Вариант 1
Садковіч Мікола, нарадзіўся 21.01.1907 г. у вёсцы Вусце Аршанскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Скончыў Дзяржаўны тэхнікум кінематаграфіі ў Маскве (1928). Да 1945 г. працаваў рэжысёрам на кінастудыях Масквы, Адэсы, Кіева, Ташкента. У 1942-1945 гг. кіраўнік Беларускай кінагрупы на Цэнтральнай студыі дакументальных фільмаў у Маскве, з якой выязджаў да партызан і на франты. У 1946-1947 і з 1950 г. - міністр кінематаграфіі БССР, у 1953-1956 гг. - намеснік міністра культуры БССР. Узначальваў расейскую секцыю СП Беларусі. У 1948-1950 гг. быў галоўным рэдактарам і рэжысёрам Цэнтральнай студыі дакументальных фільмаў у Маскве. Абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1947-1959). Сябра СП СССР з 1947 г.
Заслужаны дзеяч мастацтва Беларускай ССР (1944).
Памёр 16.08.1968 г.
У беларускім друку выступіў у 1948 г. Пісаў на расейскай мове. Аўтар гістарычнага рамана «Георгий Скорина» (з Я.Львовым, 1951, папраўленае і дапоўненае выданне ў 1957), «Повести о ясном Стахоре» (1956), дзённіка назіранняў «Человек в тумане» (1960), рамана «Мадам Любовь» (Масква, 1966), апавяданняў, нарысаў. У 1987 г. выйшаў аднатомнік «Мадам Любовь. Человек в тумане. Повесть о ясном Стахоре».
Сцэнарыст і пастаноўшчык фільмаў «Майская ноч» (паводле М.Гогаля, пастаўлена ў 1940), «Тры гвардзейцы» (зняты ў 1942), «Беларускі кінаканцэрт» («Жыві, родная Беларусь!»). «Вызваленне Савецкай Беларусі» (абодва з У.Корш-Сабліным, зняты ў 1944). Сцэнарыст фільмаў «Міколка-паравоз» (з М.Лыньковым, пастаўлены ў 1957), «Так мы жывём» (зняты ў 1958), «Наша зямля» (зняты ў 1960), «Ахвяры абвінавачваюць» (зняты ў 1962), «Доля жаночая» (зняты ў 1967) і інш. Рэжысёр мастацкіх і дакументальных фільмаў «Шчаслівыя кольцы» (1929), «Песня пра першую дзяўчыну» (абодва з Л.Голубам), «Шумі, гарадок» (1939), «Дэмакратычная Германія» (сумесна з «Дэфа», 1950).
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1951) за дакументальны фільм «Дэмакратычная Германія».