Вариант 1
Марчук Георгі, нарадзіўся 01.01.1947 г. у горадзе Давыд-Гарадок Столінскага раёна Берасцейскай вобласці ў сям'і шаўца.
Пасля заканчэння сярэдняй школы №– 2 у Давыд-Гарадку (1965) працаваў у мясцовым клубе, затым у Столінскім раённым клубе на розных пасадах: ад кіраўніка драматычнага гуртка, метадыста да мастацкага кіраўніка. У 1973 г. скончыў завочнае аддзяленне па спецыяльнасці тэатразнаўства Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута. З 1969 г. у Менску - асістэнт кінарэжысёра кінастудыі «Беларусьфільм». У 1975-1977 гг. - слухач Вышэйшых курсаў сцэнарыстаў і рэжысёраў у Маскве. З 1980 г. - кінарэжысёр на кінастудыі «Беларусьфільм», у 1980-1982 гг. - загадчык літаратурнай часткі тэатра-студыі кінаакцёра кінастудыі «Беларусьфільм». Сябра СП СССР з 1983 г.
У друку пачаў выступаць з гумарэскамі, замалёўкамі ў 1966 г. (столінская раённая газета «Навіны Палесся»). Першая аднаактовая п'еса «Выкраданне Алёны» (1971) адзначана прэміяй на рэспубліканскім конкурсе драматургіі. Аўтар пятнаццаці аднаактовых п'ес, сярод якіх «Новыя прыгоды Несцеркі» (пастаўлена ў 1980), «Магіла Чынгісхана» (надрукавана і пастаўлена ў 1981), «Дыскатэка» (пастаўлена ў 1981), п'ес-казак «Чаканне сабакі Тэафіла» (пастаўлена ў 1979), «Загадка каралевы Аварыі» (1980), «Ці кормяць ваўка ногі» (1982), «Тушканчык і чароўны чамаданчык» (1986). Напісаў камедыі «Люцікі-кветачкі» (пастаўлена ў 1974), «Цвярозы дзень Сцяпана Крываручкі» (пастаўлена ў 1985), «Вясёлыя, бедныя, багатыя» (пастаўлена ў 1986), «Альдона, Анета, Анфіса» (пастаўлена ў 1986), «Дарога ў рай», «Калі заспявае певень» (абедзве пастаўлены ў 1990). Па сцэнарыях пісьменніка пастаўлены тэлефільмы «Вясковы эрудзіт» (1985), «Запрашэнне» (1988). Адзін з аўтараў сцэнарыя дакументальнага кінафільма «Вяртанне Забэйды-Суміцкага» (зняты ў 1990).
Працуе і ў галіне прозы. Выйшлі кнігі казак «Жылі-былі дзед Васільчык і баба Кацярына» (1986), раманы «Крык на хутары» (1983), «Прызнанне ў забойстве» (1985), «Кветкі правінцыі» (1986), «Вочы і сон» (1990), «Сава Дым і яго палюбоўніцы» (1990).