-равесніка НЭПа, яна відавочная. Аўтар у канцы як бы дае напрамак для моладзі: вучыцца. Аповесць заканчываецца супрацьпастаўленнем лёсу Лідачкі (якая згінула духоўная, як тая бярозка) і яе сяброўкі Ніны: «А Ніна вучыла палітэканомію». Канешне, усё неяк па-дзіцячы... Ці вучыся, ці трапіш у пастку прайдзісветаў, спакуснікаў, «голых звяроў». Вучыць, канешне, трэба не што іншае, як палітэканомію, зразумела. Цікава, што напісаў бы М. Зарэцкі пра сучасных дзяўчат, якія вучацца ў інстытутах (ой, прабачце, універсітэтах) і «падпрацоўваюць» прастытуткамі (ой, прабачце, маюць «спонсараў»)?! Тыя ж імкнуцца да ведаў... Што ж, як казалі: «быццё вызначае свядомасць»... Дык чым жа Яроцкі падобны на звера? Тым, што хоча растрачваць жыццё (канешне за кошт іншых), пляжыць маладосць і цноту Лідачкі, любіць ноч і цемру. Чаму голы? Мабыць, бо без штаноў? Зразумела, як жа без паказу распуты ў гнілым стане нэпманаў і казнакрадаў?

«У Саўках» - апавяданне пра пяцярох маладых хлопцаў-сялян, якія не захацелі служыць у войску і ўцяклі ад прызыву. Мясцовыя сяляне іх падкормлівалі, але потым - перасталі. І тут хлопцы вырашылі каб не галадаць - ісці рабаваць падарожнікаў. Адзін з іх, Зміцер Кандратаў (Смоўж), калі была яго чарга рабаваць падарожных, не здолеў гэтага, у яго прачнулася сумленне і ён схаваўся ад сваіх сябрукоў і пайшоў у горад здавацца ўладам: «Няхай будзе што будзе. Турма, дык турма. Абы да людзей, абы жыць так, як людзі, а не туляцца, што воўк па лясах...».

«У віры жыцця» - Міхалка (мясцовы селянін-бядняк) задумаў паскардзіцца на несправядлівасць мясцовых кіраўнікоў, якія прыцясняюць беднату і ў хаўрусе з багатымі. Міхалка скардзіўся ў воласць (валасому начальству), але і там усё «закуплена». тады варашыў ісці да губернскага начальства. Пасля яго паходу, прыйшла папера размяркоўваць зямлю справядліва. Добра перададзены у апавяданні адчуванні сялян: іх мала цікавіць рэвалюцыя і далёкія падзеі. Іх больш цікавіць размеркаванне сенакосу па дварах. Відаць і адносіны да мясцовага папа, якому, зразумела, выдзелілі добры сенакос і, нават, абяцалі скасіць. З апавядання разумеем, што верхаводзяць у сяле мясцовыя багатыя сяляне, як кажуць «кулакі». Яны забіваюць ноччу Міхалку. У забойстве ўдзельнічае ягог сябр дзяцінства Грышка. Пасля забойства Міхалкі,яго аднадумец бядняк-яўрэй Шлёмка ідзе адразу ў павятовы горад у мясцовае аддзяленне дзяржаўнай палітычнай управы. І вось разам з землямерамі за ўсім кіраўніцтвам вёскі прыехалі і салдаты. Усіх арыштавалі. У чытача застаецца адчуванне перамогі справядлівасці. Але аўтар і сцвярджае, што «рэвалюцыя ахвяр патрабуе».

«Спакуса» - пра святара Бяздзедаўскай святадухавай царквы, які не здолеў служыць службу, бо зразумеў, што яна нікому не патрэбна ў гарачы сенакосны час. У царкве не было ніводнага чалавека. Мне апавяданне спадабалася. Чым: сваёй затаеннай думкай. Для святара тое, што з ім здарылася - спакуса «ворага рода чалавечага», а для аўтара - паказ непатрэбнасці рэлігіі, а для чытача - паказ розных поглядаў на рэлігію і свядомасці сялян, для якіх жніво і сенакос значна важней чым стаянне ў душнай царкве. Апавяданне цалкам у духу часу: рэлігія - гэта затхласць і мінулае, а шчырая праца - будучыня і ўсё светлае, патрэбнае.

«Мар’я» - таксама добрае апавяданне. Мне спадабалася. Характары паказаны глыбока. Мар’я - жанчына, якая пакахала маладога салдата-чырвонаармейца (з сялян), што стаяў на пастоі ў іх у хаце. Праз яе каханне і раскрылася яе глыбокае духоўнае жыццё, а разам з тым і яе злачынства. Апавяданне паказвае псіхалогію сялян, іх свет, іх побыт, жыццё.

