Вариант 1
Садоўскі Яфім, нарадзіўся 04.01.1908 г. у горадзе Менску ў сям'і служачага.
Вучыўся ў сталярнай майстэрні (1924-1925), у прафтэхшколе (1926), скончыў агульнаадукацыйныя курсы (1927). Быў супрацоўнікам газет «Савецкая Беларусь», «Рабочий», «Советская Белоруссия». У 20-я гг. - сябра групы расейскіх літаратараў «Звенья». Служыў у Савецкай Арміі (1930-1931). У першыя гады Вялікай Айчыннай вайны - ваенны журналіст на Заходнім і Цэнтральным франтах. У 1943-1970 гг. - супрацоўнік газеты «Советская Белоруссия». Сябра СП СССР з 1935 г.
Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені і Чырвонай Зоркі, медалямі.
Літаратурную дзейнасць пачаў у 1923 г. з вершаў. Піша на расейскай і беларускай мовах. У 1927 г. апублікаваў зборнік вершаў «Полустанок» (з Г.Ладным). Выйшлі зборнікі апавяданняў «Скрыпка і ордэн» (1935), «Я вижу» (1939), «Ясные дали» (1951), «Жизни и судьбы» (1962), а таксама нарысы і брашуры «Рукамі ўдарнікаў» (1931), «У барацьбе за паліва» (1931), «Дзесяць дзён, якія прынеслі перамогу цэхам» (1931), «Записки молодого бойца» (Смаленск, 1932), «Раўняцца па героях» (1932), «Герой Савецкага Саюза Аляксандр Ісачанка» (1946), «Чэмпіён краіны» (з Ю.Багушэвічам, 1953), «Гістарычныя помнікі Беларусі» (1958), «Люди и подвиги» (1965), «Их именами названы улицы Минска» (1965, апошняе перавыданне пад назвай «Герои не умирают» у 1974), «По историко-революционным местам Минска» (1981). Склаў зборнікі «Маякоўскі ў Беларусі» (1957) і «Успаміны пра Змітрака Бядулю» (з К.Цвіркам, 1988).
Аўтар сцэнарыяў дакументальных фільмаў «Наваселле» (пастаўлены ў 1945), «Па малых рэках» (пастаўлены ў 1947) і казкі для лялечных тэатраў «Выспа мудрасці» (пастаўлена ў 1952).