Вариант 1
Ярац Віктар, нарадзіўся 23.10.1948 г. у пасёлку Красны Мост Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1966 г. паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, У 1968 г. перавёўся ў Гомельскі педагагічны інстытут, на базе якога ў 1969 г. быў адкрыты ўніверсітэт (скончыў у 1970). Быў некалькі месяцаў загадчыкам сельгасаддзела рагачоўскай раённай газеты «Камунар». У 1970-1971 гг. служыў у Савецкай Арміі. Працаваў на Гомельскай студыі тэлебачання. У 1975 г. скончыў аспірантуру пры кафедры беларускай літаратуры Гомельскага ўніверсітэта. Працуе выкладчыкам гэтага ўніверсітэта, з 1978 г. - дацэнт. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1980 г.
Першыя вершы апублікаваў у газеце «Піянер Беларусі» ў школьныя гады. Актыўна пачаў выступаць у друку з 1966 г. Аўтар зборнікаў вершаў «Уваходзіны» (1976), «Добрыца» (бібліятэка часопіса «Маладосць», 1989).
Выступае ў перыядычным друку па праблемах развіцця сучаснай беларускай паэзіі. Напісаў вучэбна-метадычны дапаможнік для студэнтаў-філолагаў «Беларускія паэты - лаўрэаты Ленінскай і Дзяржаўнай прэмій СССР» (Гомель, 1983).
Перакладае творы балгарскіх, летувіскіх, расейскіх, украінскіх паэтаў на беларускую мову.