Вариант 1
Казека Янка, нарадзіўся 31.08.1915 г. у вёсцы Кострычы Кіраўскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.
З верасня 1931 г. працаваў на Бабруйскім дрэваапрацоўчым камбінаце, у 1933-1934 гг. - у рэдакцыі шматтыражнай газеты «За ўдарныя тэмпы». Адначасова вучыўся на вячэрнім аддзяленні лесатэхнікума. У 1938 г. скончыў літаратурны факультэт Менскага педагагічнага інстытута. Выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Дукорскай сярэдняй школе Пухавіцкага раёна. У 1939-1954 гг. служыў у Савецкай Арміі. У час Вялікай Айчыннай вайны - армейскі палітработнік. Пад Ельняй, у 1941 г., быў паранены. Пасля вайны працаваў у рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва» (1954-1957), галоўным рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва БССР (з 1963 - «Беларусь», 1957-1967). З 1967 г. - загадчык рэдакцыі народнай асветы і друку, з 1969 па 1979 гг. - намеснік галоўнага рэдактара, з 1980 г. - старшы навуковы рэдактар выдавецтва «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» імя П.Броўкі. Сябра СП СССР з 1954 г.
Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1975).
Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалямі.
З рэцэнзіямі і артыкуламі пра беларускую прозу ў друку выступіў упершыню ў 1935 г. Напісаў зборнікі літаратурна-крытычных артыкулаў і літаратуразнаўчых прац «З невычэрпных крыніц» (1958), «Беларуская байка» (1960), «Натхненне і майстэрства» (1963), «Кандрат Крапіва» (1965), «Няходжанай дарогай» (1973), «Голас часу» (1975), «Кузьма Чорны: Старонкі творчасці» (1980), «Гартаванне слова: Выбранае» (1985).
Склаў і падрыхтаваў да друку кнігі аўтабіяграфічных матэрыялаў беларускіх пісьменнікаў «Пяцьдзесят чатыры дарогі» (1963), «Пра час і пра сябе» (1966), «Вытокі песні» (1973).
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1976) за ўдзел у выданні Беларускай Савецкай Энцыклапедыі.