Вариант 1
Вішнеўскі Мікола, нарадзіўся 28.03.1910 г. у горадзе Гомелі ў сям'і рабочага.
У 1931 г. скончыў Менскі беларускі педагагічны тэхнікум і стаў працаваць у газеце «Звязда». У 1932-1933 гг. вучыўся ва Ўсесаюзным інстытуце кінематаграфіі, потым зноў працаваў у «Звяздзе». У 1939 г. накіраваны на працу ў вілейскую абласную «Сялянскую газету». На пачатку Вялікай Айчыннай вайны служыў у будаўнічым батальёне, потым у рэдакцыях франтавой газеты «За свабодную Беларусь», сатырычнага лістка «Партызанская дубінка». З лістапада 1942 г. - спецкарэспандэнт газеты «Савецкая Беларусь», з 1944 г. - загадчык сельскагаспадарчага аддзела, уласны карэспандэнт газеты «Звязда», а ў 1952-1967 гг. - намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Сельская гаспадарка Беларусі». Сябра СП СССР з 1952 г.
Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» і медалямі.
Памёр 17.03.1986 г.
З першым нарысам выступіў у 1933 г. (газета «Звязда»). Першае апавяданне апублікаваў у 1941 г. (газета «Звязда»). Асобнымі выданнямі выйшлі нарысы «Майстар конегадоўлі» (1939), «Герой Сацыялістычнай Працы Еўдакія Кухарава» (1948) і зборнік апавяданняў «Скарб зямлі» (1951).
Аўтар шэрага навукова-папулярных і вучэбных фільмаў («Трактар «Беларусь», 1955; «Залатое дно», 1962; «Жывы канвеер», 1964; «Севазвароты на Беларусі», 1966 і інш.).