Биографии белорусскиx писателей - Кобец Рыгор - Вариант 1

Вариант 1

Кобец Рыгор (сапр. Мусіевіч-Сандыга Міхаіл), нарадзіўся 24.07.1898 г. у вёсцы Малыя Рагачыкі Кіраваградскай вобласці (Украіна) у сям'і рабочага.

Вучыўся ў царкоўнапрыходскай школе, у народнай рамеснай, у рэальнай навучальнях. У першую сусветную вайну служыў у царскай арміі, удзельнічаў у баях у Галіцыі (1914-1916). Быў паранены. Працаваў токарам у Елісаветградзе, рабочым на Херсонскім заводзе сельгасмашын кампаніі «Эльворці» (завод «Чырвоная звязда»), маркіроўшчыкам на станцыі Елісаветград - Таварная (1916-1918). У час Лютаўскай рэвалюцыі ўвайшоў у федэрацыю анархістаў групы «Набат». У грамадзянскую вайну служыў у Чырвонаармейскім Брацкім палку (Елісаветград). Затым уступіў у рады Чырвонай гвардыі (1-шы інтэрнацыянальны батальён рэвваенсавета Паўднёвага фронту), перайшоў у армію Дзянікіна, працаваў у міліцыі. У 1919 г. ваяваў у асобным кавалерыйскім дывізіёне 1-й Коннай арміі С.М.Будзённага. Пад Варшавай быў цяжка паранены. Зноў трапіў пад уплыў анархістаў. Удзельнічаў у контррэвалюцыйным мяцяжы ў арміі С.М.Будзённага. Пасля хаваўся ад органаў ЧК (пад рознымі прозвішчамі, апошняе - Р.Кобец). Працаваў качагарам у бальніцы, на Менскім дражджавым заводзе «Пралетарый» (1922-1928), на піўзаводзе «Беларусы» (1928-1929). Скончыў тры курсы Менскага вячэрняга рабочага тэхнікума (1928). Уваходзіў у літаратурнае аб'яднанне «Звенья» «Маладняка», у 1929-1930 гг. - загадваў сельгасаддзелам рэдакцыі газеты «Рабочий». Потым кансультант, загадчык сцэнарнага аддзела кінастудыі «Савецкая Беларусь» у Ленінградзе (1931-1937). У 1935 г. прызнаўся старшыні Саўнаркома БССР М.Галадзеду ў сваіх ранейшых сувязях з анархістамі, тады ж пастановай НКУС СССР быў амнісціраваны. У 1933, 1935, 1937 гг. ездзіў у творчыя камандзіроўкі ў Бірабіджан. Супрацоўнічаў у газетах «Биробиджанская правда», «Тихоокеанская звезда» (Бірабіджан). У 1938 г. рэпрэсіраваны ў Бірабіджане. У 1939 г. апраўданы. Пераехаў у Хабараўск, дзе працаваў рэдактарам студыі кінахронікі (1939-1941). У 1941 г. быў зноў арыштаваны, у 1942 г. рашэннем Асобай нарады прыгавораны да 10 год зняволення ў лагерах. Адбываў пакаранне на будоўлях чыгункі ў Тайшэце, Манголіі, у Забайкаллі. З 1951 г. - на пажыццёвым пасяленні ў Кіргізіі. Працаваў у саўгасе «Чалдавар» Фрунзенскай вобласці вартаўніком на вінаградніках, памочнікам пчаляра (у гарах Цянь-Шаня), загадчыкам хаты-чытальні, клуба, гаспадаркі ў школе. У 1958 г. вярнуўся ў Менск. Справа перагледжана 19.10.1960 г. Хабараўскім краявым судом, і Пастанова Асобай нарады СССР ад 04.10.1942 г. адменена. У 1963 г. быў пазбаўлены персанальнай пенсіі рэспубліканскага значэння за прыналежнасць да анархістаў. Сябра СП СССР з 1935 г.

Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1935).

Памёр 09.09.1990 г.

У беларускім друку выступіў у 1923 г. з вершамі і апавяданнямі (часопіс «Прафрух»). Пісаў на расейскай і беларускай мовах. Апублікаваў п'есы «Гута» (1929, пастаўлена ў 1930), «Ратуй, божа!» (з А.Вольным, 1932), «А ўсё ж заспяваю» (1932), «На заставе» (1935), «Мигрень» (Хабараўск, 1940), аднаактоўкі «Цяжкі выпадак» (1961), «Катавасія брата Гервасія» (з А.Астрэйкам, 1962), «Нішто сабе жарты» (1962), «Святая тайна» (1965), «Піражкі з чырвонцамі» (1965). Напісаў кінасцэнарый «Паўстанне гневу» (з А.Вольным, газета «Літаратура і мастацтва», 1936). Па яго сцэнарыях пастаўлены мастацкія фільмы «Ураган» (з Б.Брадзянскім, 1932), «Двойчы народжаны» (1933), «Шукальнікі шчасця» (з І.Зэльцарам, 1936, апублікаваны ў 1988, у 1987 г. выпушчаны відэафільм), «Дняпро ў агні» (з І.Барашкам, 1937), музычная камедыя «Счастливый берег» (з С.Бытавым, 1940). Выдаў кінааповесці «Герои Балтики» (Хабараўск, 1939), «Трофим Бутан» - новы варыянт «Паўстання гневу» (Хабараўск, 1940). У 1925 г. напісаў верш «Паравоз», які стаў папулярнай камсамольскай песняй.

У 1989 г. часопіс «Нёман» апублікаваў аповесць «Ноев ковчег» (напісана ў 1964).