Вариант 1
Чавускі Міхась (таксама Чавускі Майсей), нарадзіўся 25.12.1904 г. у вёсцы Шапілава Жлобінскага раёна Гомёльскай вобласці ў сям'і вясковага шаўца.
З 1917 г. - наборшчык у друкарні ў Жлобіне, з 1924 г. - у Менску. Служыў у пагранічных войсках (1926-1928). Працаваў у Белспажыўсаюзе, рэдагаваў газету палітаддзела Плешчаніцкай МТС, менскую сельскую раённую газету, быў інструктарам ЦК КПБ, адказным кіраўніком і галоўным рэдактарам БелТА. У 1934-1937 гг. вучыўся завочна ў Камуністычным інстытуце журналістыкі ў Ленінградзе. У час Вялікай Айчыннай вайны - адказны рэдактар газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну» (1941-1943), затым - сатырычнай газеты Вілейскага абкама «Партызанскае слова» (1943). У пасляваенныя гады - намеснік старшыні Камітэта па радыёвяшчанні пры СНК БССР (1944-1947), галоўны рэдактар, потым загадчык аддзела фельетонаў часопіса «Вожык» (1947-1961), дырэктар Бюро прапаганды мастацкай літаратуры СП БССР (1964-1970). Сябра СП СССР з 1957 г.
Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» і медалямі.
Памёр 01.07.1984 г.
З артыкуламі ў рэспубліканскім друку пачаў выступаць у 1937 г. Выдаў зборнікі апавяданняў, фельетонаў, аднаактовак і сцэнак «Крытычны момант» (1954), «Індык на курорце» (1960), «Рука руку мые» (1964), «Чаму ж не смяяцца?» (1969), «Стрэляны Вераб'ёў» (1976), дакументальную аповесць «Фарбамі гневу» (1975, дапоўненае выданне ў 1978).