Вариант 1
Аксельрод Зэлік, нарадзіўся 30.12.1904 г. у горадзе Маладэчна ў сям'і саматужніка.
Вучыўся ў Вышэйшым літаратурна-мастацкім інстытуце імя В.Брусава (1922-1925). Скончыў літаратурны факультэт Маскоўскага педагагічнага інстытута (1928). Працаваў у дзіцячым доме, рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва БССР, у Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў. З 1931 па 1941 гг. - адказны сакратар жыдоўскага часопіса «Штэрн» («Зорка»). Арыштаваны органамі НКДБ 30.05.1941 г. У сувязі з пачаткам вайны следства не закончана. Крымінальная справа на яго спынена 07.06.1957 г. Сябра СП СССР з 1934 г.
Расстраляны 26.06.1941 г.
Першыя вершы надрукаваны ў 1921 г. Пісаў на мове ідыш. Аўтар зборнікаў паэзіі «Трапятанне» (1922), «Вершы» (1932), «І зноў вершы» (1935), «Сам-насам» (1937), «Вершы» (1938), «Чырвонаармейскія вершы» (1939), «Вершы» (Нью-Ёрк, 1961), «Утренний свет» (Масква, 1963), «Вершы» (Масква, 1980).
Пераклаў на мову ідыш паэму М.Някрасава «Чыгунка», кнігу выбраных вершаў Я.Купалы (1936), паэму П.Броўкі «Прамова фактамі» (у кнізе «Паэзія БелАПП», 1931) і п'есу французскага драматурга Лябіша «Труадэк» (з Ізі Харыкам, пастаўлена Маскоўскім дзяржаўным жыдоўскім тэатрам).