Вариант 1
Ставер Алесь, нарадзіўся 10.08.1929 г. у вёсцы Маргавіца Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Вясной 1944 г. пад час блакады партызанскага краю згубіў бацькоў, быў вывезены фашыстамі ў Германію.
Вярнуўся дамоў у 1945 г. У 1949 г. скончыў Барысаўскую педагагічную навучальню. Працаваў старшым піянерважатым і выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры ў Бягомльскай сярэдняй школе. У 1954 г. скончыў філалагічны факультэт Менскага педагагічнага інстытута. Працаваў інспектарам школ Лагойскага рана, літсупрацоўнікам газеты «Калгасная праўда», рэдактарам у Дзяржаўным выдавецтве БССР, загадчыкам літаратурнай часткі Белдзяржфілармоніі, навуковым супрацоўнікам Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. У 1975-1984 гг. - карэспандэнт-арганізатар Бюро прапаганды мастацкай літаратуры СП БССР. Сябра СП СССР з 1962 г.
З вершамі выступіў у друку ў 1949 г. (барысаўская раённая газета «Бальшавіцкая трыбуна»). Аўтар зборнікаў паэзіі «Золак над Бярозай» (вершы і паэма, 1959), «Ластаўкі перад дажджом» (1967), «Жураўлі ляцяць» (вершы і песні, 1972), «Лірнік» (1975), «Жнівеньскі вырай» (выбранае, 1979), «Зоры зямныя» (паэмы, вершы, песні, 1989).
Выйшлі кнігі паэзіі для дзяцей «Касцёр не гасне» (1961), «Пад вясёлкавай дугой» (1984), рамана «Пад канвоем» (1969), зборнікаў аповесцей і апавяданняў «Да сваіх» (1974), «Лясныя аповесці» (1986).
Напісаў лірычную камедыю «Алімпіяда Салодкая» (пастаўлена ў 1977) і п'есу «Слова - не верабей» (пастаўлена ў 1977). На многія вершы напісаны песні («Жураўлі на Палессе ляцяць», «Беларусачка» і інш.).
У 1983 г. выдадзены зборнік песень «Мой край беларускі».