Кепска будзе!
Бацька, сказаўшы ў скрусе: «Кепска зрабіў, што радзіўся, кепска будзе, свет пазнаўшы», нібы напрарочыў сыну злую долю.
Праз тыдзень хлопчыка павезлі хрысціць. Сарвала мост цераз рэчку. Дзіця было ледзь жывое, кумы вырашылі, усё роўна памрэ. Таму «ахрысцілі самі, тройчы лінуўшы вадой», і вярнуліся назад. Маці пачала калыхаць сына ды спахапілася, што не сказалі, якое ён атрымаў імя. Спраўная на язык кума не разгубілася, так хлопчык стаў Аліндаркай.
Бяда за бядой ішла на сялянскую сям'ю:
Наперш конь здох таго ж лета,
I цялушка, як лань пала...
Матка ж, ведама кабета,
Затужыла і запала,
Гадкоў за тры пацягнула,
У марцы і ручанькі згарнула.
Без гаспадыні прыйшло ў заняпад усё астатняе. Марц (сакавік) месяц нараджэння, стаў для Аліндаркі сапраўды трагічным. У хуткім часе загінуў бацька, таксама ў сакавіку.
Сірату крыху падгадавала цётка, аддаўшы пасля, «як за сына», адзінокаму чалавеку. Калі цётка памерла, больш нікога з родных у Аліндаркі не засталося.
У хаце айчыма Аліндарку убачыў ураднік і данёс, што хлопец хаваецца ад рэкруцтва. Аліндарка і прыёмны бацька трапілі ў турму. Вясной (зноў у сакавіку) прыйшла папера, каб закуты ў ланцугі «супраціўнік уласці» быў пераведзены ў іншае месца. Пачаліся допыты. Айчыма адпусцілі дамоў, Аліндарку ж абяцаюць «сорак розак, потым роты».
Хлопец захварэў. Прыёмны бацька дамогся, каб справу Аліндаркі
пераглядзелі.
Тройчы Вільню, сем раз Ліду
Ён адведаў. Трэба ж ведаць, —
Прысягнуў, покі я выйду,
Навет дома не абедацъ.
Позняй восенню Аліндарку прывялі ў родную вёску, сабралі суседзяў, якія расказалі усё пра хлопца і яго сям'ю. Юнаку нарэшце пашанцавала: асэсар быў ужо новы, «чалавечак так, нічога...». Праз паўгода, у той дзень як і хрысцілі, Аліндарка выйшаў на волю.
Мастацкія асаблівасці
«Кепска будзе!» адны даследчыкі літаратуры адносяць да паэмы, другія — да вершаванай аповесці.
У аснове твора поўны нягод і выпрабаванняў лёс сялянскага хлопца. Пячаткай няшчасця пазначана было дзіця ўжо пры нараджэнні. Яно з'явілася ў
...пост праўдзівы,
Цяжкі месяц гаспадарцы.
Як пражыў хто, — будзе жывы.
Смерць маці і бацькі, горкая доля сіраты, астрог з яго здзекамі і беззаконнем — праз усё гэта прайшоў Аліндарка «свет пазнаўшы». Аднак несправядлівасць лёсу і людзей не зламала яго, не зрабіла жорсткім ці, наадварот, бязвольным і палахлівым. Айчым у гаворцы з ураднікам так характарызуе Аліндарку:
Добры ўдаўся: позна ляжа,
Рана ўстане і аблогу
Не запусце... спагадлівы,
Маю сына, хоць не родны.
Ажаню, як буду жывы,
Будзе Богу й людзям годны!
Хлопец пры гэтым можа пастаяць за сябе. Так, ён «піхнуў лбом у дзверы» асэсара, які стаў надта вялікім начальнікам у сялянскай хаце.
Светабачанне героя, яго маральныя арыенціры найбольш поўна раскрываюцца ў так званым турэмным маналозе:
Але лепшы ў хаце голад,
У дарозе вельмі холад,
Найцяжэйша праца ў полі,
Як у той астрожнай долі!
Аліндарка гаворыць пра імкненне да волі кожнай жывой істоты, жыццё не аднойчы гэта яму даказвала і дэманстравала:
Як ужо ж скаціна тая
Або гадзіна праклята
I та цану волі знае,
Што ж для нашага-то брата,
Меўшы розум не скацінны,
Як знаць волю мы павінны?..
Паказваючы жорсткую праўду існуючай рэчаіснасці, цяжкі лёс селяніна, аўтар не малюе жыццё Аліндаркі безвыходным. Герой вершаванай аповесці «Кепска будзе!» у адрозненне ад селяніна Тамілы (твор В. Каратынскага) не з'яўляецца ахвярай лёсу і абставін, калі жыццё для чалавека траціць усякі сэнс і каштоўнасць. Ланцуг няшчасцяў разрывае сустрэча Аліндаркі з сардэчным, добрым айчымам. Даведаўшыся, чаго каштаваў гэтаму чалавеку перагляд справы, колькі разоў ён схадзіў у Ліду і Вільню, пакланіўся, дабіваючыся патрэбных папер, начальнікам і чыноўнікам, Аліндарка гаворыць: «...I бацька б, можа, шчэры не зрабіў такую ласку».
Тое, што юнак выходзіць з турмы ў дзень свайго хрышчэння, таксама гаворыць пра непрыманне Ф. Багушэвічам ідэі трагічнай наканаванасці жыцця селяніна. Яго герой можа супрацьстаяць лёсу, ён асоба актыўная і духоўна моцная. Пісьменнік верыў у здольнасць народа да адраджэння, разумеў, што жыццё да лепшага павінен змяніць сам народ.