«Як гэта часам трапляецца» - добрае апавяданне, якое паказвае сутасць светапогляду сялян, і, разам з тым, сутнасць «мужчынскай ідэалогіі» (калі што здарылася, то вінаваты «бабскі язык»!). Божухна, дык гэткая ж ідэалогія і сёння жыве ў людзей! Недалёка ж, мы панове адышлі ад пачатку ХХ ст.! Канешне, вінаваты язык жонкі Аксінні, якая «прагаварыла» (сурочыла, урочыла) і ... укралі каня. А што сам паленаваўся пайсцьі і замкнуць таго каня, дык гэта ж... да справы не адносіцца! З другога боку: атупляючая, цяжкая, часам безвыніковая праца сялян - вось прычына такога стану сялян, іх цёмнасці і забітасці. Праца, якая не дае дастатку, а толькі няпэўны хлеб (і той з мякінай). Калі конь становіцца адзіным кармільцам і яго страта страшней за страту жыцця, бо калі няма каня і дзеці паўміраюць і сам з голаду сканаеш... Таму для Аксінні ўсё-роўна, заб’е яе муж ці не. Яна прымае яго пабоі спакойна. Яе муж вырашыў, што гэта жонка вінавата ў тым, што ў яго укралі каня (прагаварыла) і на ёй ён спаганяў сваю злосць. «Праз тыдзень Аксінню хавалі...» Зразумела, як рмантык М. Зарэцкі драматызуе сітуацыю, аднак дакладна паказвае прыгнечаны стан беларускай сялянкі, жанчыны і ўзровень свядомасць мужчыны-селяніна.

«Ноччу» - апавядаецца ад забойстве маладога селяніна Мікіты селянінам-хутаранінам Ягорам. Мікіту пашанцавала і ў яго добра ўрадзіла жыта, ён пачаў багацець, станавіцца на ногі, як кажуць... Ягор дапамог Мікіту пакласці мяшкі на воз. Папрасіў падвезці свой мех мукі. Пачалася завея. Ягор задумаў забіць і абрабаваць Мікіту. Апавядальнік майстарскі перадае страх Мікіты перад забойствам, выкарыстоўвае для гэтага апісанне завірухі. Ягор забівае і рабуе Мікіту. Але сяляне вёскі на другі дзень прыходзяць да Ягора шукаць Мікіту, знаходзяць кроў на снезе і здагадваюцца, што адбылося. Ягора арыштоўваюць і уся «акруга ўздыхае з палёгкай». Цікава, што аўтар не апісвае думак Ягора. Ён забойца, бандзюга, і гэта ўсё... Але ж ён і звычайны чалавек, у яго ёсць жонка (відавочна, забітая жыццём жанчына) і дзеці (хлопчык і дзяўчынка). Цяжка сказаць, што штурхнула Ягора на забойства. Але чытач здагадваецца, што гэта, магчыма, беднасць.Хацеў забраць сабе тыя мяшкі з мукой, якія вёз да дому Мікіта.

«З нашых дзён» - апавяданне пра тое, што у Дзем’янкаўскай краме спажывецкага таварыства адбыўся пажар. У вёсцы было дзве крамы: адна належыла спажывецкаму таварыству, а другая - тутэйшаму багатыру Кубарскаму. З адкрыццём спажывецкай крамы да «багатыра» перасталі ісці пакупнікі. Вось ён і падббіў прыказчыка крамы Саўку падпаліць краму, а выручку забраць сабе. А тавары з крамы знесці ў краму да Кубарскага. Саўку заела сумленне, ён пайшоў у міліцыю і ва ўсім прызнаўся. Праз месяц Саўку і Кубарскага судзілі народным судом. Апавяданне мне не вельмі спадабалася. так сабе. Нічога асаблівага.

«Ворагі» - расказвае пра каханне савецкага партыйнага работніка Гуторскага да дачкі памешчыка Купрыянава. Памешчык і яго дачка падтрымлівалі кіраўніка мясцовай банды белагвардзейцаў Зарубу. Ніна Купрыянава кахала Зарубу, але здрадзіла яму - здала яго ўладам у абмен на жыццё свайго бацькі. перад ёй паўстала пытанне,: хто ёй даражэйшы: бацька ці каханы. Яна выбрала жыццё бацькі. Зарубу растралялі, а бацьку - старога Купрыянава адпусцілі. Ніна цяжарная ад яго, сустракаецца з Зарубам, але яна адмаўляе быць яго жонкай. Расказвае усё, называе яго сваім ворагам (зразумела «класавым»). Гуторскаму яе шкада, але ён разумее, што «усё старое вымятаецца, выкідваецца.ю як непатрэбнае смецце. Расчыняецца дарога к новаму... паўстае новае жыццё - здаровае, свежае, магутнае...» Пасля прачытання гэтага апавядання, мяне зацікавіла думка: а што б аўтар сказаў пра сённяшняе жыццё-быццё? Дзе ж яно: светлае, новае, магутнае, якое так будавалі такія рэвалюцыйныя рамантыкі, як М. Зарэцкі?

