Прадмова да "Смыка беларускага"

Аўтар Прадмовы, а ён назваўся Сымонам Рэўкам з-пад Барысава, згадвае «ксёнжачкі... якогась пана Марцінкевіча» (В. Дуніна-Марцінкевіча. — Т. Г.) і «перапісаныя вершыкі якогасьці Юркі (псеўданім Фелікса Тапчэўскага, аўтара твора «Панскае ігрышча». — Т. Г.). Напісаны яны нашай мовай, «але ўсе як бы смеючыся з нашага брата».

Ёсць шмат друкаваных песняў народа, толькі «песні ўсе тыя не надта... харошыя, і нота наша плакучая, аднастайная, і песняў васолых не шмат, ды і тых ужо рэдка пачуць». Аўтар асуджае імкненне сучаснікаў да матэрыяльных набыткаў, калі яны становяцца сэнсам жыцця («Надта за хлебам народ гоніцца, а хлеба дастане, дык і за крамнай вопраткай, і за люксаванымі ботамі гоніцца, і ўсё маркоціцца»).

У канцы Прадмовы аўтар выказвае спадзяванне, што загучыць беларускі паэтычны аркестр: «Граю трошкі на скрыпачцы, ну дык няхай і мая ксёнжацца завецца струмантам якім; вот я і назваў яе «Смык». Смык ёсць, а хтось скрыпку, можа, даробе (трэці зборнік Ф. Багушэвіча меў назву «Скрыпачка беларуская». — Т.Г.), а там была «Дудка» — вот і мы зробім музыку...»