Вариант 1
Ларчанка Міхась, нарадзіўся 14.11.1907 г. у вёсцы Хварасцяны Слаўгарадскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Вучыўся ў Княжыцкай школе сялянскай моладзі, у Магілеўскім беларускім педагагічным тэхнікуме. У 1929 г. паступіў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (у 1931 г. педфак пераўтвораны ў Вышэйшы педагагічны інстытут). Скончыў яго датэрмінова (1932). З 1935 г., пасля заканчэння аспірантуры пры АН БССР, - супрацоўнік Інстытута літаратуры і мастацтва. У час Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у баях на Бранскім фронце, улетку 1942 г. быў цяжка паранены. З 1943 г. - загадчык кафедры і дэкан філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1952-1955 гг. - дактарант Інстытута сусветнай літаратуры АН СССР, у 1955-1971 гг. - зноў загадчык кафедры беларускай літаратуры і адначасова (да 1957) дэкан філалагічнага факультэта БДУ. Доктар філалагічных навук, прафесар. Сябра СП СССР з 1939 г.
Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені і медалямі.
Заслужаны дзеяч навукі Беларускай ССР (1977).
Памёр 31.07.1981 г.
Як крытык і літаратуразнавец выступаў з 1932 г. Выйшлі манаграфіі «На шляхах да рэалізму» (1958), «Па шляху рэалізму» (1959), «Сувязі беларускай літаратуры з літаратурамі суседніх славянскіх народаў у другой палове XIX ст.» (1958), «Жывая спадчына» (1977), зборнікі літаратуразнаўчых прац «Славянская супольнасць» (1963), «Яднанне братніх літаратур» (1974), «Літаратурнае пабрацімства славян» (1984), а таксама брашуры «Творчасць М.Багдановіча» (1949), «А.М.Горкі і беларуская літаратура» (1951), «Гогалеўскія традыцыі ў беларускай літаратуры» (1952).
Складальнік хрэстаматыі для сярэдняй школы «Беларуская літаратура» (1945), адзін з аўтараў дапаможнікаў для ВНУ «Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры» (1956), «Беларуская вуснапаэтычная творчасць» (1966), «Старажытная беларуская літаратура» (1968), «Беларуская народна-паэтычная творчасць» (1979).