Сцяг брыгады
Далёка ад горада Рыбку перастрэў патруль і, праверыўшы дакументы, адпусціў. Алесь стаў салдатам, камісар Зарудны даручыў яму ахоўваць сцяг брыгады. Брыгада трапіла ў акружэнне.
Асядлала брыгада шашу
I засела ў мястэчку...
Хоць хацеў бы я, не апішу
Бой за ўзгорак, за рэчку.
Не апішаш, бо слоў будзе мала
Для гэткага бою, —
Як бамбіць налятала
Пасем самалётаў на хвою...
Як патронаў у нашых байцоў,
Як снарадаў не стала.
Алесь Рыбка, сарваўшы сцяг з дрэўка, выбег на вуліцу. Вакол мёртвыя байцы, бой сціх, толькі рвуцца снарады. У баку ад гарматы Рыбка ўбачыў нерухомага акрываўленага Заруднага. Камісар жывы, жывы таксама і наводчык. З усёй брыгады ацалелі толькі яны.
Безназоўны ручай прывёў акружэнцаў у леснічоўку. Камісар пачаў апраўляцца ад ранення.
З камісарам у нас
Пры сустрэчах маўклівая змова:
Аб брыгадзе ўвесь час
Між сабой не гаворым ні слова.
Аднойчы Зарудны спытаў пра сцяг, а ўбачыўшы яго, загадаў збірацца ў дарогу. Леснічыха знайшла кожнаму цывільнае адзенне. Але камісару зноў стала блага і адыход на некалькі дзён адклалі.
З чужымі дакументамі акружэнцы ідуць па занятай ворагам зямлі. Заходзяць у вёску, дзе чутны гоман і крыкі. Тут «ладзіць... вяселле Мядзведскі — прыслугач нямецкі». Пагражаючы, што выдасць брата-камуніста, ён прымушае дзяўчыну выйсці за яго замуж.
На вяселлі іграць гарманіст
Не згадзіўся, і вёска
Аб'явіла таксама байкот —
Пуста ў хаце.
Мядзведскі ўзрадаваўся нечаканым гасцям, запрашае за стол, хваліцца, што Салаўкі яго вывелі ў людзі.
I выходзіць на хату Смірноў,
Наш таварыш Зарудны:
Ты, — гаворыць, — не ў людзі пайшоў,
А ў іуды...
Грымнуў стрэл, якога байцы не чакалі, нехта выстраліў у здрадніка з натоўпу.
Новым месцам адпачынку стала хата вясёлай кабеты Лізаветы. Жанчына паведамляе Рыбку, што немцы ўжо дайшлі да Урала, упрошвае яго застацца («Будзе люба нам жыць і ў горы, будуць ціха свяціць нам зоры...»). Але раніцай Рыбка і яго таварышы пакідаюць Лізавеціну хату.
Не вытрымаў няпэўнасці Ворчык:
Можа, войска няма,
Можа, праўду ўдава мне казала…
Можа, марна ідзём праз чуму —
Не патрэбны нікому?
Рыбка, Зарудны, Ворчык праводзяць тры дні ў лесе каля прыёмніка. Слухаюць голас Левітана, спаць кладуцца пад гукі «Інтэрнацыянала». Але прыёмнік даносіць і «лязгат гусеніц», фашысцкія маршы і песні. Развітацца з лясным шалашом, прыспешвае Ворчык.
— Што сядзім, камісар палкавы?
— Крыкнуў Ворчык. — Даволі!
— Будзем гэтак сядзець, то Масквы
— Не пабачым ніколі.
Мікіта Ворчык зноў занудзіўся, таварышы здагадваюцца чаму — недалёка бацькоўскі дом. Ноччу Ворчык пакінуў Заруднага і Рыбку, прыхапіў пры гэтым ватоўку з зашытым у ёй сцягам. Байцы не могуць зразумець, дзеля чаго яму спатрэбіўся сцяг. Яны ідуць у вёску, да бацькоў Мікіты.
