Вариант 1
Вярба Вера (сапр. Сакалова Гертруда), нарадзілася 14.01.1942 г. у вёсцы Высокі Гарадзец Талачынскага раёна Віцебскай вобласці ў сям'і служачых.
У 1964 г. скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працавала ў аддзеле прапаганды літаратуры Ўпраўлення кніжнага гандлю Дзяржкамітэта Савета Міністраў БССР па друку (1969-1971), у рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва» (1972-1977), у часопісе «Беларусь» (1980-1983). Сябра СП СССР з 1964 г.
З першымі вершамі выступіла ў друку ў 1958 г. (часопісы «Полымя», «Вясёлка», «Работніца і сялянка»). Аўтар зборнікаў паэзіі «Вочы вясны» (1962), «Белыя пісьмы» (1967), «Высакосны год» (1969), «Сіняя бухта» (1975), «Альфа» (1978), «Мая маленькая планета» (1982), «Яраслаўне» (1986). Выйшла кніжка вершаў для дзяцей «Пралеска» (1968). У 1976 г. выйшла «Выбранае», у 1987 г. - кніжка выбранай паэзіі «Белыя пісьмы». Яе верш «Ручнікі» (музыка М.Пятрэнкі) стаў папулярнай песняй.
Пераклала на беларускую мову аповесць Р.Фраермана «Дзікі сабака Дзінга, альбо Аповесць пра першае каханне» (1975).