Вариант 1
Сташэўскі Васіль, нарадзіўся 23.03.1895 г. у вёсцы Лугавая Капыльскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1914). Удзельнік першай сусветнай вайны. У час грамадзянскай вайны прымаў удзел у барацьбе супраць войск буржуазнай Польшчы. У 1918-1920 і ў 1923 гг. настаўнічаў, у 1920-1921 гг. - ваенкам і загадчык аддзела асветы Магільнянскага валаснога рэўкама, сакратар Нясвіжскага павятовага ваенкамата, загадчык беларускага пададдзела Менскага павятовага аддзела народнай асветы. Вучыўся ў Беларускай драматычнай студыі ў Маскве (1921-1922). Пасля заканчэння Менскага настаўніцкага інстытута (1924) выкладаў гісторыю і літаратуру на настаўніцкіх курсах і рабфаку ў Воршы, узначальваў культаддзел Аршанскага акруговага Савета прафсаюзаў. З 1927 г. - адказны сакратар літаратурнага аб'яднання «Маладняк», з 1929 г. - аб'яднання «Полымя». У 1928-1929 гг. працаваў у газеце «Савецкая Беларусь». У 1937 г. рэпрэсіраваны. Прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны 08.06.1957 г. Сябра СП СССР з 1934 г.
Расстраляны 29.10.1937 г.
Друкаваўся з 1923 г., першую п'есу «На другі дзень» апублікаваў у 1926 г. («Аршанскі маладняк»). Надрукаваў п'есы «Бацька і сын», «Кацярына», «Сашка-будаўнік», аднаактоўкі «Беспрытульныя», «У цемры» (усе ў 1927), «Музыка Цвілеўскі», «Спявай, вясна!» (абедзве ў 1928), «Архангелы з крэсаў» (1929), «Прысяга ў лесе» (1930), «Гарачы віхор» («Віхор», 1930), «На варце» (1932), «На платформу» (урывак у 1934), «Самсон і Людміла» (1936) і інш. П'еса «Мікола Гоман» пастаўлена ў 1936 г.
Выйшлі кнігі прозы «Па сонечным шляху» (эскізы, 1930), «Пад местачковым месяцам» (аповесць, 1931), «Шуміць бярэзінка» (аповесць, 1933), нарысы «Гаворыць Асінстан...» і «Чырвоны сцяг» (1930), «Койданаўская МТС» (1931), «Каласіцца зямля» (1932), зборнік выбраных празаічных твораў «Шуміць бярэзінка» (1963).