Биографии белорусскиx писателей - Вазнясенскі Аляксандар - Вариант 1

Вариант 1

Вазнясенскі Аляксандар, нарадзіўся 17.07.1888 г. у сяле Чукалы Ардатаўскага раёна (Мардовія) у сям'і настаўніка.

Скончыў славяна-расейскае аддзяленне гісторыка-філалагічнага факультэта Варшаўскага ўніверсітэта (1913) і быў пакінуты пры ўніверсітэце для падрыхтоўкі да прафесарскага звання. У 1915-1921 гг. - асістэнт, прыват-дацэнт гісторыка-філалагічнага факультэта Растоўскага ўніверсітэта. У 1921-1927 гг. - дацэнт, у 1927-1930 гг. - прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля працаваў у Маскоўскім інстытуце кінематаграфіі, у Маскоўскім гарадскім педінстытуце, у Народным камісарыяце цяжкай прамысловасці (1930-1934). У 1934 г. быў высланы ў Ташкент, дзе да чэрвеня 1939 г. працаваў загадчыкам вучэбнай часткі курсавога навучання рабочых кадраў, эканамістам па планаванні і ўліку. З 1939 г. - прафесар Казанскага педінстытута. З 1940 г. - прафесар, а ў 1943-1947 гг. - дэкан гісторыка-філалагічнага факультэта Казанскага ўніверсітэта. Доктар філалагічных навук, прафесар.

Узнагароджаны медалём.

Памёр 16.01.1966 г.

У друку пачаў выступаць у 1913 г. з артыкуламі па гісторыі расейскай класічнай літаратуры. Быў прадстаўніком культурна-гістарычнай школы ва ўсходнеславянскім літаратуразнаўстве. Аўтар артыкулаў пра М.Гогаля, М.Лермантава, І.Тургенева і інш. У 20-я гады ў часопісах «Полымя», «Узвышша», у «Працах БДУ» змясціў шэраг артыкулаў па тэорыі літаратуры і пытаннях развіцця беларускай літаратуры, беларускага тэатра. Выдаў працы «Паэтыка Максіма Багдановіча» (Коўна, 1926), «Асноўныя прынцыпы пабудовы беларускай навукі аб літаратуры» (1927), «Паэмы Янкі Купалы (Сюжэтная пабудова і стыль)» (1927). Доктарская дысертацыя «Исследования по истории новой белорусской литературы» (ч. 1-3) не апублікавана, зберагаецца ў бібліятэцы Казанскага ўніверсітэта.