Биографии белорусскиx писателей - Караічаў Леў - Вариант 1

Вариант 1

Караічаў Леў, нарадзіўся 16.05.1936 г. у горадзе Разані (Расея) у сям'і настаўніцы.

Жыў з бацькамі ў вёсцы Рудакоў Хойніцкага раёна. Перад вайной сям'я пераехала ў Менск. Пасля заканчэння менскай сярэдняй школы №– 15 (1953) працаваў тэхнікам-канструктарам у інстытуце «Белдзяржпраект» і адначасова вучыўся на вячэрнім аддзяленні будаўнічага факультэта Беларускага політэхнічнага інстытута (скончыў у 1960). З 1958 г. - тэхнік-канструктар, старшы архітэктар, старшы інжынер-канструктар Інстытута будаўніцтва і архітэктуры АН БССР. З 1962 г. - кіраўнік групы тэхнічнай інфармацыі трэста «Аргтэхбуд», затым у Міністэрстве будаўніцтва БССР. У 1967-1976 гг. - загадчык рэдакцыі тэхнікі, будаўніцтва, спорту «Беларускай Савецкай Энцыклапедыі». Карэспандэнт газеты «Звязда» (1976-1977), рэдактар-кінадраматург сцэнарнай майстэрні кінастудыі «Беларусьфільм» (1977-1978), супрацоўнік часопіса «Неман» (1980-1981), загадчык літаратурнай часткі Беларускага тэатра юнага гледача (1983-1984), прадстаўнік выдавецтва «Известия» па Беларускай ССР (1984-1986). Сябра СП СССР з 1985 г.

З 1958 г. пачаў выступаць як публіцыст, тэатральны і кінакрытык, з 1967 г. - як драматург. Аўтар п'ес «І выхавай сына» (пастаўлена ў 1967), «Зорныя ночы» (пастаўлена ў 1977), «Цар прыроды» (урывак у газеце «Літаратура і мастацтва», 1978), «Слова гонару» (апублікавана ў аднайменным зборніку, 1983), «И на все времена» (зборнік «Сучасная беларуская п'еса», 1985), інсцэніроўкі «Гандлярка і паэт» паводле аднайменнай аповесці І.Шамякіна (пастаўлена ў 1980), аднаактоўкі «Апанаванасць» (1989). Напісаў шэраг інсцэніровак, якія ставіліся на Беларускім радыё, а таксама сцэнарыяў для аб'яднання «Летапіс» кінастудыі «Беларусьфільм».