Вариант 1
Арсеннева Наталля, нарадзілася 20.09.1903 г. у горадзе Баку (Азербайджан) у сям'і служачага.
Пасля заканчэння 1-й Віленскай беларускай гімназіі (1921) паступіла на гуманістычны факультэт Віленскага ўніверсітэта. У сувязі з пераводам мужа ў Хелмно (Польшча) у 1922 г. вымушана была пакінуць вучобу. У 1939 г. апынулася ў БССР, працавала ў вілейскай абласной «Сялянскай газеце». Як жонка польскага афіцэра з двума сынамі выслана на пачатку 1940 г. у Казахстан. Працавала там у калгасе. Паводле хадайніцтва СП БССР, вярнулася ў траўні 1941 г. у Беларусь. У час Вялікай Айчыннай вайны апынулася пад акупацыяй, працавала ў «Менскай (Беларускай) газэце». У 1944 г. кіравала аддзелам літаратуры Беларускага культурнага згуртавання. У сувязі з наступленнем Савецкай Арміі (1944) выехала з мужам у Германію, дзе знаходзілася нейкі час у лагеры для перамешчаных асоб. З 1950 г. жыла ў ЗША.
Памерла 25.07.1997.
Першы верш у беларускім друку апублікавала ў 1920 г. (газета «Наша думка»). Аўтар зборнікаў паэзіі «Пад сінім небам» (Вільня, 1927), другі зборнік «Жоўтая восень» не паспеў выйсці з-за вайны, «Сягоньня» (Менск, 1944), «Між берагамі» (Нью-Ёрк - Таронта, 1979).
Апублікавала п'есу «Сваты» (1955), шэраг абразкоў. Напісала лібрэта да опер М.Шчаглова «Лясное возера», «Усяслаў Чарадзей» і да яго ж аперэты «З выраю», шэраг тэкстаў для песень.
Пераклала на беларускую мову драму Г.Гаўптмана «Затонуты звон» (1948-1954, пастаўлена ў 1943 у Менску), «Евангельскі хрысціянскі сьпеўнік» (Менск, 1943), лібрэта опер «Вяселле Фігаро», «Чарадзейная жалейка» В.А.Моцарта, «Вольны стралец» К.М.Вэбера, «Кармэн» Ж.Бізэ, «Цыганскі барон» І.Штраўса, тэксты арый да «Яўгенія Анегіна» П.Чайкоўскага, пралог да «Рамэо і Джульеты» У.Шэкспіра, раздзелы з «Дзядоў», «Пана Тадэвуша» А.Міцкевіча, асобныя вершы І.В.Гётэ і інш.