Вариант 1
Вольны Анатоль (сапр. Ажгірэй Анатоль), нарадзіўся 02.12.1902 г. на станцыі Пухавічы Менскай вобласці ў сям'і служачага.
У 1911 г. паступіў у Ігуменскую гімназію. У 1920 г. пайшоў добраахвотнікам у Чырвоную Армію, прымаў удзел у баях з інтэрвентамі. Пасля дэмабілізацыі (1921) працаваў у ЦК ЛКСМБ і вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. З 1923 г. уваходзіў у літаратурнае аб'яднанне «Маладняк», а з 1928 г. - у «Полымя». 04.11.1936 г. арыштаваны. У 1937 г. прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны пасмяротна 03.12.1957 г. Сябра СП СССР з 1934 г.
Заслужаны дзеяч мастацтва БССР (1935).
Расстраляны 29.10.1937 г.
Літаратурную дзейнасць пачаў у 1920 г. Выдаў зборнікі паэзіі «Камсамольская нота» (1924, з А.Александровічам), «Чарнакудрая радасць» (1926), «Табе» (1927).
У 1925 г. выйшаў раман «Ваўчаняты» (у сааўтарстве з А.Александровічам і А.Дударом). Аўтар аповесцей «Два» (1925), «Антон Савіцкі» (1927, газета «Савецкая Беларусь»). «Зборнік фельетонаў» (1927) і кніга гумарэсак і фельетонаў «Суседзі» (1932) выйшлі пад псеўданімам «Алёша».
Напісаў п'есы, драматызаваныя агітжарты («Калі дзяк гаворыць праўду», «Міколка», «У агранома» - 1924), камедыю «Ратуй, божа!» (з Р.Кобецам, 1932). Выступаў і як кінадраматург - па яго сцэнарыях пастаўлены фільмы «Хвоі гамоняць» (з К.Дзяржавіным, 1929), «Гатэль «Савой» (1930), «У агні народжаная» (1930), «Сонечны паход» (1931), «Новая радзіма» (1935) і інш. У 1935 г. выйшла кінааповесць «Шасцідзесятая паралель».