«Бацькаў сын» -апавядае пра Сцёпку, - вясковага хлопчыка, які пайшоў адносіць бацьку ежу ў лес. У лесе бацька хаваўся ад мабілізацыі ў польскае войска. Бацьку знаходзяць польскія жаўнеры і забіваюць за тое, што схаваўся ад мабілізацыі. Па-майстэрску перадае М. Зарэцкі псіхалогію хлопчыка 10-12 год. Яго страх перад пераходам праз могілкі уначы, яго адчуванні, звязаныя са смерцю бацькі. Бацька памірае на вачах Сцёпкі. Хлопец, пэўна, вырашае помсціць за бацьку.

«Гануля»- - аб жанчыне, якая калі б не савецкая ўлада, не мела б лепшай долі. Яна - нарадзіла дзіця «у дзеўках», але была бойкая и граматная. Таму і стала адной з самых паважаных у вёсцы. З ёй нават мужчыны раіліся.

«Адна партыя ў шашкі» - камуніст гуляе ў шашкі з палонным дваранінам-белагвардзейцам. Праігрывае яму, вынімае пісталет, і - забівае.

«На маладое» - жонка злюбілася з маладым хлопцам Васільком. Яе муж звяртаецца да бабкі, каб «прываражыць» яе зноў. Тая дае зелле. Муж дабаўляе ёй у ежу. Малады палюбоўнік Васіль з’ядзжае у горад. Жанчыне здаецца, што яна цяжарная, таму ёй і блага. А на самой справе гэта дзейнічае атрута. Жанчына просіць адвезці яе да бацькоў. Там і памірае. «На маладое» - так казалі аб жанчыне, калі яна станавілася цяжарнай. Тут смерць каханай відавочна для ея каханка Васілька стане штуршком да пошуку новага жыцця, да барацьбы з забабонамі. пераварочваецца яго свядомасць, ен становіцца на новы шлях. Яе смерці гэта - «на маладое» - на нараджэнне новага ладу. вельмі рамантычнае апавяданне.

«Пра майго прыяцеля» - аповед аб прыяцеле, які раней быў добрым камсамольцам, а калі ажаніўся, стаў займацца хатнімі справамі. І з яго смяюцца ўсе іншыя камсамольцы, бо ён даглядае дзіця, а жонка працуе. Гучыць шкадаванне аб лёсе жанчын, якім хатнія справы замінаюць займацца грамадскай дзейнасцю. Для гэтай канкрэтнай маладой сям’і выйсце знойдзена - малога здаюць у яслі, а самі вырашаюць харчавацца ў сталоўцы. Да, перспектыва, канешне, добрая. Толькі, вось, сістэма дашкольнага выхавання сёння такая, што дзіця два дні ходзіць у яслі, а тыдзень хварэе. Цікава, што б сказаў М. Зарэцкі аб сучасны жанчынах, якія і працуюць і дзяцей выхоўваюць. А іхнія мужчыны, задаецца і працуюць, але, грошы не зарабляюць, каб хапала ўтрымліваць сям’ю без заробка жонкі. І тыя жонкі, як кажуць: і жнец і на дудзе ігрэц... А часам ігрэц больш удалы, чым яе ж мужык.

«42 дакументы» - апавяданне пабудавана цікава6 у выглядзе апублікаваных дакументаў: запісак, афіцыйных пратаколаў паседжанняў, вытрымак з газет. Расказваецца пра затрыманне банды белых, якую доўга не маглі арыштаваць, але арыштавалі дзякуючы адной прастытутцы, што стала дапамагаць савецкім органам. Яна дапамагае, бо пакахала чырвонага камісара. Твор цалкам у рамантычнай традыцыі - праз каханне гераіня прыходзіць да рэвалюцыйнай барацьбы, становіцца лепш. І, канешне ж, яе забіваюць у фінале. Як жа без гэтага.

«Двое Жвіроўскіх» - расказ пра бацьку і сына. Бацька набожны, прытрымліваецца старых парадкаў. Сын - хлопчык, які імкнецца да новага. Але бацька раіць быць супраць камуністаў. Сын марыць уступіць у піянеры. Уступае. Бацька згаджаецца, каб «не чапалі», раіць астаўляць свае думкі пры сабе. Паміж бацькам і сынам ідзе разлад. Бацька намаляваны ў непрывабным святле. Б’е сына, як садыст. Хутка ён выганяе сына з дому. такім чынам, канфлікт старога і новага, бацькоў і дзяцей, рэвалюцыйнага і заскарузлага, старога вырашаны. У іх - розныя шляхі.

