Вариант 1
Яўсееў Рыгор (таксама Яўсееў Ягор), нарадзіўся 10.09.1942 г. у вёсцы Барок Бялыніцкага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Пасля заканчэння Малабялевіцкай сярэдняй школы (1960) рабіў у калгасе. Служыў у Савецкай Арміі (1961-1963). Працаваў у бялыніцкай раённай газеце «Зара камунізму» (1964-1971). Скончыў завочнае аддзяленне філфака Магілеўскага педінстытута (1969), Вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПБ (1973). Працаваў у рэдакцыі часопіса «Полымя» (1973-1975), у Дзяржкамвыдзе БССР (1975-1977). З 1977 г. - старшы рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура». Сябра СП СССР з 1983 г.
Дэбютаваў гумарыстычнымі вершамі і байкамі ў 1960 г. Аўтар зборнікаў гумару, сатыры «Верабей пад воблакамі» (1976), «Гатовая рэпка» (1976), «Вялікая лыжка» (1977), «Мох на бярвенні» (1979), «Шаравая бліскавіца» (1986). Выйшлі для дзяцей кніжкі-маляванкі «Нашы хлопцы-рыбакі» (1976), «Дзядзькавы памочнікі» (1981). Выдаў слоўнік гаворак Бялыніцкага раёна «Маці казала так...» (1978).
Перакладае на беларускую мову вершы расейскіх, украінскіх, малдаўскіх, французскіх, чэшскіх паэтаў.