Вариант 1
Бярозкін Рыгор, нарадзіўся 03.07.1918 г. у горадзе Магілеве ў сям'і служачага.
Вучыўся на рабфаку, на літаратурным факультэце Менскага педагагічнага інстытута (1936-1938). У 1938 г. працаваў загадчыкам аддзела крытыкі ў рэдакцыі часопіса «Полымя рэвалюцыі», затым - літаратурным кансультантам у кабінеце маладога аўтара пры Саюзе пісьменнікаў БССР (1938-1939), загадчыкам аддзела крытыкі газеты «Літаратура і мастацтва» (1939-1941). Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны, у красавіку 1941 г., быў рэпрэсіраваны. 26 чэрвеня, калі фашысцкія войскі набліжаліся да Менска, калону зняволеных вывелі з турмы на расстрэл. Р.Бярозкіну выпала застацца жывым. Ён накіраваўся ў Магілеў і ў ваенкамаце падаў заяву ў Чырвоную Армію. Прымаў удзел у баях пад Сталінградам, на Курскай дузе, пад Кіевам і ў Карпатах, на Сандамірскім плацдарме і ў вызваленні Прагі. Быў паранены. У ліпені 1949 г. рэпрэсіраваны другі раз. Зняволенне адбываў у лагерах Казахстана і Сібіры, працуючы на будаўніцтве шахт і электрастанцый. Быў вызвалены ў лістападзе 1955 г., рэабілітаваны ў ліпені 1956 г. У 1956-1967 гг. загадваў аддзелам крытыкі і паэзіі ў часопісе «Неман» (да 1960 «Советская Отчизна»). У 1967-1969 гг. - загадчык аддзела літаратуры рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва», у 1970-1975 гг. - літсупрацоўнік бюлетэня «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі». Члён СП СССР з 1939 г.
Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі і медалямі.
Памёр 01.12.1981 г.
Выступаў у друку з крытычнымі і літаратуразнаўчымі артыкуламі з 1935 г. Першы зборнік артыкулаў «Паэзія праўды» выдаў у 1958 г. Затым выйшлі кнігі «Аркадий Кулешов: Критико-биографический очерк» (Масква, 1960), «Спадарожніца часу: Артыкулы аб паэзіі» (1961), «Свет Купалы: Думкі і назіранні» (1965; дапоўнены і перапрацаваны варыянт - «Мир Купалы», Масква, 1973), «Пімен Панчанка: Крытыка-біяграфічны нарыс» (1968), «Человек на заре: Рассказ о Максиме Богдановиче - белорусском поэте» (Масква, 1970, у перакладзе на беларускую мову выйшла ў 1981), «Постаці» (1971), «Кніга пра паэзію: Выбранае» (1974), «Звенні: Творчая індывідуальнасць і ўзаемадзеянне літаратур» (1976), «Аркадзь Куляшоў: Нарыс жыцця і творчасці» (1978), «Свет Купалы. Звенні: Выбранае» (1981), «Паэзія - маё жыццё» (1989).