Варшаўскі шлях
Штуршком для напісання паэмы «Варшаўскі шлях» (1972) стала смерць Аляксандра Твардоўскага, рускага савецкага паэта, добрага сябра А. Куляшова. Яны пазнаёміліся ў Мінску ў 1934 г., калі А. Твардоўскі разам з іншымі смаленскімі паэтамі наведаў Беларусь. У 1939 г. сустрэліся ў Маскве. Але дружба пачалася ў гады Вялікай Айчыннай вайны, пасля таго як А. Куляшоў волей лёсу апынуўся ў сталіцы СССР.
Паэма складаецца з чатырнаццаці частак, роўных па колькасці радкоў (іх дваццаць чатыры), і эпілога. У першай частцы (яна з'яўляецца экспазіцыяй) акрэсліваецца асноўная тэма твора: «Пагутарым аб часе, аб Твардоўскім». Вобраз часу адзін са скразных у паэме. Ён шматаблічны: ваенны, пасляваенны, як выява лепшага ў чалавеку і як выява чалавечай дробязнасці, нікчэмнасці (пятая частка). Скразным з'яўляецца таксама вобраз Варшаўскага шляху, да якога звяртаецца, з якім вядзе дыялог-размову паэт. Варшаўскі шлях — гэта і канкрэтная дарога, Варшаўская шаша, і сімвал яднання людзей, сімвал чалавечага лесу. Цэнтральным у паэме выступае вобраз А. Твардоўскага, які раскрываецца шырока і шматгранна. А. Куляшоў згадвае ваенны лёс сябра («Жыццё і смерць. Дуэль радкоў з крыжамі. // З вайною, не кіруючы франтамі, // На ўсіх франтах, мой шлях, ён вёў баі»). Прыгадвае знакамітую паэму пісьменніка «Василий Тёркин» і пры гэтым гаворыць пра яго грамадзянскую пазіцыю, імкненне да праўды жыцця:
Не раз ён тут салдатам нёс уцеху
I жартам весяліў іх, каб яны
Забыліся на змрочны жарт вайны.
Здаралася, ён ім хлусіў для смеху,
Ды не маніў ніколі для маны.
Называецца таксама вядомая пасляваенная паэма «За далью — даль» (адзінаццатая частка).
Такія паэмы, як «Варшаўскі шлях», сведчаць пра вялікую змястоўнасць лірычнага твора і, у сувязі з гэтым, няпростасць яго ўспрымання. Прааналізуем наступныя радкі:
Яго дзялянка ўсім відна цяпер:
На ёй прыкметных дат і вех нямала,
Дзве кузні, дзве вяхі дзялянкі той:
Адна— Урал, кіпіць у строфах чулых,
Другая кузня,
шлях Варшаўскі мой, —
Зямлячка наша, памяць дзён мінулых.
Аднак ад курнай кузні каваля,
Што чорнай бляхай ад агню абшыта,
Да рудных гор —
яшчэ не ўся зямля,
Што ім раскарчавана і абжыта.
Яшчэ — і ўтаймаванне Ангары...
Пра Урал, край металургіі, які называлі «ўсесаюзнай кузняй», А. Твардрўскі пісаў у паэме «За далью — даль». Другая кузня, «памяць дзён мінулых», знаёмая паэту з дзіцячых гадоў — бацька А. Твардоўскага быў вясковым кавалём. «Утаймаванню Ангары» — пабудове магутнай Ангарскай ГЭС — зноў жа прысвечаны старонкі ў паэме. Паэмнае дзеянне рухае разгадка прычыны смерці А. Твардоўскага. Спачатку выказваецца версія, што паэт памёр ад «хваробы веку», ад раку. Услед за ёй прапануецца іншая — хвароба, як вынік перажытай вайны. Яна таксама быццам прымаецца. Але канчатковы адказ іншы:
Вайна ягоны век укараціла?.. Хвароба?.. Не!
Не падуладна ім
Любоў да працы прагнай, што спаліла
Звышчалавечым высілкам сваім Яго жыццё...
Не веру я, што Пушкіна Дантэс,
Што Лермантава некалі Мартынаў
Забіў. Не веру!
Волатаў скасіла
Паэзія, а ворагі — пасля,
Ясеніна — яна, а не пятля.
Думка аўтара пра талент А. Твардоўскага, пра яго месца і ролю ў літаратуры і жыцці грамадства натуральна кіруецца да разваг пра сэнс чалавечага існавання. У шостым раздзеле прыгадваецца надпіс на надмагільных камнях, які сустракаецца на хрысціянскіх могілках: «Спыніся, падарожны! // СваіМ маўчаннем ушануй мой прах. // Я дома, ты яшчэ ў гасцях». Паэт разважае, дзе сапраўдны чалавечы дом, на гэтым свеце ці на тым. Здаецца, ён нават прымае традыцыйнае хрысціянскае ўяўленне:
Я не агонь начлежны раскладаю
У гонар земляка.
Я ўпершыню
Сябе нібы дадому выпраўляю...
Аднак урэшце А. Куляшоў заяўляе, што яму крыўдна за тых, хто «свет замагільны домам называлі». Паэт упэўнены:
...Каб памёршыя знайшлі
Зваротную дарогу ў свет зялёны,
То адбівалі б толькі ёй паклоны,
Маліліся б шляхам сваёй зямлі.
Зямля для ўсіх, хто там, для ўсіх, хто тут, —
Адзіная сапраўднасць і бясспрэчнасць,
У ёй адной — іх вечнасць і нявечнасць...
Яна адзін для ўсіх вышэйшы суд.
У эпілозе, дапускаючы магчымасць новай вайны, паэт просіць свайго субяседніка, Варшаўскі шлях, тады яго «ўспомніць як салдата», а вершу дазволіць змагацца са злом.
Каб тут, на месцы векавых пакут,
Каб тут, дзе не загіне наша праца,
Ты, сын Зямлі, мог абдымаць Зямлю...