Вариант 1
Алешка Антон, нарадзіўся 01.02.1913 г. у вёсцы Балотчыцы Слуцкага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Скончыў у 1931 г. двухгадовыя педагагічныя курсы пры Слуцкім педагагічным тэхнікуме і да 1935 г. настаўнічаў у мястэчку Лапічы Асіповіцкага раёна. Скончыў Ваенна-медыцынскую акадэмію (1941). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны - на фронце, спачатку на Заходнім, а потым на 3-м Беларускім. Пасля вайны служыў ваенным лекарам у ваенна-паветраных сілах. Дэмабілізаваўся ў 1963 г. Жыў у Менску. Сябра СП СССР з 1951 г.
Узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны II ступені, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, «Знак Пашаны» і медалямі.
Памёр 13.09.1971 г.
Першыя апавяданні надрукаваў у 1932 г. У 1938-1939 гг. часопіс «Полымя» змясціў некалькі апавяданняў і аповесць «Маладосць». Выйшлі кнігі аповесцей і апавяданняў «Раніца» (1949), «Іх першых вітае сонца» (1957), «Пяць сутак» (1959), «Над намі мільён вышыні» (1965), раман «Дарогі без слядоў» (1969), «Неба на замку» (выбранае, 1974, 1984).