Дзверы адчыніў сам Ворчык. Ён расказвае таварышам, як страціў надзею выйсці з акружэння, як «абрыдла сонца, жыццё», засталося спадзяванне, што, можа, забудзецца аб бядзе ў сям'і. Аднак, калі Мікіта вярнуўся дамоў, жонкі ў жывых не было. Яна павесілася, не вытрымаўшы дамаганняў нямецкага афіцэра. У запісцы прасіла Мікіту ад-помсціць. Пра сцяг, што быў зашыты ў ватоўцы, Ворчык забыўся.
Бацьку і маці Ворчыка Зарудны і Рыбка нічога не сказам («Хай не знаюць яны ў бядзе аб злачынстве сына»). Сын таксама не трывожыў родных, навек пакідаючы хату.
Ён магілу капае сам,
Сам сабе, на лясной паляне,
Мы чакаем...
Пішам мы смяротны прысуд
Ад імя брыгады...
Нам здаецца: не лес вакол
Тут стаіць у суровым маўчанні,
А байцы з батальёнаў і рот...
Асудзіць патрабуюць яны
Чалавека без веры,
Уцякаўшага ад вайны, .
Да вышэйшае меры...
Дарога вывела да родных мясцін Алеся Рыбкі, «сэрца б'ецца, рвецца дамоў, рвецца глянуць на сына, дачку». Уяўленне Рыбкі малюе сустрэчу з самымі блізкімі людзьмі:
...Гасцінца я для дзяцей
Не прынёс, як прыносіў даўней.
Я ад кожнага вока прынёс
Родным дзецям па жмені слёз...
Рыбка не хоча прыйсці ў дом «нікчэмным, слабым жабраком», ён «сонца ў дом прынясе на штыку», прыйдзе як вызваліцель, як бацька.
У родных ваколіцах Рыбку не пазнаюць, ён чужы для сваіх крыніц і ляснога ручая. На лясной палянцы акружэнцы сустракаюць бежанцаў, якія не паспелі «уцячы на ўсход». Рыбка бачыць сына, гукае яго. Васілёк, не пазнаўшы бацьку, гаворыць пра кавалачак хлеба. Рыбка і Зарудны аддаюць хлопчыку «паўбуханкі, НЗ», усё, што ў іх засталося.
«Сёмы дзень лістапада» Алесь Рыбка сустракае ў бліндажы.
Больш чым год мінуў з тае даты, —
I са сцягам былым да сяла,
Франтавыя прысады Абудзіўшы,
Брыгада ішла.
Мастацкія асаблівасці
Паэма «Сцяг брыгады» напісана ў форме дзённіка яе галоўнага персанажа Алеся Рыбкі. Абраная форма дазваляла А. Куляшову спыняцца на асобных эпізодах, даваць іх у пераказе, стварала адчуванне непасрэднай і жывой I плыні падзей. Свой «вандроўны дзённік» Рыбка пачынае з апісання першых дзён вайны, з развітання з родным горадам, хатай, хатнімі рэчамі. У творы «ажываюць», пачынаюць гаварыць цацкі дачкі і сына. Попел спаленай вуліцы, дзе ён жыў, стукае ў сэрца і патрабуе помсты. Пачатак вайны такі нечаканы і жахлівы, што ўсё, што адбываецца, здаецца герою прывідным, немагчымым: «Што мяне палявыя дарогі вядуць — я не веру, што па іх мае босыя ногі ідуць — я не веру...»
Гэтая частка паэмы, напоўненая выключным драматызмам і трагедыйнасцю, створана на аснове асабіста перажытага. З пачаткам вайны А. Куляшоў прыехаў у Мінск, але сям'і сваёй тут ужо не застаў. Пакінуўшы ахоплены полымем горад, падаўся бежанскімі дарогамі шукаць ваенкамат. Больш года пісьменнік насіў паэму ў сабе, пачаў працаваць над ёю ў верасні 1942 г., а праз месяц «Сцяг брыгады» быў закончаны. Стварэнню вобраза Заруднага дапамагло знаёмства А. Куляшова з членам Ваеннага савета 11-й арміі камісарам I. Зуевым. «Сустрэча з гэтым разумным, яркім чалавекам, які валодаў нейкай дзіўнай якасці прыцягваць да сябе людзей, запала мне, як гавораць, у душу...Я не пісаў[партрэт Зуева, аднак сустрэча з ім не магла прайсці бясследна, яна працавала на вобраз Заруднага», —згадваў у сярэдзіне 70-х гадоў А. Куляшоў.
