Вариант 1
Вечар Алесь, нарадзіўся 25.03.1905 г. у вёсцы Машчыцы Слуцкага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1923 г. паступіў на першы курс Слуцкага сельгастэхнікума. У 1924-1925 гг. загадваў хатай-чытальняй у вёсцы Паськова Горка Старадарожскага раёна. Пасля заканчэння агранамічнага факультэта Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі (1929) быў залічаны аспірантам навукова-даследчага Інстытута сельскай і лясной гаспадаркі БССР. Быў адным з кіраўнікоў Аршанскай філіі «Маладняка», у 1928-1930 гг. узначальваў Менскую філію БелАПП. У 1930-1931 гг. працаваў выкладчыкам у Гарадоцкім тэхнікуме механізацыі сельскай гаспадаркі (Віцебская вобласць). З 1933 г. загадваў аддзелам у навукова-даследчым Інстытуце харчовай прамысловасці БССР. У 1937-1959 гг. жыў у Краснадары - працаваў загадчыкам кафедры ў Кубанскім сельскагаспадарчым інстытуце, дацэнтам, загадчыкам кафедры Краснадарскага інстытута харчовай прамысловасці.
З 1959 г. - загадчык аддзела біяхіміі раслін Інстытута біялогіі, з 1970 г. - загадчык лабараторыі біяхіміі і малекулярнай біялогіі Інстытута эксперыментальнай батанікі АН БССР. Акадэмік АН БССР. Доктар біялагічных навук, прафесар. Сябра СП СССР з 1978 г.
Заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі Беларускай ССР (1975).
Узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў і медалямі.
Памёр 04.04.1985 г.
Першыя вершы апублікаваў у 1926 г. (часопіс «Аршанскі маладняк»). Аўтар зборнікаў вершаў «Кола дзён» (1930), «Зварот да слова» (1977), паэмы «Мая гімназія» (часопіс «Полымя», 1979). Пераклаў на беларускую мову паэму А.С.Пушкіна «Домік у Каломне» (1937).
Аўтар навуковых прац па біяхіміі раслін і тэхнічнай біяхіміі «Фізіялогія і біяхімія бульбы» (з М.Ганчарыкам, 1979), «Водородные ионы в биосфере» (1986) і інш.