«Кветка пажоўклая» - апавяданне дало назву ўсяму зборніку. «Кветка пажоўклая» - гэта жанчына, загадчыца дзіцячага дома (ці садка?). У творах М. Зарэцкага яскрава гучыць думка аб калектыўным выхаванні дзяцей нават з сем’яў: іх трэба здаць у інтарнаты, дзе імі будуць займацца чужыя цёткі. Зразумела, так лягчэй ўбіць у галовы дзяцей камуністычныя ідэі. А раней яна працавала у ЧК. Паходзіла з дваран Віленскай губерні. Калі яе родны брат, удзельнік адной з антыбальшавіцкіх арганізацый, прыйшоў да яе прасіць літасці і дапамагчы з’ехаць за мяжу, абяцаў не займацца больш антыбальшавіцкай дзейнасцю, яна адмовіла. Сама падпісала брату смяротны прыгавор. Яго расстралялі. Гэта і стала прычынай яе душэўных мук, яна пайшла з партыйнай працы. Стала загадчыцай садка. Бацькі яе праклялі. Яле яна перажывае не што забіла брата, а што «перагарэла», не здатна да партыйнай працы. Бачны злом сямейных каштоўнасцей. У канцы апавядання яна скончыла жыццё самагубствам: кінулася пад цягнік. Цягнік - сімвал новага строю. Жалезны, магутны, бяздушны. Ён знішчае любыя парасткі чалавечых пачуццяў. І знішчыў жанчыну, якую мучыла сумленне і сумненні. Так, сапраўдны камуніст не павінен сумнявацца. Інакш ён не здатны да той самай партыйнай работы. Як жа забіваць, калі ёсць сумненні?..

«Радасць» - апісаны тры катэгорыі радасці: радасць ад забойства невернай жанчыны, радасць ад вызвалення ад белага тэрору горада, радасць ад жыцця. Вібірай любую, якая падабаецца...

Тэма кахання, смерці і рэвалюцыйнай рамантыкі гучыць і ў апавяданнях: «Бель», «Дзіўная», «Смерць», «Паэма пра чорныя вочы», «Ой, ляцелі гусі», «Пачатак шчасця», «Навела пра каханне», «Пела вясна». Не гледзячы на тое, што сёння рэвалюцыйная тэматыка не актуальная, апавяданні напісаны па-майстэрску. Відавочна, што іх аўтар добра ведае жыццё бедларускай вёскі, адчуванні, настроі інтэлігенцыі ў час рэвалюцыі. Літаратурны талент Зарэцкага на мяне зрабіў моцнае ўражанне. Такі малады і так добра ведае таямнічыя чалавечыя пачуцці, думкі! Маленькія апавяданні, як маленькі заклік да дыскусіі, як роздум, як павакацыя. Так, так, правакацыя! ЛІтаратура павінна быць такой правакацыяй. Калі з творам хочацца спрачацца (а часм і згаджацца), хочацца сказаць сваё - значыць твор геніальны!

А вось раман «Вязьмо» (М. Зарэцкі «Вязьмо»: раман - Мн.: Мастацкая літаратура, 2006. - 301 с.) - не спадабаўся, бо гэта выкананне камуністынага «дзяржаўнага заказа»: трэба ж было паказаць, як добра будзе сялянам жыць у калгасах, якое яно добрае і прывабнае гэтае самае калгаснае жыццё. Адсюль і тыповыя вобразы: камуністаў-калгаснікаў Сымона Карызны, Зелянюка і іншых, простых сялян, якія цягнуцца да калгаснага ладу: моладзь-камсамольцы, Галілей, Таццяна, хітрых і хцівых кулакоў-міраедаў: Цімафей Міронавіч Гвардыян, жанчын-інтэлегентак, што дапамагаюць будаваць новый побыт: Вера Засуліч, Марына Паўлаўна і г.д. Канешне ж, вобразы герояў у рамантычных традыцыях: старэючы Сымон Карызна кахае маладую Веру Засуліч, у якой яму падабаецца не толькі жаночыя якасці, але і тое што яе імя падобна на імя вядомай рэвалюцыянеркі. Канешне, тэкст не абышоўся без «фірменых», як кажуць слоўцаў Зарэцкага («нутро»). Хаця, у цэлым чытацьь было нудна. Можа, таму, што шмат прачытала такіх аповесцей і раманаў, дзе шчасліва будуюць калгасы, новыя масты, грэблі, якія вядуць да шчаслівага камуністынага ладу. І пра жорсткія растрэлы ні слова, пры вываз «кулакоў» у Сібір ні слова. Цэнзура не дазваляла. Хаця, мяркую, Зарэцкі быў ба не супраць з размахам паказаць «кроў гадаў-ворагаў» (у лепшых рамантычных традыцыях). Усё як загадала партыя - галдка і салодка. Таму, відавочна, заказны раман.

Вось што я, звычайны чытач, думаю пра прачытанае.