Вариант 1
Кейзараў Аляксей (таксама Кейзераў Аляксей), нарадзіўся 04.10.1928 г. у вёсцы Бронніца Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1948 г. скончыў Гомельскі тэхнікум чыгуначнага транспарту. Працаваў аператарам, дыспетчарам станцыі Казань, старшым памочнікам начальніка станцыі ў Калінкавічах. З 1950 г. - бібліятэкар, у 1951-1962 і ў 1964-1967 гг. - выкладчык расейскай мовы і літаратуры Бронніцкай сярэдняй школы. У 1955 г. завочна скончыў Гомельскі настаўніцкі інстытут. У 1962-1963 гг. - раз'язны карэспандэнт газеты «Калгасная праўда» (цяпер «Сельская газета»), у 1967-1974 гг. - рэдактар на Беларускім радыё, у 1974 г. - карэспандэнт часопіса «Беларусь», у 1974-1988 гг. - літкансультант часопіса «Неман». Сябра СП СССР з 1982 г.
З першым вершам выступіў у друку ў 1953 г. (газета «Сталинская молодежь»), з першым апавяданнем - у 1957 г. (газета «Зорька»). Піша на расейскай мове. Аўтар кніг прозы «Нас было семеро» (аповесці, 1963), «Не знающий покоя» (нарыс, 1963), «Эхо на Полесье» (дакументальная аповесць пра Р.Мачульскага, Масква, 1979). Для дзяцей выдаў кнігі «Хитрый гвоздик» (1966), «Первый разведвзвод» (1969), «У нас в Тополевке» (1976), «Возвратятся журавли» (1988).
У яго літаратурным запісу выйшлі кнігі ўспамінаў удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны Э.Лаўрыновіча «Огненные рельсы» (1970, перапрацаванае і дапоўненае выданне ў 1974), І.Зуевіча «Райком в подполье» (1972), С.Ляснічага «Далеко за фронтом» (1972), М.Дмітрыева «У тихой Серебрянки» (1975) і «Во имя жизни» (1981), М.Фядотава «Разведка ведет поиск» (1976) і «Разведка продолжает поиск» (1988), М.Гірыловіча «Дальва - сестра Хатыні» (1977, перапрацаваныя і дапоўненыя выданні ў 1981, 1987), А.Мазанік «Возмездие» (1981, дапоўненае і перапрацаванае ў 1988), М.Усава «В семье партизанской» (1988).