Лірыка
ДЗЯКУЙ ТАБЕ, БРАЦЕ, БУРАЧОК МАЦЕЮ...
Дзякуй табе, браце, Бурачок Мацею,
За тое, што ў сэрцы збудзіў ты надзею,
Што між братоў нашых знаходзяцца людзі
З кахаючым сэрцам і баляшчай грудзяй.
Дзякуй табе, браце, і за тыя словы,
Што ўспомнілі звукі нашай роднай мовы.
Бяры, браце, дудку, наладзь і жалейку,
Няхай песнь смутная ідзе ў калейку
I будзіць у сэрцаў мысль аб лепшай долі,
Якой мы не зналі дагэтуль ніколі.
У вершы «Перш душылі паны...» А. Гурыновіч з іроніяй гаворыць пра тыя «змены», якія адбыліся ў парэформенны перыяд, калі ў расійскай дзяржаве пачаў усталёўвацца капіталізм:
Перш душылі паны,
Што шляхтай зваліся,
Цяпер «сукіны сыны»
За нас узяліся.
Ні адны, ні другія нічога не далі, толькі «нашу працу ў свой кішэнь пакавалі». Аўтар заклікае «ўсім сабрацца кучай». Аб'яднаўшыся, яны стануць хмарай, з якой пральецца дождж —
У нашай злой долі
Дух падыме у нас,
Як рунь у тым полі.
Як гром з гэтай хмары, «загручыць усім паном загуба ў вочы!»
Верш «Бор» рытмічнай арганізацыяй, вобразнай сістэмай блізкі да фальклору. Звяртаючыся да бору, аўтар зазначае:
Мы з табой раслі
Уздымаліся,
На адной зямлі
Гадаваліся.
Мы зжылісь з табой,
Бор наш родненькі,
Як з сваёй сумой
Жабрак голенькі.
Побач з вобразам бору ў вершы паўстае вобраз народа, у якога няма «долі — шчасценька», які жыве ў нястачы і беднасці.
А на нашых людзях —
Усё сярмяжачкі,
А у іх кішанях —
Ні бумажачкі —
піша А. Гурыновіч. Аднак услед за гэтым выказвае спадзяванне, што «не будзе ж так векі вечныя», што некалі прыдуць «часы лепшыя!»