Вариант 1
Сімановіч Давід, нарадзіўся 26.06.1932 г. у горадзе Нароўлі Гомельскай вобласці ў сям'і служачага.
У гады Вялікай Айчыннай вайны жыў у Ферганскай вобласці (Узбекістан). Пасля заканчэння Нараўлянскай сярэдняй школы (1950) паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (скончыў у 1955). Працаваў настаўнікам расейскай мовы і літаратуры Крынкаўскай сярэдняй школы Лёзненскага раёна (1955-1959), літсупрацоўнікам рэдакцыі абласной газеты «Віцебекі рабочы» (1959-1960). З 1961 г. - рэдактар, потым загадчык аддзела на Віцебскім тэлебачанні. У 1971-1980 гг. узначальваў Віцебскае абласное літаратурнае аб'яднанне. Сябра СП СССР з 1960 г.
Узнагароджаны медалём.
Першыя вершы надрукаваў у 1948 г. (мазырская абласная газета «Бальшавік Палесся» і «Зорька»). Піша на расейскай мове. Выдаў кнігі лірыкі «Весенняя сказка» (1959), «Июнь-река» (1962), «Равноденствие» (1966), «Минуты» (1969), «Станция тревоги и любви» (1972), «Письмо тебе» (1975), «Встречные поезда» (1978), «Силуэты дней» (1981), «Солнечный хмель» (1982), «Сентябри» (1990), зборнікі вершаў для дзяцей «Волшебный луг» (1959), «Зелёный кузнечик» (1968), кнігі нарысаў «Подорожная Александра Пушкина» (1977), «Сквозь даль времен» (1984).
Аўтар тэлеп'ес «Якаў Свярдлоў» (пастаўлена ў 1963), «Асенні букет» (пастаўлена ў 1964), сцэнарыяў для тэлефільмаў «Маладосць старажытнага горада» (пастаўлены ў 1964), «Балада пра чырвонага кавалерыста» (пастаўлены ў 1968).
Перакладае на расейскую мову творы беларускіх паэтаў і паэтаў братніх рэспублік.