Асноўная праблема твора — сцвярджэнне вернасці воіна свайму абавязку перад радзімай. Менавіта на вернасць праходзяць праверку героі паэмы, сімвалам яе з'яўляецца вынесены з бою і з акружэння сцяг брыгады. Вырашаецца гэта праблема па-мастацку, праз паказ карцін народнага жыцця, раскрыццё складаных адчуванняў і перажыванняў герояў. Пашыраюць, узбагачаюць рамкі паэмнага дзеяння раздзел пра жыццё ў леснічоўцы, дзе лечыцца камісар Зарудны, а Рыбка і Ворчык дапамагаюць гаспадару ўправіцца з сенакосам, песня жней, сустрэча галоўнага героя з роднымі мясцінамі і г. д.
Алесь Рыбка, сын земляробчага народа, не можа без душэўнага болю глядзець, як нішчыцца праца селяніна:
Я іду каля жыта.
Пакасілі яго кулямёты,
Усё пакасілі,
А тупыя фашысцкія боты
Яго малацілі.
Танкі гусеніц жорнамі
Жыта пасля памалолі,
Коні потныя, чорныя
Хлеб замясілі на полі.
Кроў была ім дражджамі,
Палілі агнём і жалезам...
Карціна здратаванага жыта набывае сімвалічны сэнс. За ёй паўстае разбуранае мірнае жыццё, асновай якога была стваральная праца. У песні жней зноў узнікае вобраз жыта, ён яшчэ больш трагедызуецца, бо тое, што павінна даваць жыццё (слова жыта сутнасна блізкае слову жыць), становіцца прычынай смерці. Жнучы на замініраваным полі, каб не пакінуць дачушку без хлеба, гінуць маці і бацька, жняя і араты.
Аўтар узнавіў у творы складаную псіхалагічную калізію. На шляху герояў, калі яны выходзяць з акружэння, паўстаў бацькоўскі дом. Ворчык не вытрымаў, пакінуў таварышаў. Сваю віну перад імі ён павялічыў яшчэ тым, што, забыўшыся, прыхапіў з сабой сцяг. Зарудны і Рыбка расстрэльваюць Ворчыка як здрадніка, бо здрадзіў памяці загінуўшых таварышаў.
Сустрэчай з бацькоўскім домам выпрабоўваецца і Алесь Рыбка, аднак ён змог заціснуць свой боль. Аўтар паэмы псіхалагічна матываваў учынкі герояў. Ворчык, пачуўшы ад Лізаветы, што немцы дайшлі да Урала, страціў веру, разгубіўся. Дома чакаў яго яшчэ большы ўдар: жонка павесілася, просячы ў перадсмяротнай запісцы адпомсціць за яе. Маральна знішчаны Мікіта прымае смерць ад рук таварышаў без ніякіх скарг і нараканняў, тым самым прызнаючы сваю віну і справядлівасць пакарання.
Рыбка аказаўся не толькі больш моцны духам і вытрыманы. У гэтым учынку героя таксама выявілася жорсткасць і прамалінейнасць ваеннага часу. Нежаданне Рыбкі прыйсці у свой дом «нікчэмным, слабым жабраком» уражвае, але не пераконвае, бо пабачыць у вайну жывога бацьку і мужа было вялікім падарункам лесу, бо гэтая сустрэча магла быць апошняй.
Прыхаваная палеміка з вырашэннем А. Куляшовым праблемы салдацкага абавязку выявілася ўжо ў гады вайны. У паэме А. Твардоўскага «Васілій Цёркін» байцы не абыходзяць вёску і дом свайго таварыша, сустракаецца з сям'ёй і салдат-акружэнец у наступным вялікім творы рускага пісьменніка «Дом ля дарогі».
Сёння паўстае яшчэ адно пытанне — пра справядлівасць такога пакарання Ворчыка, пра ступень яго віны.