Вариант 1
Васілеўская Галіна, нарадзілася 15.01.1927 г. у гарадскім пасёлку Клічаў Магілеўскай вобласці ў сям'і рабочага.
З 1932 г. жыве ў Менску. У 1945 г. здала экстэрнам экзамены за дзесяцігодку. Скончыла аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1950). Працавала радыёжурналістам, літсупрацоўнікам часопіса «Сельская гаспадарка Беларусі». У 1959-1977 гг. - рэдактар аддзела часопіса «Работніца і сялянка». З 1977 г. - рэдактар аддзела нарыса, з 1979 г. - адказны сакратар часопіса «Полымя». У 1982-1988 гг. - дырэктар Бюро прапаганды мастацкай літаратуры СП БССР. Сябра СП СССР з 1970 г.
Узнагароджана медалём.
Літаратурнай працай займаецца з 1953 г. Пісала нарысы, артыкулы. У 1959 г. апублікавала першае апавяданне. Аўтар аповесцей для дзяцей і юнацтва «Маланка ўначы» (1963), «Малюнак на снезе» (1969), «Я еду на вярблюдзе» (1970), «Бывай, Грушаўка» (1979), «Юныя назаўсёды» (1983), «Крылы, або Адзін год з жыцця Віталя Пятроўскага» (1987). У 1986 г. выйшла «Выбранае».